кадраві́к, ‑а, м.

1. Ваеннаслужачы кадравых войск. [Ян Стафанковіч] падбадзёрыўся.. і ішоў вельмі шпарка, трымаючы твар угару і размахваючы рукамі, быццам стары вайсковы кадравік на маршыроўцы. Чорны.

2. Кадравы работнік прадпрыемства, установы, арганізацыі. — Навучаць вас і ўсяму заводу дапамогуць. Тут многа кадравікоў, старых спецыялістаў. Кулакоўскі.

3. Разм. Супрацоўнік аддзела кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тарні́стар ’каністра’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Праз польск. tornister ’ранец’ з ням. Tornísterвайсковы ранец’; крыніца ў візант.-грэч. τάγιστρον ’торба для фуражу’ або лац. canistrum ’торба, кошык’. Шляхі запазычання і пасрэдніцтва (чэшскае, венгерскае) застаюцца няяснымі (Махэк₂, 635; Голуб-Ліер, 485; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388). Гл. таксама каністра, кайстра, тайстра.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каза́рма, ‑ы, ж.

Спецыяльнае памяшканне для размяшчэння вайсковых часцей. Гэта быў вайсковы гарадок з простымі забрукаванымі вуліцамі, трохпавярховымі каменнымі казармамі, канюшнямі, майстэрнямі, гаражамі і пасярэдзіне пляцам для вайсковых заняткаў. Каваль. // Інтэрнат для рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі. Падышла група рабочых з бліжэйшай пуцявой казармы. Лынькоў. // перан. Пра вялікі непрыгожы змрочна будынак.

[Іт. caserma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Разм. Пайсці на значныя выдаткі; не паскупіцца. Раскашэліцца на вяселле. □ Меліяранскі .. раскашэліўся і наняў вайсковы духавы аркестр. С. Александровіч. [Міход:] — У нас тут што-што, а хлеб будзе. Ды яшчэ цётка Хіма як раскашэліцца, то і да хлеба сёе-тое знойдзе для такой сваячкі, як вы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пагалоўшчына ’пагалоўны падатак’ (Нас.), ’частавинне свежыной тых, хто дапамагаў забіць, разабраць і спарадкаваць кабана’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., мядз.). Рус. поголовщина ’пагалоўны збор, узбраенне, паўстанне’, ст.-рус. поголовщина (‑чина, ‑шина) (XVII ст.) ’пагалоўны падатак; забойства; пакута за забойства, усеагульны вайсковы збор’, польск. glówszczyżna ’пакута за забойства (за галаву)’. Да галава. (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулумба́с ‘старажытны ударны інструмент’ (ТСБМ), таламба́с ‘літаўра’ (Ласт.). У якасці зыходнага лічыцца тур. tulumbaz ‘бубнач, барабаншчык’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673); хутчэй за ўсё, праз укр. тулумба́с, таламба́с ‘тс’, польск. tułumbas, tołombas, tołumbas ‘турэцкі вайсковы барабан’, параўн. таксама серб.- харв. таламба́с ‘літаўра, барабан’, якое лічыцца балканскім турцызмам (Скок, 3, 437).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

штаб-кватэ́ра, ‑ы, ж.

Месца, дзе размяшчаецца вайсковы штаб. Знайшоўшы штабкватэру, мы даведаліся, што жанатым адразу даюць адтэрміноўку на месяц. «Полымя». // перан. Галоўнае месца збору каго‑, чаго‑н. [Лабановіч:] — Можа, ты [Алесь] і маеш рацыю. А калі ў цябе ёсць яшчэ і ахвота жыць тут, тым лепей. Хоць мець будзем летам штаб-кватэру. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старшына́, ‑ы; мн. ‑шыны, ‑шын; м.

1. Самае высокае званне малодшага начальніцкага саставу Савецкай Арміі і ваенна-марскога флоту. Старшына роты. // Асоба, якая мае гэтае званне.

2. Уст. Да рэвалюцыі — выбарная асоба, якая кіравала справамі якой‑н. саслоўнай арганізацыі, прафесійнага аб’яднання і пад. Валасны старшына.

•••

Вайсковы старшына — да рэвалюцыі — афіцэрскі чын у казацкіх войсках Расіі, які адпавядаў падпалкоўніку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атама́н, ‑а, м.

1. Выбарны начальнік дружыны.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — назначаны або выбарны начальнік у казацкіх войсках і пасяленнях, які выконваў ваенныя, палітычныя і адміністрацыйныя функцыі. Вайсковы атаман. Казацкі атаман. Станічны атаман. □ Цярпі, казак, атаманам будзеш. Прымаўка.

3. Важак, завадатар (банды, групы, шайкі). Атаман бандытаў. // перан. Завадатар, важак, канавод. У гэтых гульнях дзеці вёскі Чарамхі мелі свайго атамана. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засло́н 1, ‑а, м.

Вайсковы атрад для аховы і прыкрыцця галоўнай часткі войска. Камандаванне зрабіла манеўр: пакінуўшы заслон, нечакана павярнула галоўныя сілы брыгады ў другім кірунку. Шамякін. За ракой стаіць невялікі заслон на балотах, абараняе подступ да пераправы. Заслону загадана біцца да апошняга патрона. Лынькоў.

засло́н 2, ‑а, м.

Абл. Пераносная лаўка; услон. Каля стала стаялі заслоны і некалькі старых .. крэслаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)