няпо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Запоўнены чым‑н. не да краёў, не да верху. Пачак быў ужо распячатаны і няпоўны. Чарнышэвіч. Здаравенны фельдфебель, мардаты, вусаты,.. з няпоўным кухлем у руцэ, узбіўся з ботамі на стол, пайшоў па ім... Брыль.

2. Які праяўляецца не ў поўнай меры. Так без шуму, без адзінага выстралу захапілі [партызаны] вялікую колькасць палонных, батарэю, некалькі кулямётаў.. Але радасць гэтай выключнай перамогі была няпоўнай. Лынькоў. Мне здаецца і шчасце маё будзе няпоўным, калі я пакіну школу. Шамякін.

3. Які не дасягнуў пэўнай нормы, мяжы, неабходных памераў. Па небе павольна плыў няпоўны месяц. Шамякін. // Які не мае поўнага камплекту, саставу; не ўвесь. Няпоўная калекцыя. □ Брыгада няпоўная — пяць хлопцаў. Адам незадаволены. Нядзведскі. // Які не з’яўляецца вычарпальным. Няпоўная інфармацыя. Няпоўнае азнаямленне. □ — Па няпоўных дадзеных.. [з Арэхаўкі] пайшло ўжо ў лясы сем чалавек. Шамякін. // Не закончаны, не завершаны да канца. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. Творчы партрэт Бірылы будзе няпоўным, калі мы не скажам аб працы яго ў класічным рэпертуары. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр. ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус. дыял. ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск. baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti*o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск. baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур. bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац. páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačiti прасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малако, молоко́, мылако ’белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей’, ’семявая вадкасць рыб’, ’семявыя залозы рыб’, ’белаваты сок некаторых раслін (напр., канапель)’, ’вадкасць з некаторых пладоў’ (ТСБМ, Бес., Крыв., Вешт., Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), карм. ’корм для пчол’ (Мат. Гом.), глыб., слаўг. малачко, мылачко ’падкормка для лічынак пчол’ (З нар. сл.). Укр. молоко́, рус. молоко́, моло́ки, польск. mleko, каш. mlóu̯ko, н.- і в.-луж. mloko, чэш. mléko, славац. mlieko, славен. mlẹ́ko, серб.-харв. мле́ко, mlijȅko, макед. млеко, балг. мляко, ст.-слав. млѣко. Прасл. melko і molko (паводле ўсх.-слав. дадзеных). Лексічнае пранікненне прагерм. meluk‑, якое да і.-е. *melg̑‑ (гоцк. miluks) у прасл. мову (Міклашыч, 187; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Хірт, РВВ, 23, 341; Лёвэ, KZ, 39, 316; Сэмерэньі, KZ, 75, 180; Мартынаў, Лекс. взаим., 73–74), супраць чаго Брукнер (KZ, 45, 104), Эндзелін (KZ, 44, 66), Бернекер (2, 33) і інш., супастаўляючы прасл. melko з літ. mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’ (і.-е. *melk‑ ’мокры, вільготны’), і ў якасці семантычнай паралелі прыводзяць літ. píenas, ст.-інд. páyas ’сок, вада’, слав. piti ’піць’. Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што «чыста» слав. форма melzivo атрымала герм. воблік шляхам перакрыжаванай ізаглосы. Аб магчымым запазычанні прасл. melko з прагерм. meluk‑ гл. Трубачоў, Дополн., 2, 646. Гл. яшчэ Скок, 2, 442–443; Бязлай, 2, 188–189. Сюды ж молоко́ вужо́вэ, бу́слово молоко ’малачай кіпарысавы, Euphorbia cyparissias L.’ (Бейл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

обстоя́тельство ср.

1. (явление, сопровождающее что-л.) акалі́чнасць, -ці ж.;

обстоя́тельства де́ла акалі́чнасці спра́вы;

привходя́щее обстоя́тельство пабо́чная акалі́чнасць;

стече́ние обстоя́тельств збег акалі́чнасцей;

2. (совокупность условий) умо́вы, род. умо́ў; (положение) абста́віны, -він;

при да́нных обстоя́тельствах пры да́дзеныхэ́тых) абста́вінах (умо́вах);

по семе́йным обстоя́тельствам па сяме́йных абста́вінах;

смотря́ по обстоя́тельствам у зале́жнасці ад абста́він;

3. грам. акалі́чнасць, -ці ж.;

обстоя́тельство вре́мени акалі́чнасць ча́су;

обстоя́тельство ме́ста акалі́чнасць ме́сца;

обстоя́тельство причи́ны акалі́чнасць прычы́ны;

обстоя́тельство це́ли акалі́чнасць мэ́ты;

обстоя́тельство о́браза де́йствия акалі́чнасць спо́сабу дзе́яння.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)