даме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Дакончыць абмер, вымярэнне чаго‑н.; абмераць, вымераць да канца ці да якога‑н. месца. Дамераць зямельны ўчастак.

2. Разм. Дабавіць да таго, што адмерана; адмераць, намераць поўнасцю. Дамерай яшчэ пяць метраў. Дамерай дзве кварты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыя́цыя, ‑і, ж.

Выпрамяненне электрамагнітных хваль. Радыяцыя зямлі. □ У ясны дзень галоўная роля належыць прамой сонечнай радыяцыі, а пры больш або менш суцэльнай воблачнасці — рассеянай. Прырода Беларусі. // Электрамагнітныя хвалі, выпрамененыя якой-небудзь крыніцай. Вымярэнне радыяцыі. Доза радыяцыі. □ Упершыню нябачны агонь радыяцыі апёк рукі адважнай даследчыцы атама Марыі Складоўскай-Кюры. «Маладосць».

[Лац. radiatio — выпрамяненне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нарожны ’вуглавы, навугольны, краевугольны’ (Нас., Гарэц.), ст.-бел. нарожный ’тс’ (1508 г.); сюды ж нарожнік ’дзве сцяны хлява, зрубленыя ў вугал’ (Юрч.), ’падстрэшак’ (Ян.), ’рог страхі’ (Гарэц., Др.), ’кут у гумне каля варотаў’ (Бяльк.), ’наканечнік у драўляных вілах’ (Нас.), нару͡ожнік ’вяроўка на рагах валоў’ (Бесар.), ст.-бел. нарожникъ ’першы капец, ад якога пачыналася вымярэнне ўгоддзяў’ (Гарб.). Да рог ’рог, вугал’; меркаванне пра запазычанне ст.-бел. нарожный ’вуглавы’ са ст.-польск. narożny (Булыка, Лекс. запазыч.), улічваючы геаграфію і семантыку слоў, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пята́, пʼята́ ’задняя частка ступні, пятка’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; ашм., Стан.; віл., Сл. ПЗБ), ’абух у сякеры’, ’задняя частка касы’, ’тупы канец яйца’, ’карма лодкі’ (Варл.; Сцяшк.; навагр., полац., Сл. ПЗБ), пʼета́ ’пятка нагі, пятка ў касе, сасе і інш.; межавы знак на вуглу поля’ (ТС), пя́та ’пятка’ (беласт., Сл. ПЗБ), пʼяда́ ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пята ’месца (пункт), з якога пачынаецца вымярэнне зямлі’; укр. пʼята́ ’пятка’, рус. пята́, польск. pięta, чэш. pata, славац. päta, в.-луж. pjata, н.-луж. pěta, палаб. ṕǫta, славен. pẹ̑ta, серб.-харв. пета, балг. пета́, макед. пета, ст.-слав. пѧта. Прасл. *pęta ’нага, капыт, ступак’, роднаснае літ. péntis ’абух, задняя частка касы і інш.’, лат. piête, pietis ’абух, аснова грабель, заднік, запатылак’, ст.-прус. pentis ’пята’, афг. pūnda ’пята’, што ўзыходзяць да кораня і.-е. *pent‑ ’ісці, хадзіць’ (Скок, 2, 648; Сной₂, 510). Іншая, менш верагодная версія звязвае праславянскае слова з *pęti ’напінаць’ (гл. пяць), *pǫto ’пута’ (гл. пута), параўн. Шустар-Шэўц, 2, 1072; БЕР, 5, 192; ЕСУМ, 4, 651; пад сумненнем Фасмер, 3, 424. Абедзве версіі лічыць прыймальнымі ESJSt, 11, 643. Збліжэнне з польск. piękny (гл. пекны) з больш ранняга pięk(r)ny ’выступаючы, выпуклы’, здавальняючае семантычна, вядзе да сумнеўнай рэканструкцыі *penktā, гл. Банькоўскі, 2, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лі́нія, ‑і, ж.

1. Вузкая палоска, рыса, праведзеная на якой‑н. паверхні ад адной кропкі да другой. Стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе на каструбаватых дошках лініі. Чорны. // У матэматыцы — граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню. Прамая лінія. Ломаная лінія. Сярэдняя лінія трохвугольніка. // Уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі або з’яўляецца граніцай перасячэння дзвюх паверхняў. Ад нашага берага да касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. В. Вольскі.

2. Паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго‑н. Берагавая лінія. □ У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца праз рэчку. Мележ.

3. Абрыс, контур чаго‑н. Абцякальныя лініі легкавой машыны. Лінія ракі. □ Стары брыгадзір .. сам намеціў лініі для капаў. Бядуля. // Пра абрысы чалавечага цела (твару, рота, рук). Лінія шыі. Лінія стану.

4. чаго. Доўгі рад якіх‑н. прадметаў, з’яў. Лінія дамоў. □ Далёка на поўнач і далёка на поўдзень цягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах. Мікуліч.

5. Пуць, палатно чыгункі ці трамвая. За шырокаю лініяй чыгункі, на шырокай прагаліне парасла густая трава. Чорны. // Шлях зносін, які звязвае два якія‑н. пункты. Чыгуначная лінія Масква — Мінск. Паветраная лінія Мінск — Гомель.

6. Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. Часта званіў тэлефон, на лініі былі нейкія непаладкі, і прыходзілася так крычаць у трубку, што пад вечар зрываўся голас. Шахавец. // Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для перадачы электраэнергіі.

7. Паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай істужкай ад рабочых і сялян. Бядуля.

8. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў. Генеральная лінія. Класавая лінія. Партыйная лінія паводзін.

9. Мера даўжыні, роўная 1/10 (яшчэ раней 1/12) цалі, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Аўтаматычная лінія — група машын, якія аўтаматычна выконваюць у пэўнай тэхналагічнай паслядоўнасці ўвесь цыкл аперацый па апрацоўцы вырабаў.

Дэмаркацыйная лінія — а) лінія, паласа, устаноўленая паміж ваюючымі бакамі ў час перамір’я; б) лінія падзелу на зоны акупацыі тэрыторыі акупіраванай дзяржавы; в) у медыцыне — палоска, якая адмяжоўвае амярцвелую тканку ад здаровай.

Контурная лінія — перарывістая лінія, якая складаецца з кропак або кароткіх рысак.

Ламаная (ломаная) лінія — лінія, якая складаецца з адрэзкаў прамой, злучаных пад вуглом.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Па лініі чаго ці якой — а) у якіх‑н. органах, установах. Працаваць па камсамольскай лініі; б) ад імя якога‑н. органа, установы. Вынесці вымову па партыйнай лініі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)