абшука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць вобыск дзе‑н., у каго‑н. [Начальнік атрада:] — Ну, хлопцы, абшукаць добра ўсе закануркі. Крапіва. За сталом сядзелі памешчык і надзьмуты палкоўнік. — Абшукаць! — быў кароткі загад. Міколку і дзеда старанна абшукалі. Лынькоў.

2. Агледзець старанна ўсё, шукаючы што‑н. Было вырашана абшукаць увесь лес повідну, у выпадку варожай аблавы агню не адкрываць, а хавацца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абавя́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Часцей у знач. вык. з інф. Які мае што‑н. сваім абавязкам, павінен што‑н. выканаць. Успомніў [Піліпчык] самы суровы загад дзядзькі Астапа: усё, што знойдзе ён у лесе ці дзе на полі, абавязаны адразу ж яму паказаць. Лынькоў.

2. каму-чаму. Які знаходзіцца ў даўгу перад кім‑н. Я з маленства табе абавязаны Сэрцам чыстым і светлай душой. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залы́сіна, ‑ы, ж.

1. Аблыселая частка галавы ад ілба над скронню. Рэдкія валасы на гарбузаватай галаве быццам пагусцелі і не відно стала тых залысін, што ўрэзаліся ў глыбіню валасоў. Сабаленка.

2. Месца на ствале дрэва, дзе счасана, садрана кара. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя каросты і залысіны. С. Александровіч. На шэрых ад кары і моху соснах мільгаюць хвацкія залысіны — падсочка. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. запёрся, ‑перлася і ‑пёрлася; зак.

1. Знаходзячыся дзе‑н., замкнуць дзверы на замок, засаўку і пад.; закрыць уваход да сябе. Пік ужо раззлаваўся і, насварыўшыся на жонку, запёрся ў бакоўцы. Быкаў. // перан. Адасобіцца, адмежавацца ад навакольнага свету. Заперціся ў чатырох сценах.

2. Замкнуцца, зачыніцца. Вароты запёрліся.

3. Зак. да запірацца (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́да, ‑ы, ДМдзе, ж.

1. Верх, пакрыццё воза, брычкі, карэты і пад. [Сімон] ужо хацеў загадаць, каб закладалі фаэтон і ставілі буду. Самуйлёнак.

2. Крыты дарожны воз. Балаголаўская буда адляскала коламі па лясной дарозе, выехала на палявы прастор і ўжо набліжалася да маіх родных аселіц. Сабаленка.

3. Шалаш, будан. Іншы раз стаўлялі ў лесе свае буды цыганы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяскро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены крыві або які змяшчае ў сабе малую колькасць крыві; вельмі бледны. Твар [Шабуні] быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага. Мележ.

2. Які адбываецца без праліцця крыві. Бяскроўная рэвалюцыя.

3. перан. Нежывы, мёртвы. [Собіч:] — Хіба ж не паэзія ў тым, што, беручы вось гэтыя сухія, бяскроўныя лічбы, дзе няма ні аднаго слова, я чытаю цэлую найцікавейшую кнігу. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вако́ліца, ‑ы, ж.

1. Ускраіна населенага пункта. [Бацька:] — Вазьму я цябе за руку, выведу за нашу ваколіцу ды пакажу той шлях, якім ты пойдзеш. Каваль. Выйшаў раннем за ваколіцу, і пацягнула мяне ў недалёкі лясок, пад раку, у тыя мясціны, дзе некалі праходзіла маё пастушынае маленства. Кулакоўскі.

2. Тое, што размешчана вакол населенага пункта; наваколле. За Лядамі — Ямнае, Градкі,.. Зарэчча — бліжэйшыя вёскі ваколіцы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ацяпляецца, абаграваецца печкай без коміна. Курная хата. Курная лазня. // Закураны, задымлены. А хто ж Марына і Даніла? Як апынуліся яны У хатцы кінутай, панылай, Дзе сцены курныя адны? Колас.

2. Які вылучае многа дыму, копаці. Курны корч. Курная галавешка. □ Казалі, добра ў адзіноце Пабыць хоць некалькі гадзін, Але ў глушы, пры курным кноце Не доўга выседзіш адзін. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

легенда́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да легенды ​1; з’яўляецца легендай ​1 (у 1 знач.). Легендарнае апавяданне. // Вядомы толькі па легендах; казачны. Легендарнае тэматыка.

2. Авеяны легендамі ​1; незвычайны, небывалы. Легендарныя подзвігі. Легендарнае слава. Легендарны горад.

3. перан. Непраўдападобны, неверагодна, выдуманы. Легендарныя чуткі. □ Так многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляталіся так шчыльна. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лібера́л, ‑а, м.

1. Прыхільнік лібералізму (у 1 знач.); член ліберальнай партыі.

2. перан. Разм. Той, хто ліберальнічае, займаецца шкодным патураннем. [Сівалоб:] — Дзе ваша пільнасць! Вы — гнілы ліберал! Лепш зусім нічога не пішыце пра ферму, чым узносіць на шчыт немаведама каго. Сабаленка.

3. Уст. Чалавек, які свабодна мысліць; вальнадумец. Наздра ў горадзе лічыўся лібералам і сам аб гэтым заўсёды казаў з задавальненнем. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)