няме́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.
1. Станавіцца нямым, траціць здольнасць гаварыць.
2. перан. Змаўкаць, застываць у маўчанні.
Н. ад захаплення.
3. перан. Траціць адчувальнасць; рабіцца нерухомым.
Ногі нямеюць ад холаду.
|| зак. аняме́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е і заняме́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
гарбаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца гарбатым. Цень то выпростваўся, большаў, то смешна гарбацеў, перарываўся, калі я ступаў у якую-небудзь калдобіну ці разору. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лагадне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца лагодным, лагаднейшым. — Дык сядай у машыну, паедзем, — лагаднее трактарыст Мікалай. Бялевіч. Успаміны крыху размякчалі Максіма Сцяпанавіча, ён лагаднеў. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца рабым (у 1 знач.).
2. Здавацца рабым ад наяўнасці чаго‑н. рознакаляровага. Бірка .. ажно рабела ад значкоў. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суро́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Рабіцца, станавіцца суровым, больш суровым. — Ды ўжо ж, — праз хвіліну суровее дзядзька. — Хіба ў аднаго ў цябе не вярнуўся?.. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тужэ́ць, ‑эе; незак.
Станавіцца тугім, больш тугім (у 1–3 знач.). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішчэла пад сонцам. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца халодным (пра надвор’е, ваду). // У мове маракоў — станавіцца больш моцным (пра вецер). Па сініх прасторах, Дзе вецер свяжэе, Пад сцягам чырвоным Плывуць караблі. Звонак. / у безас. ужыв. Дзень сходзіць. Ад рэчкі свяжэе. Грамыка.
2. Набываць больш яркі, свежы выгляд (пра расліны). Свяжэюць у чэрвеньскіх ранішніх росах Мятліца, званочкі, аер. Тарас.
3. Станавіцца бадзёрым, здаровым, больш свежым (пра чалавека). Пасля купання чалавек свяжэе. // Набываць больш здаровы выгляд. Цела на хвіліну свяжэе, лягчэй дыхаецца. Галавач. А варта было ў той жа момант перамяніцца з’яве — і адразу слёзы як ветрам здувала, шчокі [Марфы] свяжэлі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
Разм. Станавіцца больш глухім (у 1, 2, 3 і 5 знач.). Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апладня́цца, ‑яецца; незак.
1. Станавіцца аплодненым. Усё так дзіўна проста! Колькі год Тлумачыла яна [Наста] малым у школе, Як кветка апладняецца. А. Астапенка.
2. Зал. да апладняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэмаралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) дэмаралізаваным. Салдаты ўсё больш дэмаралізаваліся, адчайваліся, цэлымі групамі адставалі. Мележ.
2. толькі незак. Зал. да дэмаралізаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)