пава́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.
2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.
3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. Умацаваць для трываласці. [Люба Лук’янская] наняла чалавека, і ён падмацаваў столь, яна выбеліла сцены. Чорны.
2. Падтрымаць, узмацніць чым‑н. Падмацаваць гаспадарку тэхнікай. // Даць паесці, выпіць чаго‑н.; падкарміць. Падмацаваць сябе малаком. □ Двое калгаснікаў, пастаўленых даглядаць рагатую жывёлу, бралі са склепа буракі, каб падмацаваць дойных кароў. Колас.
3. перан. Павысіць значнасць чаго‑н. якімі‑н. доказамі; пацвердзіць. Падмацаваць думку фактамі. □ — Праўда, сынок, праўда — вось гэта рацыя! — махаючы галавою, падмацавала Петрусёвы словы Стэпа. Гартны. [Сакратар абкома] з асаблівым націскам вымавіў апошнюю фразу, падмацаваўшы яе рэзкім жэстам. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паднача́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад падначаліць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў падпарадкаванні каго‑, чаго‑н. Падначалены афіцэр. □ У большасці ранніх паэм Купалы элементы драматычнага дыялогу ў развіцці дзеяння іграюць чыста падначаленую ролю. Ярош.
3. у знач. наз. паднача́лены, ‑ага, м.; паднача́леная, ‑ай, ж. Службовая асоба, якая падначальваецца каму‑н. старшаму па рабоце. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Бывалы лётчык-франтавік паказаў падначаленаму, як трэба лятаць у баявой абстаноўцы. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
1. Узяць пад сваю ўладу каго‑, што‑н.; прымусіць слухацца каго‑н. [Маці] хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Асіпенка.
2. Паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н., прымусіць дзейнічаць адпаведна чаму‑н. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы агульным. Колас. [Булай:] — Плану і толькі плану мы павінны падпарадкаваць усё. Шыцік.
3. У граматыцы — звязаць паводле спосабу падпарадкавання (у 2 знач.). Падпарадкаваць даданы сказ галоўнаму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.
1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала [Ядвіся], куды едзе, і сама не падпісалася... Колас. Аўтар чамусьці не падпісаўся і не падаў свайго адраса. Рэдактар пакруціў канверт — адваротнага адраса і там не было. Грамовіч.
2. Заключыць умову на дастаўку, прысылку падпіснога выдання, унёсшы пэўную плату. Падпісацца на збор твораў. Падпісацца на газету «Звязда». // Выказаць жаданне на ўдзел у зборы якіх‑н. сродкаў, ахвяраванняў і пад. Падпісацца на пазыку.
•••
Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым — ахвотна і поўнасцю згадзіцца з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.
Разм.
1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.
2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паздава́ць, ‑здаю, ‑здаеш, ‑здае; ‑здаём, ‑здаяце, ‑здаюць; зак., каго-што.
1. Аддаць, здаць, перадаць куды‑н., каму‑н. усё, многае. Пазнаваць збожжа дзяржаве. Паздаваць кнігі ў бібліятэку. □ Па загаду цара Ўсіх здаровых і дужых Ад малых да старых Паздавалі ў салдаты. Глебка. Тут жа.. адпускалася поўная норма [малака] тым калгаснікам, што паздавалі свае каровы ў калгас. Колас.
2. Здаць у часовае карыстанне ўсё, многае. Паздаваць кватэры кватарантам.
3. Здаць, раздаць усе карты ў гульні.
4. Здаць усе іспыты. Мы, выпускнікі, пасля таго, як паздавалі экзамены, адчулі сябе вольнымі казакамі. Сабаленка.
5. Спыніць супраціўленне ўсіх, многіх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́н, ‑у, м.
1. Няволя, у якую трапляе чалавек, захоплены ворагам у час вайны. — Мы акружэнне прабавалі двойчы, Пасля, кантужаны, я трапіў у палон. Смагаровіч. Быў сакавік сорак першага года. Для нас, жаўнераў польскай арміі, поўз другі год палону. Маладыя — нічога, трымаліся. А са старых — сямейных мужчын, .. двое ўжо звар’яцелі. Брыль.
2. перан. Стан залежнасці, падпарадкаванасці каму‑, чаму‑н.; знаходжанне ў гэтым стане. Дзе ты, шчасце, дзе прапала? Дзе твой радасны палон? Колас. Самае страшнае, калі чалавек, асвоіўшы гатовыя формы работы, знаходзіцца ў палоне іх і баіцца шукаць новага. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памо́чнік, ‑а, м.
1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; памагаты (у 1 знач.). [Грыша] лепш за ўсіх займаўся ў аўтамабільным гуртку, першым навучыўся вадзіць машыну і быў добрым памочнікам Сцяпану Захаравічу ў дарозе. Жычка.
2. Службовая асоба, якая дапамагаў па службе іншаму, асноўнаму работніку і з’яўляецца яго намеснікам. У воласці я застаў пісара і яго памочніка. Колас. Павел адразу пазнаў у .. [хлопчыку] малодшага брата Івана Сянчэні — Сярожу, які вучыўся на памочніка машыніста. Шахавец.
3. Разм. Тое, што і памагаты (у 2 знач.). Кірыл стаў фашысцкія памочнікам, вылюдкам, як сама Амельяніха яго называла. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)