фразеало́гія, ‑і, ж.

1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічны састаў мовы.

2. Сукупнасць устойлівых зваротаў і выразаў, уласцівых якой‑н. мове. Фразеалогія беларускай мовы. // Устойлівыя звароты ў мове асобнага твора, пісьменніка, грамадскай групоўкі, пэўнага перыяду. У асобных выпадках перакладчык захаваў фразеалогію арыгінала. Палітыка. Мова сялян старэйшага пакалення.. характарызуецца народнай вобразнасцю, бытавым каларытам, сялянскай лексікай і фразеалогіяй. Дзюбайла.

3. Прыгожыя, напышлівыя выразы, фразы; фразёрства. Пустая фразеалогія.

[Ад грэч. phrásis — выраз і lógos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грань, ‑і, ж.

1. Лінія падзелу; граніца, мяжа. Былі гады змагання На грані дзвюх эпох. Кастрычніцкіх паўстанняў Ніхто не перамог. Колас. // перан. Тое, што адрознівае адно ад другога. У Лынькова часта нельга правесці грані паміж.. аўтарскай унутранай псіхалагічнай характарыстыкай і ўнутраным маналогам самога героя. Дзюбайла.

2. Плоская паверхня прадмета, якая ўтварае вугал з другой такой жа паверхняй. Грані куба. Грані паралелепіпеда.

3. Кант, утвораны дзвюма плоскасцямі, якія перасякаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўсю́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Ахапіць сабой большы круг з’яў, асоб або прадметаў, большую тэрыторыю; пашырыцца. Пасевы бавоўны распаўсюдзіліся ў Савецкім Саюзе параўнальна нядаўна. Стаханаўскі рух распаўсюдзіўся і ў сельскай гаспадарцы. // Стаць вядомым многім. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла. Такія паэтычныя творы бываюць асуджаны па тое, што яны астаюцца каштоўнасцю адной краіны, аднаго народа, калі ў іх наогул ёсць сіла распаўсюдзіцца ў дадзенай краіне. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панара́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да панарамы. Панарамны від. Панарамны фон. □ Увага пісьменніка была сканцэнтравана на панарамным паказе ваенных дзеянняў. Дзюбайла. Мастак [М. Гусоўскі] склаў з дзесяткаў бачаных ім здарэнняў панарамную карціну: тут і ловы шляхецка-княжацкія, і мужыцкія, і каралеўскія. У. Калеснік.

2. Спец. Які мае абсталяванне для шырокага ахопу гарызонта пры назіраннях; абсталяваны панарамай (у 4 знач.). Панарамны прыцэл.

•••

Панарамная здымка гл. здымка.

Панарамны кінатэатр гл. кінатэатр.

Панарамны фільм гл. фільм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які бесперапынна наступае, ідзе адзін за адным. Дынаміка падзей раскрываецца не ў плане іх паслядоўнага паказу, а праз адлюстраванне асобных момантаў, эпізодаў. Дзюбайла.

2. Які заканамерна вынікае з чаго‑н., не заключае ў сабе супярэчнасцей; лагічна абгрунтаваны. Паслядоўныя разважанні, вывады. // Які няўхільна прытрымліваецца пэўных прынцыпаў, поглядаў, кіруецца імі. Паслядоўнае правядзенне ў жыццё ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ У поглядах на ўзаемаадносіны чалавечай асобы і грамадства паэт астаецца паслядоўным дэмакратам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.

2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агляну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Паглядзець, павярнуўшы галаву назад; азірнуцца. Вольга Віктараўна ідзе борзда, ні разу назад не аглянулася. Лабановіч стаіць, пазірае ёй услед. Колас. // перан. Кінуць погляд на мінулае, каб даць яму новую ацэнку. Вялікі Кастрычнік даў магчымасць беларускім пісьменнікам аглянуцца з вышыні заваёў сацыялістычнай рэвалюцыі на мінулае свайго народа. Дзюбайла.

2. Паглядзець вакол сябе. Лясніцкі памаўчаў, аглянуўся навокал і панізіў голас. Шамякін.

3. Апамятацца, заўважыць, прыкмеціць. І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Колас.

•••

Не паспець аглянуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маста́к, ‑а, м.

1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.

2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.

3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лымя, ‑я, н.

1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.

2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.

•••

З агню ды ў полымя гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спляце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. сплятаць — сплесці і сплятацца — сплесціся.

2. Тое, што сплецена; цэлае, часткі якога сплецены, пераплецены адно з адным. Сонечныя, быццам дымныя [прамяні] прабівалі спляценні галля на дрэвах. Савіцкі. [Пялёсткі] падалі з дрэва на сівую галаву Тапурыя, ляжалі на тонкім спляценні сецяў. Самуйлёнак. Перад будынкам пад спляценнем правадоў чарнелі .. трансфарматары. Карпюк. // перан. Злучэнне, спалучэнне чаго‑н. Даніла быў ахвочы Волю словам даць сваім І даць нават тлумачэнне З свайго погляду-знацця Неразгаданым спляценням, З’явам цёмнага жыцця. Колас. У рамках асноўных сюжэтных ліній .. выяўляецца спляценне асабістага лёсу галодных герояў з гістарычным працэсам. Дзюбайла.

•••

Сонечнае спляценне — спляценне сімпатычных нерваў, размешчанае ў брушной поласці на паверхні брушной аорты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)