скрэ́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм.
1. Пакрыць рознымі штрыхамі, неакуратна, невыразна спісаць, счыркаць. Вунь колькі ўжо старонак у сшытку скрэмзаў, а канца не відно! Шыловіч.
2. Закрэсліць у многіх месцах, зрабіць многа паправак, дапісванняў. На яго думку, артыкул быў напісаны востра, дасціпна, але калі я ўзяўся чытаць, дык рука мая мімаволі скрэмзала кожны сказ. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Правесці ад краю і да краю чаго‑н. рысу, лінію або дзве перакрыжаваныя рысы, лініі. Над лесам маланка перакрэсліла неба, і данесліся першыя раскаты грому. Гроднеў. [Страла] наўскасяк перакрэсліла неба і схавалася амаль у самым зеніце. Гамолка. // Перасячы што‑н. у розных напрамках (пра маршчыны, шрамы і пад.). Глыбокія зморшчкі перакрэслілі твар, вочы выцвілі. Чарнышэвіч.
2. Закрэсліць поўнасцю, цалкам (пра напісанае, намаляванае і пад.). Перакрэсліць стары план і скласці новы. □ Перакрэсліў Уладзімір.. свой нарыс пра каханне і пад посвіст бомб напісаў рэпартаж аб навуцы нянавісці. «Звязда». // Закрэсліць што‑н. у многіх месцах; скрэсліць. // перан. Перастаць браць што‑н. пад увагу, надаваць чаму‑н. значэнне; адкінуць, звесці на нішто. Не верылася Ізе, што паміж імі ўсё скончана. «Ці ж можна так, адным махам, перакрэсліць былое? Забыцца на ўсё светлае, перажытае разам?» Пальчэўскі. [Салагуб:] — Я веру, Максім, што з табой здарылася прыкрая рэч, што арышт перакрэсліў твае спадзяванні і мары. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.
2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.
3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.
2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.
3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.
4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)