тэатра́л, ‑а, м.

Аматар тэатра; часты наведвальнік тэатра. Мы з Сонькай зрабіліся сапраўднымі тэатраламі .. Часта хадзілі ў тэатр — на ранішнія і вячэрнія спектаклі. Рамановіч. Потым Юліян Эдгардавіч — вялікі тэатрал, знаўца і крытык балетнага мастацтва і музыкі — сядзеў перад Юткевічам і выкладаў сваё разуменне класічнага балета. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіто́н, ‑а, м.

1. Мужчынскае і жаночае адзенне старажытных грэкаў — доўгая і шырокая сарочка часцей без рукавоў, якая падпяразвалася з напускам. [Юстын] насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Бядуля. / Разм. Пра шырокую, свабодную адзежу. Апрануў нейкі хітон.

2. Касцюм танцоўшчыцы класічнага балета з глыбокімі разрэзамі па баках.

[Грэч. chitōn.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уверцю́ра, ‑ы, ж.

1. Музычны уступ да оперы, балета, драмы і пад. Уверцюра да оперы «Алеся». // перан. Пачатковы этап, папярэдняя частка чаго‑н. Прысвячаючы паэму «Сымон-музыка» беларускай моладзі, паэт напіша вельмі прачулую, глыбокую паэтычным .. сэнсам уверцюру, у якой у значнай меры раскрые сваё крэда паэтычнага бачання, адчування свету. Навуменка.

2. Невялікі музычны твор у форме санаты. Сімфанічная уверцюра.

[Фр. ouverture ад ouvrir — адкрываць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гірля́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Кветкі і зеляніна, сплеценыя ў выглядзе шырокай істужкі. Хлопчыкі на двары плялі з дзеразы.. гірлянды. Курто. // Арнамент, узор у выглядзе пераплеценых кветак і зеляніны. [Архітэктар Усава] распрацоўвала рабочыя чарцяжы сквера пры тэатры оперы і балета, рабіла эмблему і гірлянды на фасад дома, які вырас на разу праспекта.. і Камсамольскай вуліцы. «Беларусь». // перан.; звычайна чаго. Доўгі рад, ланцуг чаго‑н. Гірлянды электрычных лямпачак.

[Іт. ghirlanda.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.

2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».

3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.

•••

Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.

[Фр. ballet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́чар, ‑а; мн. вечары, ‑оў; м.

1. Час сутак ад канца дня да надыходу ночы. Зімовы вечар. Цёплы вечар. Дзень схіліўся к вечару. □ Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр.

2. Грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой‑н. лаце, падзеі і пад. Урачысты вечар. Выпускны вечар. // Вячэрняе прадстаўленне, паказ, які складаецца з асобных нумароў. Вечар балета. Літаратурны вечар. Вечар мастацкай самадзейнасці. // Вечарынка. Вечар танцаў. Вечар адпачынку.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Добры вечар! — прывітальныя словы пры сустрэчы з кім‑н. або пры ўваходзе ў дом да каго‑н. вечарам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэа́тр, ‑а, м.

1. Род мастацтва, у якім жыццё адлюстроўваецца праз драматычнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом. Драматычны тэатр. Тэатр оперы і балета. Музычны тэатр. Тэатр сатыры. □ Беларускі тэатр мае сваю багатую гісторыю развіцця ад першапачатковых форм (скамарохаў, народнай брамы, лялечнага тэатра — «батлейкі») да стварэння ў савецкі перыяд першакласных прафесійных тэатраў Савецкага Саюза. «Беларусь». Паяўленне камедыі «Паўлінка» стала важнай вяхой у гісторыі развіцця беларускага тэатра. Ярош.

2. Установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі. Працаваць у тэатры. □ Усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Можна верыць, што гэты тэатр хутка будзе, бо талентаў тут вельмі многа. Кулакоўскі.

3. Будынак са сцэнай і залай для гледачоў, дзе адбываецца тэатральны паказ, а таксама сам паказ, спектакль. Прыгожа прыбраная вала гарадскога тэатра з раніцы пачала запаўняцца людзьмі. Васілевіч. / у перан. ужыв. Разм. [Сімон:] — Ну, што ж, Арцём!.. Можа і сёння ты будзеш паказваць тэатры і абражаць маё імя перад людзьмі, якія нічога не ведаюць? Самуйлёнак.

4. перан.; чаго. Месца, дзе разгортваюцца, адбываюцца якія‑н. значныя падзеі, ваенныя дзеянні і пад. За два гады вайны я добра вывучыў геаграфію тэатра ваенных дзеянняў. Навуменка.

5. Кніжн. Сукупнасць драматычных твораў (пісьменніка або літаратурнай школы). Тэатр Астроўскага.

•••

Акадэмічны тэатр — ганаровая назва, якая прысвойваецца ўзорным дзяржаўным тэатрам.

Анатамічны тэатр — памяшканне, у якім праводзяцца заняткі па анатоміі.

Зялёны тэатр — летні тэатр, размешчаны ў зялёнай зоне, парку і пад.

Кірмашовы тэатр гл. кірмашовы.

[Ад грэч. théatron — месца для відовішча; відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)