сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.
1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.
2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.
•••
Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Непарыўна спалучаць, злучаць. Аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑ін-а (‑ын-а) значэнне адзінкавасці сумяшчаюць са значэннем выніку дзеяння. Граматыка. // Выконваць адначасова. Сумяшчаць работу з вучобай. □ Першы арышт адбыўся ў 1878 годзе ў Пецярбурзе, дзе Вяляўскі сумяшчаў вучобу ва універсітэце з прапагандай сярод фабрычных рабочых. «Полымя». // у кім-чым. Аб’ядноўваць у сабе адначасова; валодаць адначасова. Драматычная паэма сумяшчае ў сабе жанравыя адзнакі і ліра-эпічнай паэмы і драмы. Ярош. Здаецца, акіян сумяшчае ў сабе і зялёны шум лясоў, і бязмежнасць нябеснага блакіту, і прывабнасць жывой вады, якая цячэ. Філімонаў.
2. Накладваць адно на другое (фігуры, лініі), дасягаючы супадзення ва ўсіх пунктах. Сумяшчаць сіметрычныя фігуры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трафе́й, ‑я, м.
1. часцей мн. (трафе́і, ‑яў). Узбраенне і ваенная маёмасць, захопленыя ў пераможанага праціўніка. Трафеяў знайшлі не дужа багата: адну нямецкую вінтоўку без затвора, патроны розных калібраў, ракетніцу і дзве гранаты. Сіняўскі. Не ўратавалі і адхонныя скалы, і навейшая зброя імперыялістаў: фалангістаў разбілі ўшчэнт, і багатыя ваенныя трафеі напоўнілі арсенал пераможцаў. Кухараў.
2. часцей мн. (трафе́і, ‑яў). Рэчы, здабыча як сведчанне або вынік перамогі, поспеху ў якой‑н. галіне. Паляўнічыя трафеі. □ Акуратненька ачысціўшы ад пяску,.. [Лабановіч] палажыў грыбы ў хустачку і з гэтымі трафеямі пайшоў далей. Колас. Амаль з кожных спаборніцтваў .. [Мечыслаў Палом] вяртаецца са спартыўнымі трафеямі. «Беларусь».
3. Арнаментальнае ўпрыгожанне ў выглядзе ваенных даспехаў.
[Фр. trophée.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.
Разм.
1. Незак. да удаць.
2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.
3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.
1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.
2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.
3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́р, ‑а, м.
1. Той, хто валодае чым‑н.; гаспадар чаго‑н. Пасля рэвалюцыі ўцёк кудысь уладар маёнтка, і за валоку не трэба было болей плаціць. Галавач. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны. // Той, хто пэўны час карыстаецца чым‑н. Змена ўладароў калыскі адбывалася са здзіўляючай хуткасцю: Колю папрасіла адтуль Настулька, Настульку — Галка. Кірэйчык.
2. Той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай. Уладар дзяржавы. // Той, каму ўсе падначальваюцца. Усе .. [звяры] мірна сышліся ў гурт і маўкліва і пакорліва, як і птушкі, пазіралі на Лесавіка, свайго ўладара і бога. Вышынскі.
•••
Уладар дум каго, чыіх — чалавек, які робіць моцны ўплыў на каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.
2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.
3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.
4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цю́цька, ‑і, м.
Разм.
1. Сабака. Саломінка то пакручвалася перад сабачым носам, то спрытна ўцякала ад выскаленай пысы, а цюцька бег ды бег, брахаў і брахаў да хрыпаты. Лужанін. // Ласкавы зварот да сабакі. Сабакі хутка ачухаліся. Перасталі яе чапаць. — Цюцькі... Цюцькі... — прагаварыла.. [Фрося] з дакорам. Бядуля.
2. Ужываецца звычайна ў параўнальных выразах са значэннем слова сабака. — З-замерзла я, Толік, як цюцька! — засмяялася Люда. — І ніяк не сагрэцца. Брыль. Мокрыя, як цюцькі, вылезлі мы на бераг. Якімовіч.
3. Ужываецца як лаянкавае слова. — Цяпер тут, брат, гіцаль люцейшы за Мухеля. Адстаўны падпалкоўнік.. Цюцька, якіх свет не бачыў, — дадаў Якаў Гошка. Грахоўскі. «Які ты пан? Ты цюцька руды!» — Так пачыналася пісьмо. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і шчацінне. Толькі дзік, Адзін-адзіны, Той, з кім заяц балбатаў, Хібы ўсе прыкрыў шчацінай Ад брушыны да хрыбта. Калачынскі. Жыў у Старобіне анучнік Шмуіл. Яго ведала ўся наша акруга, а ў Арабінаўцы — кожны падлетак, бо Шмуіл за анучы, шчаціну і ўсякае іншае шмуцце даваў, акрамя мыла, дзёгцю, яшчэ і цукеркі ды мятныя пернікі. Кулакоўскі. Пятровіч толькі ўключыў электрабрытву, каб спляжыць сівую шчаціну са свайго твару, як пачуўся званок. «ЛіМ». А з перавулкаў — жандары — Коні, шаблі, хрып, крык, Плямы раз’юшаных каркаў, Шчаціна ўздыбленых пік. Лойка. Падводы ж зрабілі круг, пераехалі цераз ручай і выбраліся на грэбень узгорка, парослага густой шчацінай маладога сасонніку. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эйш, часціца.
Разм.
1. Ужываецца, каб звярнуць увагу, указаць на што‑н.: вось, глядзі і пад. Калі Марыля даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала: — Эйш, панюся знайшлася надта! Карона з галавы не звалілася б, калі цмокнула б лішні раз у панскую ручку. С. Александровіч.
2. Ужываецца для выражэння здзіўлення, незадавальнення, злосці (звычайна ў спалучэнні са словамі: «як», «які», «колькі» і пад.). [Рыгор:] — Дурань скажа! Я дурня і слухаць не буду. [Яўхім:] — Не будзе ён слухаць! Эйш, які разумны! Чорны. Ідзе немец лёгкім пружыністым крокам, высока ставіць ногі ў кароценькіх ботах з шырокімі халявамі. — Эйш, які рабы чорт, — гаворыць нехта ў мяне за спіною. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)