укляпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замацавацца шляхам кляпання.

2. перан. Разм. Ублытаўшыся ў якуго‑н. справу, трапіць у непрыемнае, няёмкае становішча. [Кажамяка:] От укляпаўся! І калі ўжо скончацца мае пакуты. Гурскі. // Абазнацца. [Собаль:] — Прывітанне, таварыш студэнт! А я гляджу ды баюся ўкляпацца: знаёмы ці не?.. Брыль.

3. Разм. Закахацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыві́ць, прывіва́ць ’прымусіць, засвоіць, надаць (якую-небудзь уласцівасць, звычку і пад.)’, прыві́ццазамацавацца, укараніцца, стаць звычайным’ (ТСБМ), прыві́цца ’прыкруціцца (калі ўюць вяроўку, то ў вяроўку можа ўкруціцца, увіцца што-небудзь пабочнае)’, ’назойліва прычапіцца (напр., пра пчалу)’ (Янк. 3.), прывіва́цца ’часова жыць’ (Юрч.). Да віць2 (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі са сферы ткацкай лексікі: прывытні́к ’верацяно, на якое змотваецца пража з некалькіх — звычайна з 2–3, радзей з большай колькасці верацён для прасушкі’, прыві́вак ’верацяно, з якога звіваюць пражу на другое для прасушвання’ (Уладз.), прыві́ванка ’дзве ручайкі пражы на адным верацяне’ (ТС); а таксама прыво́й ’(часовае) месцазнаходжанне’ (Мат. Маг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыкле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.

Прымацавацца да чаго‑н. з дапамогай клею або чаго‑н. клейкага. Папера добра прыклеілася. // Прыліпнуць, прыстаць да чаго‑н. З-пад вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых [валасоў] і прыклеілася да ўспацелага лба. Навуменка. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Вось і прыклеілася да .. [Максіма] мянушка «Маўчун». Капусцін. Я і сам ведаў, што сёння вяселле Лаўрэнавага Жэнькі, хлопца, да якога з маленства яшчэ прыклеілася мянушка «Цыца». Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Замацавацца, сцягнуцца вузлом, бантам і пад. Гальштук добра завязаўся. // Абгарнуцца, накрыцца чым‑н., завязаўшы канцы вузлом. Марыя Кудзіна завязалася хусткай па самыя вочы. Васілевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Устанавіцца, распачацца (пра якія‑н. узаемаадносіны, узаемныя дзеянні). Завязалася гутарка. Завязалася сяброўства.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца, узнікнуць (звычайна пра плод). Пры клопатах такіх расліна забуяла між другіх, На ёй агурок цудоўны завязаўся. Корбан. На яблынях пышных у маі Завязаліся з кветак плады. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́сці, асяду́, ася́дзеш, ася́дзе; ася́дзь; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апусціцца, паглыбіцца ў зямлю, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся.

Сцены дома аселі.

Снег за ноч асеў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго-н. слоем.

Муць асела на дно.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перастаць лётаць, сесці на што-н. (пра пчол, птушак і пад.).

Рой пчол асеў.

4. Пасяліцца на пастаяннае жыхарства.

Сям’я асела ў вёсцы.

5. перан. Затрымацца, замацавацца.

Радкі верша аселі ў памяці.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць сілу, паслабець.

Голас неяк асеў, прагучаў ціха.

7. перан. Пасля ўзбуджэння аціхнуць, спыніць актыўную дзейнасць.

Чалавек змоўк, неяк асеў.

|| незак. асяда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. асяда́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.

2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.

3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».

4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.

2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. умёрз, умерзла; зак.

1. у што. Пад уздзеяннем марозу шчыльна замацавацца ўнутры лёду, мёрзлай зямлі. Змяніўся клімат, і ляднік пачаў раставаць. Камяні, што .. умерзлі ў яго цела, аселі на зямлі і ўтварылі .. узгоркі і грады. Гавеман. Там-сям у жолабе былі прыкметы кавалачкі асінавай кары. Адны ўмерзлі ў лёд, другія ляжалі на паверхні. Мяжэвіч.

2. без дап. Зацвярдзець ад марозу на значную глыбіню. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч. Нават узімку, як умерзне балота, не едуць навакольныя мужчыны высечы дроў. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укарані́цца, ‑ранюся, ‑рэнішся, ‑роніцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пусціць глыбока карэнне, добра ўрасці ў зямлю. Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Трывала замацавацца, атрымаць шырокае распаўсюджанне, увайсці ў звычай, звычку. У калгасе ўкараніўся строгі парадак ва ўсім. Дуброўскі. Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Навуменка. Яго звычка, што ўкаранілася яшчэ ў тыя часы, калі ён [Сцяпан Фёдаравіч] камандаваў ротай ці батальёнам, — быць у самым пекле бою. Мележ.

3. Асталявацца дзе‑н., умацаваць сваё становішча. [Генадзь] уладзіў .. [Вікторыю] працаваць на тэлебачанне і чакаў, калі яна там укарэніцца, каб звязаць з ёй сваё жыццё. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)