ве́кша, ‑ы, ж.
Абл. Вавёрка. За шкуркі ён [дзядуля] мае і цукар, і хлеб, і ўсё, што належыць да людскіх патрэб, бо тыя здабыткі нясе не ў шынок: — у наш, у савецкі, нясе гарадок, а там — поўнай мерай адмераць яму за собаля, векшу, за лета — зіму... Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
анга́р, ‑а, м.
Спецыяльнае памяшканне, у якім захоўваюцца, стаяць і рамантуюцца самалёты. Загудзеў матор, узняўшы перад самалётам вецер, і, быццам хаваючыся ад гэтага ветру, пабеглі назад ангары. Шахавец. Ззаду, як на далоні, відзён стаў увесь гэты аўстрыйскі гарадок, пярэднюю палову якога займалі доўгія, быццам ангары, гмахі завода. Быкаў.
[Фр. hangar.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарадкі́, ‑оў; адз. гарадок, ‑дка, м.
Спартыўная гульня, у якой ігракі, падзяліўшыся на дзве групы, выбіваюць бітой з чужога горада (начэрчанага на зямлі квадрата) дурні, расстаўленыя ў форме розных фігур. Згуляць у гарадкі. // Драўляныя цыліндрычныя цуркі для гэтай гульні. Пад шум і гук размах рукі Збіваў здалёку гарадкі. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жылы́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны для пражывання каго‑н., адведзены пад жыллё (у 2 знач.). Будаўніцтва жылых дамоў. □ — Жылы гарадок расце, маці, з кожным днём, — гаварыў цяпер Раман Дзянісавіч. Хадкевіч. // У якім жывуць людзі; населены. Кох з Вейсам кінуліся ў жылы будынак. Лынькоў.
2. Характэрны для жылля, уласцівы жыллю. Жылы выгляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каза́рма, ‑ы, ж.
Спецыяльнае памяшканне для размяшчэння вайсковых часцей. Гэта быў вайсковы гарадок з простымі забрукаванымі вуліцамі, трохпавярховымі каменнымі казармамі, канюшнямі, майстэрнямі, гаражамі і пасярэдзіне пляцам для вайсковых заняткаў. Каваль. // Інтэрнат для рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі. Падышла група рабочых з бліжэйшай пуцявой казармы. Лынькоў. // перан. Пра вялікі непрыгожы змрочна будынак.
[Іт. caserma.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
франтава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць франціць, схільны да франтаўства. Самы прыгожы і франтаваты юнак на ўвесь гарадок быў тады Сёмка Фартушнік. Чорны. Франтаваты пісец, ад якога пахла капеечнай французскай вадой, прынёс у кабінет столаначальніка яго, Гольц-Мілера, прашэнне. Мехаў. // Уласцівы франту. Франтаваты выгляд.
2. Які мае модны крой, фасон (пра адзенне, прычоску і пад.). У пакой зайшоў маладзенькі афіцэр у чорным франтаватым гарнітуры. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цудо́ўна,
1. Прысл. да цудоўны.
2. безас. у знач. вык. Пра надзвычай прыгожае наваколле, прыемную абстаноўку. Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Шыцік. А на возеры было цудоўна! Ваданосаў.
3. у знач. часціцы. Ужываецца як вокліч са значэннем: вельмі добра, выдатна. Партызан аж зажмурыўся, потым ізноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу! Гільза! Цудоўна! Зуб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драма́ць, драмлю, дрэмлеш, дрэмле; незак.
Быць у паўсонным стане, нямоцна спаць. І тут Ігнась заўважае, што бацька прытуліўся плячамі да палукаша і дрэмле, і галава яго, як нежывая, ківаецца ва ўсе бакі. Чарнышэвіч. Абапёршыся локцямі на стол, .. [Сяргей], здавалася, пачаў драмаць. Шахавец. / у перан. Быць у стане спакою, бяздзейнасці, нерухомасці. Ціха драмала Палессе пад цёплым дыханнем сонца. Лынькоў. Гарадок драмаў у млявай цішыні, не паказваючы адзнак чаго-небудзь жывога. Ракітны.
•••
Не драмаць — дзейнічаць, праяўляць і актыўнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ура́зіць, уражу, уразіш, уразіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць вялікае ўражанне, моцна ўсхваляваць, устрывожыць. Партызанскі гарадок нас уразіў сваім выглядам і нейкай няўлоўнай урачыстасцю. Няхай. Сустрэча з цівуном і аратым так уразіла.. [Кастуся], што ён доўга не мог апамятацца. Якімовіч.
2. Балюча закрануць, пакрыўдзіць каго‑, што‑н. [Лабановіч] стараўся выправіць і адзначыць [памылкі] так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Словы гаспадыні так уразілі .. [Віцю], што хлопец разгубіўся. Адразу зрабілася горача. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Невялікі па колькасці, велічыні, сіле і пад. Нязначная сума грошай. Нязначны шум. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя. Колас. Гарадок [Лунінец] малады. Да правядзення чыгуначных шляхоў гэта быў зусім нязначны пасёлак. В. Вольскі.
2. Які не мае істотнага значэння; малаважны. Нязначныя змены. □ Уся сям’я сядзела за вячэрай, гаварылі аб самых нязначных справах. Васілевіч. Спадарожнікі перакідваюцца адзін з адным нязначнымі словамі, жартамі. Сабаленка. // Які не прыносіць вялікіх цяжкасцей. Нязначная просьба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)