паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.

1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.

2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.

3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.

4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.

•••

Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.

Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркатибадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)