паквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Разлічыцца з доўгам. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Нічога сабе зямляк, — нарэшце азваўся Драздоў. — Здраднік!.. — Я паквітаюся з ім, — рашуча сказаў Галаўнёў. — Нікуды ён не дзенецца... Дудо. — Калі газета выступіць, тады ўжо капут Даміру. Здымуць, абавязкова здымуць, — і, відаць, не змогучы стрымаць сваёй радасці, [Дземідзенка] дадаў: — .. Цяпер мы з ім паквітаемся... Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́мста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Адплата за прычыненае зло. Ідуць, закованыя ў сталь, На нас драпежнікі і каты... Народ, на бой рашучы устань! Устань для помсты і расплаты! Крапіва. // Жаданне адпомсціць. І ў самых запаветных тайніках .. [Міхасёвай] мары гарыць яшчэ незгасальная іскра помсты самому каменданту .. за смерць бацькі. Якімовіч.

•••

Кроўная помста — помста забойствам за забойства сваяка як перажытак родавага ладу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпо́мсціцца, ‑мшчуся, ‑мсцішся, ‑меціцца; зак.

Тое, што і адпомсціць. [Бэсман:] І я ім не дарую Ні вёсак спаленых, ні слёз дзяцей.. За ўсё адпомшчуся. Глебка. Перад вечарам сказалі, што тут лепш.. [Міхалку] не быць: на гэтай адзіноце можа з’явіцца Толік і адпомсціцца. Чорны. / у безас. ужыв. Праз міг Над нетрамі лясоў Галасіў трубач... — Мы іх [уланаў] дагонім. І за ўсё Адпомсціцца... Не плач! Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́к, -у, м.

1. гл. разлічыць, разлічыцца.

2. Плата за работу, паслугі і пад.

3. Намер, меркаванне.

Хітры р.

4. Карыслівыя намеры, меркаванні.

Матэрыяльныя разлікі.

5. Расплата, пакаранне.

Р. будзе суровы.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў.

Жыць з разлікам.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад.

Мінамётны р.

Брацца (прымацца) у разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.

Звесці разлікі з кім

1) узаемна разлічыцца грашамі;

2) адпомсціць каму-н. за абразу, знявагу.

|| прым. разліко́вы, -ая, -ае (да 2 знач.).

Р. месяц.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

уні́зіць, уніжу, унізіш, унізіць; зак., каго.

Паставіць каго‑н. у прыніжанае становішча; зняважыць. — А ты, брат, мяне ўнізіў... Вазьмі грошы!.. — зароў .. [Чаркашын] раптам, на ўвесь лес, аж адгалоскі пайшлі. Пташнікаў. [Юрка] спытаўся яшчэ раз і зразумеў: яго чуюць, але маўчаць, бо хочуць унізіць і за нешта адпомсціць. Карпаў. [Генерал:] — Не хвалюйцеся! Вось я.. якраз і хацеў сказаць. Лена Азаронак асталася Ленай Азаронак! Нішто не ўнізіла яе! Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым.

Разм. Разлічыцца з кім‑н., аддаць доўг каму‑н. // перан. Пакончыць разлікі з кім‑, чым‑н., скончыць якую‑н. справу. Цяпер няма назад адходу! Скідай з дарогі перашкоду, Ні перад чым не запыняйся І з гэтай спадчынай сквітайся, Што асталася ад бацькоў — Зямелькі некалькі шматкоў. Колас. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Няхай, мы яшчэ з ім сквітаемся, — сказаў .. [Чыжык] на вялікае здзіўленне Зосі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эскадры́лля, ‑і, ж.

1. Падраздзяленне ваеннай авіяцыі, якое складаецца з некалькіх звенняў самалётаў. Партызанам нічога не заставалася, як рушыць у паход без батарэй, бо адпомсціць за збіты самалёт сюды, як пасля выявілася, ляцела цэлая эскадрылля цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Ваданосаў.

2. Група лётчыкаў, якія ўваходзяць у склад такога падраздзялення. [Камандзір] загадаў першай эскадрыллі адразу пасля пастраення ісці ў баракамеру. Алешка.

3. перан. Разм. Пра вялікую колькасць птушак, рыб і пад. Ля берага ў праменні сонца грэюцца эскадрыллі маленькіх рыбак. Карпюк.

[Фр. escadrille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму.

1. Выказаць удзячнасць, падзякаваць. [Людзі] прагнуць песні, ловяць яе на ляту, ціснуцца да цябе, працягваюць рукі, каб аддзякаваць мастаку-паэту. Пестрак. І не стараецца вельмі Сцяпан, не моршчыць лоб, каб выдумаць што-небудзь, — само вярзецца. Толькі каб было каму слухаць ды аддзякаваць Сцяпану вясёлым смехам захаплення. Крапіва.

2. Адплаціць падарункам, грашыма або добрай справай за якую‑н. паслугу. — Дзіцятка маё, збавіцель ты наш, чым табе аддзякаваць? Вазьмі хоць на семачкі, — працягнула Аксіння зялёненькую паперку. Пальчэўскі. // перан. Якім‑н. учынкам адпомсціць за крыўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзе́кавацца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак., з каго-чаго.

1. Мучыць, катаваць каго‑н. Здзекаваўся [пан] з людзей, забіваў іх бізунамі і такія вытвараў штукі, што ўрэшце і зямлі цяжка стала насіць яго. Колас. На вачах у маці здзекаваліся з Валодзі, паласуючы гумавымі бізунамі худзенькае хлапчукова цела. Новікаў.

2. Груба, зняважліва высмейваць, абражаць каго‑, што‑н.; кпіць з каго‑, чаго‑н. Славік, зразумеўшы, што.. [Маша] знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур’ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць. Шамякін. Даніка ў Галынцы не любілі толькі Палуянавы хлопцы. І здзекаваліся яны з яго нядоўга, пакуль ён не «ўвабраўся ў сілачку». Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплаці́цца, ‑плачуся, ‑плацішся, ‑плаціцца; зак.

1. Заплаціць грошы каму‑н. за што‑н., разлічыцца за паслугі. [Лабановіч] даволі шчодра расплаціўся з бабкаю Параскаю за паслугі. Колас. Рыгор расплаціўся з вазніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка. Гартны.

2. перан. Адпомсціць, разлічыцца за прычыненую крыўду. [Бацька:] — Так, я зараз памру з вялікім неспакоем, што не магу ўстаць і расплаціцца з Гальвасам. Чорны.

3. перан. Панесці пакаранне, кару за што‑н. Час міне, і Лёня расплаціцца за сваё заблуджэнне цяжкімі маральнымі пакутамі. Майхровіч. Мы адказалі: «Віта! Пад Растовам і пад Масквой...» Цяпер мы прымусім бандыта Расплаціцца сваёй галавой. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)