гу́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гучны, далёка чутны. Гулкія грымоты. □ Уласныя крокі палохалі Леаніда — яны здаваліся яму занадта гулкімі. Шахавец. Гулкі фабрычны Гудок пранясецца, Сілай крынічнай Работа пальецца. А. Александровіч.

2. Здольны ўзмацняць гул; з моцным рэзанансам. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддаль, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць ляск. Ляскаць пугай. □ Гудзелі маторы, ляскала жалеза, галасіста разразалі марознае паветра паравозныя гудкі. Шамякін. У хлявах гучна ляскаюць церніцы. Сачанка.

2. Разм. Біць у далоні, далонню; пляскаць. [Дзед] у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў: — Гоп-гоп, Насцечка. Чорны. Калі Гудок закончыў [гаварыць], яму ляскалі ў далоні гэтак жа гучна, як Платону Іванавічу. Навуменка.

•••

Зубамі ляскаць — дрыжаць, калаціцца ад холаду, страху і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑верыцца; зак.

1. Дамовіцца адносна якіх‑н. дзеянняў; дагаварыцца. — Мы згаварыліся, — сказала адна [таварышка], — прыйсці пазней, чым казалі табе, каб ты мела час адпачыць. Чорны. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога» калодзежа. Колас.

2. Дасягнуць узаемнага разумення, дагаднення. Калі эшалон даў гудок адпраўлення, я ўскочыў у тармазную будку і лёгка згаварыўся з вартавым, які хадзіў па платформе. Навуменка. — З табой мы ўсё роўна не згаворымся. Ідзі ты, Канькоў, лепей у кантору, ды баб агітуй. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.

1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.

2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.

3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.

4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навако́лле, ‑я, н.

1. Мясцовасць, якая прылягае, прымыкае да чаго‑н. Наваколле горада. Наваколле лесу. □ Ціхая, рахманая Свіслач калі-нікалі бурна разлівалася вясной і затапляла ўсё наваколле. Новікаў. Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Шамякін.

2. Тое, што знаходзіцца навокал каго‑, чаго‑н., акаляючая прастора. З паравоза белай птушкай выпырхнула воблачка пары, і адразу ж над наваколлем залунаў басісты гудок. Васілёнак. Ракеты адна за адной ўзляталі ў неба, асвятляючы наваколле бледным святлом. Сіняўскі.

3. перан. Акружаючае асяроддзе. Лявон з маленства цягу меў да тэхнікі, і ў наваколлі.. ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў. Аб магутнай сіле Яўхіма ў наваколлі складаліся казкі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.

Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́баш, ‑у, м.

У сярэдневяковых павер’ях — начное зборышча ведзьмакоў і ведзьмаў, якія ўчынялі шалёны разгул. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася, — няйнакш, як у ёй спраўлялі свой спрадвечны д’ябальскі шабаш тысячы маладых гуллівых чарцей. Сачанка. // перан. Зверскі ўчынак; варожы разгул. У .. [Сашкі] астаўся толькі адзін няпоўны дыск кулямёта. Ды і што ты тут зробіш, калі карнікаў поўны лес і яны, відаць, вяртаюцца з чарговага крывавага шабашу, нават жывёлу гоняць з сабой? Няхай.

шаба́ш, у́, м.

Разм.

1. Заканчэнне работы; перапынак для адпачынку. Працягла гуў гудок на шабаш. Шынклер.

2. у знач. вык. Скончана, даволі; канец. — Бесхарактарны я, брат Стары, — на тон самабічавання з’ехаў Садовіч, — але пераеду ў другую школу, тады, брат, шабаш. Колас. // шаба́ш! Вокліч, каманда канчаць работу. — Шабаш, хлопцы! — падаў каманду Лапцін. Савіцкі.

[Стараж.-яўр.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыво́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трывогі (у 1 знач.), поўны трывогі, неспакою, хвалявання. Трывожныя думкі. Трывожны сон. Трывожная ноч. □ Слаўце ж заўсёды Імкненні трывожныя, Што падрыхтоўваюць смелы палёт. Кірэенка. // Які выклікае трывогу, неспакой. Трывожныя чуткі. □ За хвіліну ўвесь лагер абляцела трывожная вестка: з рэчкі не вярнуліся Ціма і Валодзя, піянеры другога атрада. Пальчэўскі. У хату ўваліўся .. друг [Дзям’яна] Тодар Касцецкі — загадчык свінафермы. Ён прынёс трывожную навіну. Дуброўскі. // Які выражае трывогу. Трывожны погляд. □ Глядзім на ўсё трывожнымі вачыма, Аж шалясціць ад позірку лісцё. Камейша.

2. Схільны да трывогі, неспакойны (пра чалавека). Мікола апошні час стаў трывожным: з дня на дзень чакаў перагляду сваёй справы. Машара. [Феня] ішла па бальнічным калідоры, уся сцішаная, трывожная, са страхам адчыніла дзверы ў палату. Арабей.

3. Небяспечны. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай. Неспакойная, трывожная служба ў Міхаськавага бацькі. Хомчанка. // Які паведамляе пра небяспеку. Трывожны сігнал. Трывожны гудок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.

1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.

2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.

3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)