паастава́цца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -тае́цца; -таёмся, -таяце́ся, -таю́цца; зак.

1. Астацца дзе-н. — пра ўсіх, многіх або быць пакінутым дзе-н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх.

Жнеі пааставаліся ў полі да вечара.

На градах яшчэ пааставалася многа агародніны.

2. Працягваць быць якім-н., кім-н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

Вокны пааставаліся адчыненымі.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае.

На падлозе пааставаліся сляды.

4. Апынуцца ў якім-н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

Пасля вайны жанчыны пааставаліся ўдовамі.

5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.

Старыя ісці не паспявалі і пааставаліся ззаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца, змяніцца якасна ад доўгага стаяння. Жыта перастаяла і асыпалася. Смятана перастаяла.

2. што. Перачакаць што‑н. стоячы. Перастаяць дождж пад страхой.

3. што. Захавацца ў якім‑н. становішчы нейкі час; праіснаваць даўжэй за што‑н. Вякі перастаіць сцяна, Усё стрывае цэгла. Бураўкін. Скрыпучае дрэва перастаіць здаровае. Прыказка. // Пастаяць больш чым трэба. Стаўшы каля машыны ў адзін рад — пагранічнік пасярэдзіне, Віктар з шафёрам па баках, дачакаліся шасці гадзін і на ўсялякі выпадак хвілін дзесяць перастаялі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дайсці́, дайду́, до́йдзеш, до́йдзе; дайшо́ў, дайшла́, -ло́; дайдзі́; зак.

1. да каго-чаго. Ідучы, накіроўваючыся, дасягнуць чаго-н., якога-н. месца, месцапрызначэння.

Д. да станцыі.

Тэлеграма дайшла ў той жа дзень.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць, данесціся (пра гукі, пахі і інш.).

Гук не дайшоў.

Дайшлі чуткі аб аварыі самалёта.

3. Захавацца, зберагчыся.

Да нас дайшлі старажытныя помнікі пісьменнасці.

4. да чаго. Дасягнуць якога-н. узроўню.

Тэмпература дайшла да 30°.

5. да каго-чаго. Пранікнуць у свядомасць, зразумець (разм.).

Сэнс заўвагі да яго не дайшоў.

Сваім розумам дайшоў да ісціны.

6. перан., да чаго. Дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго-н.

Д. да знямогі.

Д. да шаленства.

7. Стаць гатовым (пра ежу) (разм.).

Пірог дайшоў.

Памідоры дойдуць на сонцы.

8. да чаго. Дасягнуць пэўнага службовага становішча.

Д. да чына палкоўніка.

9. Памерці (разм.).

Доўга мучыўся небарака, пакуль не дайшоў.

|| незак. дахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пазастава́цца, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся, ‑стаюцца; зак.

1. Застацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Ліда тым часам сустракалася з такімі, як сама, маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, што пазаставаліся ў горадзе. Кавалёў. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.

2. Не перастаць быць якім‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дзверы пазаставаліся адчыненымі.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. Пазаставаліся сляды ўсюды.

4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазаставаліся дзеці сіротамі. □ Плата і штраф былі такія, што людзі .. пазаставаліся голыя. Чорны.

5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Коннікі пазаставаліся ззаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́цца, -тану́ся, -тане́шся, -тане́цца; -танёмся, -таняце́ся, -тану́цца; -та́нься; зак.

1. Прадоўжыць знаходжанне дзе-н.

З. дома.

З. на другі год у класе.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Захавацца, не знікнуць.

Засталося пачуццё крыўды.

3. Пакінуць, захаваць пэўны стан, погляды, становішча і пад.

З. пры сваёй думцы.

Якім быў, такім і застаўся.

4. Апынуцца ў якім-н. становішчы, стане і пад.

З. за гаспадара.

З. задаволеным.

За ім застаўся доўг.

З. ні з чым.

5. Аказацца ў наяўнасці пасля карыстання чым-н., смерці каго-н. і пад.

У вінтоўцы застаўся адзін патрон.

Пасля бацькі засталося двое дзяцей.

6. безас., каму з інф. Прыйдзецца, прыйшлося.

Мне засталося з усім згадзіцца.

7. кім, у кім. Прагуляўшы ў картачнай гульні, атрымаць якую-н. мянушку ў залежнасці ад назвы гульні (разм.).

З. дурнем.

З. ў дурнях (таксама перан.: аказацца ў недарэчным становішчы).

|| незак. застава́цца, -таю́ся, -тае́шся, -тае́цца; -таёмся, -таяце́ся, -таю́цца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

увайсці́, увайду́, уво́йдзеш, уво́йдзе; увайшо́ў, -шла́, -ло́; увайдзі́; зак.

1. Уступіць, пранікнуць унутр.

У. ў дом.

У. ў гісторыю (перан.: захавацца ў памяці чалавецтва).

2. Уключыцца ў склад, у члены чаго-н.

У. ў склад праўлення.

3. Змясціцца.

У бочку ўвайшло яшчэ адно вядро вады.

4. Асвоіцца з чым-н., унікнуць у што-н.

У. ў новую работу.

У. ў курс справы.

5. У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі азначае пачатак дзеяння, стану, названага назоўнікам.

У. ў моду (стаць звычайным, прывычным). У. ў прывычку (стаць прывычным). У. ў азарт (моцна захапіцца чым-н., адчуць запал да чаго-н.). У. ў давер (пачаць карыстацца даверам). У. ў сілу (падужэць, а таксама стаць законным, дзейным).

6. Прайсці які-н. шлях (разм.).

У. дзесяць кіламетраў.

|| незак. увахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1—5 знач.).

|| наз. увахо́д, -у, М -дзе, м. (да 1 знач.) і увахо́джанне, -я, н. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паастава́цца, ‑таецца; ‑таёмся, ‑таяцеся, ‑таюцца; зак.

1. Астацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Жнеі пааставаліся ў полі да вечара. // Быць пакінутым дзе‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Алік:] — Аляксей Васільевіч, а дубовыя кар[ані], што пааставаліся [у ямцы], не пашкодзяць яблыньцы? Пальчэўскі. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.

2. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Вокны пааставаліся адкрытымі.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. На падлозе пааставаліся сляды.

4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Жанчыны пааставаліся ўдовамі.

5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мая мама так спрытна пачала грабці, што мы адразу ззаду пааставаліся. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; заг. забудзься; зак.

1. Разм. Тое, што і забыць (у 1 знач.). Забыўся прозвішча таварыша. □ Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Пацешыўшыся з генерала, Ігнась ужо забыўся пра гэта здарэнне. Мурашка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык.

2. што. Разм. Тое, што і забыць (у 2 знач.). Забыцца дома кнігу.

3. Не ўтрымацца, не захавацца ў памяці. Многае пасля інстытута забылася, і цяпер працаваць у школе Наташы было нялёгка. Васілевіч. Ніколі не забудзецца маленькі чэх Урбанэк з кветкамі, які прыйшоў разам з маткаю пакланіцца загінуўшым. Мележ.

4. Адысці ў думках ад рэчаіснасці; перастаць думаць пра тое, што хвалюе. Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Быкаў.

•••

Забыцца сном (у сне) — заснуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.

1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.

2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.

3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.

4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.

5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)