турэ́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турмы. Турэмныя сцены. □ У многіх [катаржан] на плячах зношаныя і падраныя турэмныя халаты, у другіх так-сяк пасшываныя кавалкі старых, парыжэлых аўчын, напамінанне пра былыя кажухі. Галавач. // Які абслугоўвае турму, працуе ў ёй. Спатканні звычайна адбывалася ў прысутнасці турэмнай варты. Колас. // Уласцівы турме, характэрны для турмы. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў. // Звязаны з турмой, са знаходжаннем у турме. Турэмныя творы Таўлая — жывы, хвалюючы дзённік рэвалюцыянера-камуніста з белапольскага астрога. Клышка. Арыштаваны быў і асуджан на доўгія гады турэмнага зняволення таксама і Вальтэр. Анісаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тхары́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тхара, належыць тхару. Тхарыная нара. □ А Кастусёк даўно гатовы — У іх [з дзядзькам] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.
2. Які нагадвае тхара. [Клопікаў] стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад. Лынькоў. // перан. Востры, злосны, калючы (пра вочы). Але вось чалавек скончыў пісаць, паклаў на стол ручку-самапіску, паглядзеў на хату маленькімі тхарынымі вочкамі. Сачанка. Бляск у тхарыных вачах [Глушака], як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угрэ́ць, угрэю, угрэеш, угрэе; зак.
Разм.
1. каго-што. Зрабіць, цёплым, нагрэць, сагрэць. Ледзь угрэлі гэту печ. Угрэць хату.
2. без дап. Прыгрэць. Угрэла сонца. Жней чародкі Ідуць паважна, як лябёдкі. Колас.
3. каго-што. Упарыць, моцна ўтаміць. Угрэць каня.
4. каго, па чым і без дап. Груб. Ударыць чым‑н., агрэць. Угрэць па патыліцы. □ Сабака, згледзеўшы гаспадара, з усіх ног кідаецца ў бульбоўнік. Нібы ведае: лепей быць далей ад гэтага панурага і злоснага чалавека — нізавошта можа ўгрэць ботам. Сачанка. [Дзед] глядзеў, есці даваў, але ці вуха закруціць ці плескача ўгрэе. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.
1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.
2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.
1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.
2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.
3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.
4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвы́шша, ‑а, н.
1. Узгорыстая або даволі высокая мясцовасць, якая ўзвышаецца над наваколлем. Арабіна стаяла на ўзвышшы, і ад яе да хаты полем вілася сцяжынка. Чорны. Нейкі час мы моўчкі суправаджаем .. [дзеда Хведара] вачыма, потым бяром рыбалоўныя снасці і ідзём да пазелянелага куста вярбоўніку на ўзвышшы. Ігнаценка. // У геаграфіі — гарыстая або ўзгорыстая мясцовасць, якая падымаецца над узроўнем мора больш як на 200 метраў. Валдайскае ўзвышша. Мазырскае ўзвышша.
2. Тое, што і узвышэнне (у 2 знач.). Зборная была прасторная, як абора. Па процілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. усцярог, усцерагла, ‑ло; заг. усцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.
Зберагчы, захаваць у цэласці. Людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай [пашчы] вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці. Колас. // Засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага, непажаданага. Усцерагчы ад прастуды дзіця. □ [Ганна Карпаўна:] — Што ж, — кажу, — вядзіце ў хату вашу Маруську. Можа як усцерагу ад нечысцяў... Сіняўскі. Цяпер думкі Гарбачэўскага былі скіраваны на тое, як усцерагчы людзей ад правалу. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ў 1,
1. Дваццаць другая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «у нескладовае».
2. Санорны плаўны губна-губны гук; пазіцыйна чаргуецца з «у».
ў 2, прыназ. з Р, В і М.
Ужываецца замест прыназоўніка «у» пасля слоў, якія канчаюцца на галосную, пасля якой няма знака прыпынку. Хлопчыкі, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. [Лабановіч:] — Добрае ў цябе сэрца, бабка Параска. Бачу, што ты мяне шкадуеш, як родная маці. Колас. Я ў мастацкім агародзе Толькі марная трава. А якая? — смех, дый годзе: Я — пякучка-крапіва. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хало́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).
2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.
3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хараство́, ‑а, н.
1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.
2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.
•••
Не з хараства ваду піць гл. піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)