По́прадкі, по́прады ’вячоркі’, ’збор дзяўчат у адну хату прасці’, ’час дзявочых пасядзелак за калаўротам і прадзеннем’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Уладз., Шат.; ст.-дар., віл., Сл. ПЗБ; карм., нараўл., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; ТС; Бяльк.). Сюды ж таксама по́прадка ’дзяўчына, што прыйшла да сваёй кумпанкі з кудзеляй, каб разам прасці’ (Варл.). Вытворнае ад прасці паводле агульнаславянскай мадэлі, параўн. рус. посиделки, польск. pogawędki ’размовы’, славац. posiedka ’тс’ і пад. Гл. таксама папраду́ха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Хвалявацца, непакоіцца, губляцца. Калі .. [Кастусь] называў яе не «Волька», а «Волечка», яна чырванела і бянтэжылася. Чорны. Жора не бянтэжыўся ў гэтым шумлівым акружэнні, — аглядваючы дзяўчат чорнымі цікаўнымі вачамі, малы адказваў спакойна. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Час ад часу, злёгку тупаць. Патупваць ад марозу.

2. Хадзіць, тупаць туды-сюды, пахаджаць. Сярод дзяўчат і хлопцаў рупліва патупваў стары Васіль Тумаш, з блішчастай сякерай за поясам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, якога‑н. дзеяння; прымаўка. Некалькі жанчын і дзяўчат, са смехам і прыгаворкамі памагаючы адна адной, узлазілі на прычэп. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сп’яна́, прысл.

Разм. Будучы п’яным, нецвярозым. Сп’яна ахрысцілі ку мы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам. Танк. [Алёша:] — Ты брат ёй [Любе], ці можа родзіч, Ці можа жаніх зусім. Што гэткую дрэнь гародзіш Сп’яна пра дзяўчат сваіх? Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канфірма́цыя, ‑і, ж.

1. Зацвярджэнне пастановы, судовага прыгавору вышэйшай уладай у буржуазных краінах. // Уст. Прыгавор, зацверджаны вышэйшай уладай.

2. У католікаў — абрад мірапамазання, які далучае дзяцей да царквы; у пратэстантаў — абрад прыняцця ў члены царквы юнакоў і дзяўчат.

[Ад лац. confirmatio — зацвярджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навыраста́ць, ‑ае; зак.

1. Вырасці, стаць дарослым (пра вялікую колькасць моладзі). Тры гады не быў.. [Андрыян] у Клёнавічах і от прыйшоў на вечарынку. Здзівіўся: столькі дзяўчат навырастала! Марціновіч.

2. У знікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. Навырастала дрэў. Навырастала пасёлкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́глы, ‑ая, ‑ае.

З больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам скуры людзей белай расы). Смуглы твар. Смуглыя рукі. Смуглае цела. □ Шчокі смуглыя дзяўчат красуюць без чадры. Броўка. // Са скурай такой афарбоўкі. [Сашка] і быў выліты бацька: чорнагаловы, смуглы, з поўнымі губамі. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́таць, -аю, -аеш, -ае; незак., каго-што.

1. каму. Прапаноўваць каго-н. у мужы ці ў жонкі.

Сваталі яму многа дзяўчат.

2. Прасіць згоды на шлюб з кім-н. (у жанчыны або ў яе радні).

С. дачку суседа.

3. перан. Настойліва прапаноўваць што-н. (заняць якую-н. пасаду, выступіць у каго-н. або выкарыстаць што-н., назначыць у якасці каго-н. і пад.; разм.).

С. у кіраўнікі.

|| зак. пасва́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны, сасва́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны, вы́сватаць, -аю, -аеш, -ае; -аны і усва́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны.

|| наз. сва́танне, -я, н. і сватаўство́, -а́, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адмежава́цца, ‑мяжуюся, ‑мяжуешся, ‑мяжуецца; зак.

1. Аддзяліць мяжой свае ўладанні ад чужых.

2. Заняць адасобленае ад каго‑, чаго‑н. становішча; аддзяліцца. [Грушэўскі] паспрабаваў яшчэ раз-другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк. // перан. Выказаць сваю нязгоду, поўнае разыходжанне з кім‑, чым‑н. Адмежавацца ад памылковых поглядаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)