Ато́ка ’рукаў ракі’ (Касп., Яшкін), ’востраў’ (Яшкін. дыс.), ст.-бел. отокъ ’тс’. Рус. дыял. ото́к ’тс’, ото́ка ’нізіна; сажалка’, польск. otok ’востраў’ (Нітшэ, 198, 298), ст.-польск. otok ’рака’, ’луг, абкружаны вадой’, otoka ’частка лесу з пасекай’. Серб.-харв. о̏ток ’востраў’, о̏тока ’рукаў ракі’ (Шутц, Geogr., 69, 71, 80), балг. дыял. оток ’ручай’ (ZfslPh, 9, 37), славен. otòk ’востраў’. Ст.-слав. отокъ ’тс’, ст.-рус. отокъ ’востраў’, ’мыс’, ’край’. Абодва сучасныя беларускія значэнні да праслав. *tek‑/tok‑, але ў значэнні ’рукаў ракі’, відаць, з прэфіксам otъ‑ (*ototok‑a), а ў значэнні востраў з прэфіксам o(b)‑, у першым выпадку — ’тое, што адцякае’ (параўн. пратока, прытока), а ў другім — ’тое, што абкружае’ (параўн. атачыць). Думка Блесэ, SB, V, 8, пра запазычанне з балтыйскай гэтага слова (параўн. літ. дыял. ãttaka(s), лат. attaka ’рукаў ракі, востраў’) выклікае абгрунтаваныя сумненні Урбуціса, Baltistica, V (1), 1969, 48; улічваючы пашырэнне славянскіх слоў, тут хутчэй балтыйскае запазычанне з беларускай. Мартынаў (SlW, 61–62) лічыць, што абодва значэнні атока вынікалі на аднолькавай фармальнай базе: *o(b)‑tok‑a, толькі ў адным выпадку гэтым словам абазначалася ’тое, што абцякае’, а ў другім — ’тое, вакол чаго абцякае’ (тое, што абцякаецца). Ён таксама лічыць, што бел.-серб.-харв. ізалекса дазваляе лічыць праслав. otokъ абазначэннем рачнога вострава ў процілегласць да *ostrovъ ’востраў наогул’ (параўн., аднак, у Бярынды: отокъ морскій: отнога, лиман, або островъ, выспа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каса́1 ’каса ў жанчын’, косы ’валасы’ (З нар. сл.), укр. коса ’каса’, коси ’валасы’, рус. коса ’каса’, косы ’валасы’, ст.-чэш. kosa ’валасы на галаве’, палаб. tʼösa ’каса’, ст.-польск. kosa ’каса’, балг. коса ’валасы на галаве’, мак. коса ’валасы’, серб.-харв. ко̀са ’валасы’, ко̏се ’косы’, славен. kosa ’каса’. Прасл. kosa ’валасы на галаве’ генетычна суадносіцца з česati ’часаць, прычэсваць’ як розныя ступені аблаўту. Але прасл. kosa рэгулярна адпавядае літ. kasà ’каса’, лат. kasa. Балтыйскія паралелі сведчаць аб тым, што значэнне ’каса ў жанчын’ з’яўляецца найбольш старажытным. Гэта адпавядае значэнню славянскага дзеяслова česati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 132). Іншыя індаеўрапейскія паралелі да прасл. kosa: ст.-в.-ням. haro (сучас. Haar ’валасы’) < прагерм. hazwa ’часанне’, ірл. cass ’кудзер’ і інш. Нельга разглядаць літ. kasà і лат. kasa як запазычанні з славянскіх моў толькі на падставе таго, што ў балтыйскіх мовах адсутнічаюць паралелі да прасл. česati і, значыць, няма фармальнай і семантычнай пары тыпу cesati‑kosa (наяўнасць балтыйскай пары літ. rankà riñkti ’рука — збіраць’ не з’яўляецца аргументам на карысць балтыйскага паходжання прасл. rǫka, якая таксама не мае пары). Адносна карэляцыі kǫsavolsъ ’волас’ гл. Мартынаў, Язык, 51.

Каса́2 ’прылада для кашэння’, укр. коса, рус. коса, чэш. kosa, славац. kosa, в.-луж. kosa, польск. kosa, балг. коса, макед. коса, серб.-харв. ко̀са. Бліжэйшая паралель да прасл. kosaст.-інд. śásati ’рэжа’. У сувязі з гэтай паралеллю ўзнікае пытанне аб нерэгулярнасці пачатковага зычнага ў славянскай лексеме. Тлумачэнне к у прасл. kosa (павінна было быць *sosa) дысіміляцыяй нельга разглядаць як доказ, паколькі такой заканамернасці не існуе, хоць спарадычна такія замены магчымы. Намі зроблена спроба растлумачыць kosa ў рамках агульнай тэорыі акамадацыі (Мартынаў, Слав. акком., 159). Шэраг даследчыкаў разглядае прасл. kosa ’прылада для кашэння’ як метафарычны перанос ад kosa ’каса ў жанчын’, лічачы такім чынам каса1 і каса2 адной лексемай з двума значэннямі (Брукнер, 259; Якабсон, Word, XI, 4, 1955, 611).

Каса́3 ’селязёнка’ (Шат., Касп.). Названа так на сваёй форме, гл. косы. Уліваючы абмежаваны арэал распаўсюджання слова, не выключана балтыйскае яго паходжанне (Параўн. Сакалоўская БЛ, 16, 1979, 3–4).

Каса́4 ’прамень’ (Шат., Яруш., Шатал.). Чыста метафарычны перанос ад каса1. Параўн. Шатал., 76: «косы сонейка папаускала аж да самэй землі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)