схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзов ’пачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́ ’другі дзень вяселля’, пере́звы ’апошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігра́. Рус. игра́ ’ігра’, дыял.гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр. гра, ігра́, польск. gra, уст. igra ’тс’, в.-луж. hra ’тс’, н.-луж. gra, igra ’тс’, чэш., славац. hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен. ígra ’ігра’, серб.-харв. и̏гра ’тс’, балг. игра́ ’ігра, пацеха’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел. игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл. *jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд. yájati ’шанаваць бажаство’, грэч. ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е. *i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд. éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ. áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат. aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл. eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд. iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням. spilōn ’жвава рухацца’ — ням. spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус. ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зацягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уцягнуцца ў сярэдзіну, унутр чаго‑н. Нітка лёгка зацягнулася ў іголку.

2. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні. [Кавалёў] дастаў партабак і ў тоўстых пальцах згарнуў тонкую, як запалка, цыгарку, прыпаліў яе і зацягнуўся. Чарнышэвіч. Пратасевіч з прыемнасцю закурыў папяросу, на поўныя грудзі зацягнуўся дымам. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Пакрыцца тонкім слоем чаго‑н. На грэблі праламалі калёсамі плыткую лужыну, якая паспела ўжо зацягнуцца трохі лёдам. Чорны. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці, зацягнулася туманнай, як бяльмо, плёнкаю. Капыловіч. // Загаіцца, зажыць (пра рану). // Завалачыся (дымам, туманам і пад.). І хоць раніцаю неба зацягнулася хмарамі, але па ўсім адчувалася, што дажджу больш не будзе. Шахавец. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватаю смугою далягляд. Грахоўскі.

4. Туга завязацца, сцягнуцца. Пятля зацягнулася. Вузел зацягнуўся. Зашмарга туга зацягнулася. // Зацягнуць сябе чым‑н.; перацягнуць. Зацягнуцца рэменем. Зацягнуцца ў гарсэт. □ Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Во занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць часу больш, чым меркавалася. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Шамякін. Восень у гэтым годзе зацягнулася, лістапад быў позні. Карпаў. // Працягнуцца да пэўнага часу. Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. В. Вольскі. Сход зацягнуўся аж да трэціх пеўняў. Сабаленка.

6. Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца куды‑н. Зацягнуцца дадому. // Зайсці куды‑н. далёка. Зацягнуцца на край свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дом, ‑а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.

1. ‑а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат. Бядуля. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. // перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Маўр.

2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.

3. ‑а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.

4. ‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.

•••

Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.

Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.

Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор ​1).

Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.

Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.

Выносіць смецце з дому гл. выносіць.

На дом — дамоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)