сказ, ‑а, м.

1. Граматычна і інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў або асобнае слова, якое выражае закончаную думку. Просты сказ. Складаны сказ. □ Пасля кожнага сказа вырываліся з.. грудзей [Антося] глыбокія, працяглыя ўздыхі. Кулакоўскі. Гаворыць Сяргей абрывіста, кароткімі сказамі. Жычка. Валодзька ўспомніў першы сказ сачынення, успомніў — і слёзы набеглі на вочы. Гамолка.

2. Народны твор аб сапраўдных падзеях мінулага або сучаснасць. Сказ пра Чапаева. □ Маладая мая, яснатварая Случчына, гэты сказ пра цябе. Дудар. І сказ аб братняй долі шчаснай Цішком хадзіў ад хат да хат. Панчанка. / у паэт. ужыв. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. // Літаратурны твор, у якім апавяданне вядзецца ад асобы апавядальніка.

3. Паданне пра якую‑н. падзею, асобу. Як крук, здавён кружыўся сказ пануры, Што нельга закранаць труны Цімура. Лойка. Сказ вякі захавалі пра вялікі той цуд. Машара.

4. Разм. Расказ, апавяданне пра што‑н. І вядзе Рыгор свой сказ, Нібы песню, складка: — Мне зямлі далі ў той час Кавалачак ладны. Бялевіч. А прыслухайся толькі да сказаў людзей, І пабачыш, якім будзе горад прыгожым. Танк. // Размова, слова, якія выражаюць чыю‑н. катэгарычную думку, рашэнне адносна чаго‑н. А ў яе [цешчы] кароткі сказ: «Ты, лайдак, завёз не ў час Угнаенне ў калгас!» Корбан.

•••

Аднародныя члены сказа гл. член.

Аднасастаўны сказ — сказ, які мае ў сваім саставе толькі адзін галоўны член.

Безасабовы сказ — сказ, у якім адсутнічае дзейнік і ён не падразумяваецца.

Бессуб’ектны сказ — тое, што і безасабовы сказ.

Галоўны сказ — частка складаназалежнага сказа, якая прадвызначае сувязь, што рэалізуецца даданым сказам.

Галоўны член сказа гл. член.

Даданы сказ — частка складаназалежнага сказа, сінтаксічна падпарадкаваная галоўнаму сказу і звязаная з ім пры дапамозе злучніка ці злучальнага слова.

Назыўны сказ — аднасастаўны сказ, у якім галоўны член выражаны формай назоўнага склону назоўніка.

Намінатыўны сказ — тое, што і назыўны сказ.

Неразвіты сказ — сказ, у саставе якога няма даданых членаў.

Развіты сказ — сказ, які мае ў сваім саставе, акрамя галоўных, даданыя члены сказа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калі́ 1, прысл.

1. пытальнае. У які час?, якую пару? Калі можна зайсці да вас? Калі ж ты прыехаў? // У рытарычных пытаннях і клічных зваротах. — І калі ты ўжо сур’ёзным чалавекам станеш? Лынькоў.

2. часавае. У які час. — Калі адбудзецца сход? — Невядома калі.

3. часавае. У будучым, няскора. Калі гэта яшчэ ён прыедзе! □ — Нам жа ў тэатр хутка. — О, калі той тэатр, паспееце. Кучар.

4. азначальнае. Ужываецца як абстрактнае абазначэнне часу (звычайна ў спалучэнні з часціцай «вось»). Вось калі табе трэба было зайсці.

5. неазначальнае. Калі-небудзь. Ці ж бачылі вы калі гэта?

6. неазначальнае. Часам, час ад часу. Заходзь калі да нас. // Пры проціпастаўленні двух сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага з іх (калі... калі...) абазначае: парой, часам. Калі сыты, калі галодны.

7. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы назоўніку галоўнага сказа, які абазначае пэўны прамежак часу. Ужо надвечар таго дня, калі дзед Талаш спаткаўся з Мартынам Рылем каля тоўстага дуба, людзі з вёскі Вепры заўважылі адзнакі нейкай нядобрай праявы. Колас. Быў аднак час, калі Тодар хадзіў, спусціўшы свой задзірысты нос. Крапіва; б) падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ выказніку галоўнага сказа. [Караневіч (Наталлі):] Я не ведаю, калі буду вольны. Крапіва; в) злучае даданыя дзейнікавыя сказы з выказнікам галоўнага сказа. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з завода ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Гартны.

•••

Ёсць калі! (фам.) — няма часу, некалі.

Калі яшчэ — пра даўно мінулае або няпэўнае будучае. Калі яшчэ тое было. Калі яшчэ тое будзе.

Няма калі — няма часу, некалі (рабіць што‑н., займацца чым‑н. і пад.).

Рэдка калі — вельмі рэдка.

калі́ 2, злучн.

1. Ужываецца ў пачатку даданага сказа часу (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «тады», «то» і інш.) і выражае: а) частковае або поўнае супадзенне ў часе дзеяння галоўнага і даданага сказаў; абазначае: у той час як. Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. Мартыну рабілася не па сабе, калі ён слухаў гэтыя словы і цвёрды голас старога Талаша. Колас; б) паслядоўнасць дзеяння; абазначае: пасля таго як. Упусціла паводдзе старое, Калі вір маладога нахлынуў. Трус. Калі Якуб падаў Вольцы руку, яна трохі засмучана яму ўсміхнулася. Крапіва; в) паўтаральнасць дзеяння (часта са словамі «заўсёды», «кожны раз» і інш.). Бацькі заўсёды былі вельмі рады, калі Ксаня з мужам і дзіцем прыязджалі часам летам да іх у госці. Лынькоў. Бывала, калі .. Цімошка гнаў каровак на пашу, то Кустрэй.. кожны раз што-небудзь скажа яму. Колас.

2. Ужываецца ў пачатку даданага сказа рэальнай умовы (часта пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «то», «дык», «тады» і інш.); абазначае: пры ўмове, калі...; у (тым) выпадку, калі... Калі паэт Сваёй эпохай дыша, — Паэзію яго Усхваляць пакаленні. Чарот. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. // (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў даданым сказе ўмовы, які выражае пажаданую, уяўную або процілеглую рэальнасці ўмову. Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Колас. // Ужываецца ў пабочных і ўстаўных сказах з адценнем умоўнасці, уяўнасці. Калі праўду казаць, я не любіў хадзіць у Багульнікі, хоць там бабулька Ганна мяне частавала варэннем. Сабаленка. Ад Астапавай леснічоўкі да бальніцы, Калі ісці наўпрост праз лес, было кіламетраў дзевяць альбо дзесяць. Лынькоў.

3. Ужываецца ў пачатку сказа, у якім ёсць супастаўленне або проціпастаўленне з другім сказам. Калі пан Крулеўскі вёў рэй галоўнага свата польскасці, то роля Васіля Бусыгі зводзілася да ролі панскага падбрэхіча. Колас.

4. (звычайна ў спалучэнні са злучнікамі «і», «а»). У пачатку даданага сказа з аслабленай умоўнасцю ўжываецца для выражэння катэгарычнага сцверджання, каб падкрэсліць што‑н., звярнуць увагу на што‑н. Яму нічога больш было не трэба, І калі б ён цяпер што і хацеў, Дык гэта — лусту матчынага хлеба. З. Астапенка.

5. (у спалучэнні з часціцамі «і», «ж», «нават»). Ужываецца ў значэнні ўступальнага злучніка ў даданым уступальным сказе. Зусім змяніўся стары бондар Сымон... Калі і раней ён быў не з гаваркіх, дык цяпер учуць ад яго якое-небудзь слова было ў вялікую навіну. Лынькоў. Калі ж і цяпер ён, Сцёпка Мякін, шаптаў супраць калгасаў, дык рабіў гэта значна асцеражней. Брыль.

6. Ужываецца ў пачатку даданага сказа, што выражае прычыну, якой абумоўлена дзеянне галоўнага сказа. Трэба было ісці ў такую [вячэрнюю] школу, калі лепшай не было. Чорны. // Ужываецца ў пачатку даданага сказа, які паказвае на прычыну, што з’яўляецца асновай сцверджання, выражанага ў галоўным сказе (пры наяўнасці проціпастаўлення паміж прадметамі, асобамі, аб якіх гаворыцца ў абодвух сказах). Калі ўжо ты змог гэта зрабіць, то і я змагу.

7. Падпарадкоўвае даданы дапаўняльны сказ галоўнаму. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.

8. у знач. часціцы (у спалучэнні з часціцай «б»). Ужываецца ў пачатку клічнагасказа для выражання моцнага жадання. Ах, калі б гэта збылося!

•••

Калі (б) ні — кожны раз як. Калі ні прыйдзеш, ён чытае.

Калі ласка гл. ласка.

Калі на тое пайшло (у знач. пабочн.) — калі так трэба, раз справа датычыцца... Калі на тое пайшло, дык ён можа паказаць Васільку такое, што таму і не снілася. Лынькоў.

Калі хочаш (хочаце) (у знач. пабочн.) — магчыма, можа здарыцца. Лявон дома .. застаўся, чытаў кнігу. «Не, нешта не лезе ў галаву чытанне: Чортава дзеўка, зачаруе, калі хочаш, мяне. Х-ха-ха!» Галавач.

Калі што якое гл. што.

Ні калі было ні калі будзе — тое, што мае адбыцца, было або вельмі даўно або будзе яшчэ вельмі няскора.

Што, калі?.. — а раптам (пра надыход чаго‑н. небяспечнага, непажаданага). А што, калі пра гэта даведаюцца?

Што, калі б?... — зварот у значэнні нерашучай просьбы, асцярожнага запытання. — А што, калі б і нам падацца ў лес замест бежанства? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хоць, злучн. і часціца.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Скуратовіч дачытаў ліст да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку. Чорны. Хоць лютуе люта люты — Неба ясніцца вакол. Янішчыц. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў «а», «але», «ды», «аднак», «затое», «усё ж», «тым не менш (меней)» у галоўным сказе. Хоць быў ужо канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Хоць войт і меў прыяцеляў у асобах Бруя і Біркі і начальніцкае падтрыманне з боку пана Крулеўскага, тым не меней ён часамі адчуваў сваю адзіноту і адарванасць ад грамады. Колас. // Далучае ўступальныя звароты. [Уладзік] зняў з ног добрыя яшчэ, хоць з латкамі на насках, боты і на вачах у мамы і Волькі паадбіваў матыкай абцасы, падэшвы і шпурнуў іх пад мяжу. Пальчэўскі. // Ужываецца ў простых сказах з аднароднымі членамі перад словам або групай слоў з уступальным значэннем. Конік яго [Янкаў] хоць і невялікі, але рухавы і на яду непераборлівы. Крапіва. Хоць рэдка, ды метка. Прыказка.

2. злучн. уступальны (звычайна ў спалучэнні з заг. ладам або інф.). Ужываецца ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго‑н., магчымасць якога‑н. выніку. Усім такіх высокіх заробкаў не дадуць, хоць са скуры вылазь. Мыслівец. Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі.. сакваяжы. Караткевіч. [Скуратовіч:] — Бацька.. [пастушка] рад — хоць крыху малы зарабіць. Чорны. // Далучае самастойныя сказы пры ўступальным супастаўленні. [Пятро:] — Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. Шамякін.

3. злучн. уступальны. Ужываецца пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем. Хоць з ім, хоць без яго. Хоць так, хоць гэтак — ім усё роўна.

4. злучн. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым». Ведае, хоць не прызнаецца. □ — У Чаромушкі, — сказаў Андрэй шафёру. — Хоць не, спачатку паедзем на Беларускі вакзал. Васілёнак.

5. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Ужываецца ў значэнні: самае меншае, ва ўсякім выпадку. Я хачу хоць прыблізна знайсці тую мясціну і стараюся ва ўяўленні аднавіць вуліцу. Скрыган.

6. часціца ўзмацняльна-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «бы»). Ужываецца ў значэнні: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі. Хоць бы глянуць адзін момант На яго [сына], здаецца! Горка беднай, цяжка матцы, Сэрца яе рвецца. Колас. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў.

7. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў значэнні: нават, няхай нават. А разведчыкі ўсё пыталіся [у Сцяпана]: «Ну, калі ты прыдзеш са сваім войскам? Многія ўжо гатовы хоць зараз ісці на паноў...» Пестрак. [Стары:] — Я дажыву сваё і там, хоць у чужых людзей. Кулакоўскі.

8. часціца вылучальная. Ужываецца ў значэнні: напрыклад. — А як жа цябе хоць зваць? — пытаецца Янка. Якімовіч.

9. часціца ўзмацняльная (у спалучэнні з неазначальнымі займ. і прысл.). Ужываецца ў азначальным значэнні: любы, усякі, у любое месца, у любы час. Я цябе хоць дзе знайду.

•••

Мокры, хоць выкруці гл. мокры.

Хоць адбаўляй гл. адбаўляць.

Хоць бы і так гл. так.

Хоць бы (сабе) — тое, што і хоць (у 8 знач.). [Вера:] Ідзіце лепш пачытайце, што тут пра вас пішуць. Ды вось, хоць бы гэты абзац прачытайце. Крапіва. [Антось:] — Возьмем хоць сабе і майго [сына] — зусім ад рук адбіўся. Машара.

Хоць бы што гл. што ​1.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.

(Цёмна) хоць вока выкалі гл. выкапаць.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць воўкам вый (завый) гл. выць.

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.

Хоць гвалт (каравул) крычы гл. крычаць.

Хоць граблямі (лапатай) заграбай гл. заграбаць.

Хоць забі гл. забіць.

Хоць заваліся гл. заваліцца.

Хоць закачайся гл. закачацца ​2.

Хоць заліся гл. заліцца ​1.

Хоць залюбуйся гл. залюбавацца.

Хоць зарэж(це) гл. зарэзаць.

Хоць з ветрам пусці гл. пусціць.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Хоць касой касі гл. касіць ​1.

Хоць кол на галаве чашы гл. часаць ​2.

Хоць кроў з носа гл. кроў.

Хоць круць-верць, хоць верць-круць гл. круць-верць.

Хоць куды гл. куды.

Хоць мак сёй гл. сеяць.

Хоць памры гл. памерці.

Хоць пуп развяжа гл. развязаць.

Хоць разарвіся гл. разарвецца.

Хоць расперажыся гл. расперазацца.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Хоць рэпу сёй гл. сеяць.

Хоць тапор вешай гл. вешаць.

Хоць (ты) вушы затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) да раны (у вуха) кладзі гл. класці.

Хоць (ты) кінь гл. кінуць.

Хоць (ты) махалам махай гл. махаць.

Хоць (ты) нос затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) у вочы плюнь гл. плюнуць.

Хоць у вір галавою гл. вір.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі гл. класці.

Хоць у жмуркі гуляй гл. гуляць.

Хоць у лоб страляй гл. страляць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́лькі, часціца, прыслоўе, злучнік.

1. часціца вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго. Служыў салдат .. дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дамоў. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай. Якімовіч. Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай, Ірэнцы ўсяго два .. Калі памерла іх маці, Ірэнцы быў толькі годзік. Лось. Ты [Дзед Мароз] скажы нам толькі слова, Мы з табой на ўсё гатовы. А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцамі: «усяго», «адно». Алесь пазнаёміўся з .. [Макарам Сяргеевічам], калі браўся на партыйны ўлік. Тады перакінуліся ўсяго толькі некалькімі словамі. Шыцік.

2. часціца абмежавальная. Не раней чым. Дадому Аня дабралася толькі пад вечар. Мележ. Спраўляючы свой карагод, Зямля вакол Сонца імчыцца І жджэ, але толькі праз год Яна прычакае гасцінца. Крапіва.

3. часціца абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага. На плечы .. [стрэльбу] і — праз Дуброўку .. у Лаўскі лес ідзём, будзе там аблава на ваўкоў .. У той час я хацеў быць толькі паляўнічым. Бялевіч. Са сваімі мы трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. [Якаўлеў:] — Пераправу без рызыкі можна зрабіць толькі ў такую [навальнічную] ноч. Анісаў. / У спалучэнні з часціцамі: «хіба», «адно». [Дзямід:] — Небяспечны для .. [дзікоў] хіба толькі воўк ды рысь. В. Вольскі. Адно толькі віхор над ілбом, колькі я яго ні прыгладжваю, усё роўна круціцца на свой манер, нібы па ім от толькі што пахадзіў вецер і раскідаў валасы на ўсе бакі. Сабаленка. // (у спалучэнні з часціцай «што»). Больш нічога, акрамя гэтага. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Караткевіч.

4. часціца ўзмацняльная (пры займенніках і прыслоўях звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго‑н. Каго там толькі не было! Чаго толькі дзеці не вытваралі! □ Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць. Баранавых. // Узмацняе ўяўленне аб пажаданасці, магчымасці якіх‑н. з’яў. «Толькі каб сур’ёзна не [за]кахацца ў яе. Нешта ж бярэ-такі мяне за сэрца. І [за]кахаўся б, каб не была яна нашай парабчанкай», — разважаў з сабою Лявон. Галавач.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога‑н. дзеяння, наступленні якога‑н. стану). Хлапчук толькі ўстаў з пасцелі. На дварэ яшчэ толькі развіднелася. □ — Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў. Каршукоў. / У спалучэнні з часціцамі: «толькі», «што». Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло па задні план. Гартны. Сонца толькі што схавалася за лесам. Асіпенка. На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан.

6. злучнік супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі. Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Шамякін. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці. Чарнышэвіч. Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы. Брыль. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. / У спалучэнні са злучнікам «і». Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала .. чырвоныя вяргіні пад акном. Лынькоў. // Уваходзіць у склад супраціўных парных злучнікаў: «не толькі..., але (і)», «не толькі..., а (і)». Грукат тым часам мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, але, здавалася, пранік у глыб зямлі. Быкаў. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэту работу, а і выспацца паспею». Якімовіч.

7. злучнік супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасць выступаючы ў значэнне аднак, але. Пахавалі Бандароўну У вянку і ў белі, Толькі думак украінцам Пахаваць не ўмелі. Купала.

8. злучнік далучальны. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць папярэднія думкі. Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы, толькі хіба скажа часам, што чай прастыў, што яда прыгатавана нядобра, і то кажа не да Ніны, а ў жончын бок, а яна ўжо дапякала Ніну. Галавач.

9. злучнік часавы. Ужываецца ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа. Толькі я лягу і вочы закрыю, бачу я вас прад сабой. Колас. [Якаў Радзівонавіч:] — Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямі аднекуль як секане! Краўчанка. // Уваходзіць у склад састаўных часавых злучнікаў: «як толькі», «ледзь толькі», «чуць толькі», «толькі што», «адно толькі», «абы толькі», якія ўжываюцца ў сказах з імгненнай зменай падзей. Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі, раскладаць агонь. Чарнышэвіч.

10. злучнік умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са значэннем рэальнай умовы. Людзі табе дапамогуць, толькі сам рук не апускай. / Пры наяўнасці суадносных слоў «дык», «так» у галоўным сказе. [Надзя:] — Вось толькі краніце, дык так і плясну [талерку] аб падлогу. Крапіва.

•••

Адкуль толькі ногі ўзяліся; дзе толькі ногі ўзяліся гл. нага.

Адна толькі назва гл. назва.

Гэта яшчэ толькі кветачкі гл. гэта.

Ды і толькі (дый толькі) гл. ды ​1.

Падумаць толькі! гл. падумаць.

Толькі ваўкоў ганяць гл. ганяць.

Толькі залюбавацца гл. залюбавацца.

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання. У панядзелак у Берасцянскай школе толькі і гаворкі было, што пра ларок без прадаўца. Скрыпка.

Толькі і бачылі гл. бачыць.

Толькі пыл курыць (закурэў) гл. пыл.

Толькі пяткі заблішчалі гл. пятка.

Толькі (той) бяды гл. бяда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)