спало́ханы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалохаць.
2. у знач. прым. Ахоплены страхам, жудасцю. Раптам у.. [Выжлятніка] з-пад ног пырхнулі два спалоханыя шпакі. Пташнікаў. Спалоханая маці прыціснула малога да грудзей. Корбан. Спалоханы машыніст адхінуўся ад акна, жорстка схапіў руку [Ірыны]. Лынькоў. // Які выяўляе спалох. За дзвярыма спалоханыя крокі, шэпт. Скрыган. У чырвонаармейца быў спалоханы від. Бядуля. Жанчына глядзіць проста перад сабою. Гэта тая самая, што мы бачылі ў гарадскім садзе, з вялікімі спалоханымі вачыма. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыфіка́цыя, ‑і, ж.
1. Вызначэнне і пералік спецыфічных асаблівасцей чаго‑н.; размеркаванне на разрады, групы ў адпаведнасці са спецыфічнымі асаблівасцямі; класіфікацыя. Спецыфікацыя машын.
2. Тэхнічны дакумент, у якім ёсць пералік часцей і дэталей якога‑н. вырабу, а таксама ўказанні на іх колькасць, вагу, сорт і пад.; дакумент з пералікам умоў, якім павінен адпавядаць заказаны прадмет. Скласці спецыфікацыю на абсталяванне. □ [Барыс:] — Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыемна, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ. Скрыган.
[Ад лац. species — від, разнавіднасць і facio — раблю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спіча́к, ‑а, м.
1. Верхняя завостраная частка чаго‑н. Абгніла абалонь, і толькі смаловы стрыжанок вострым спічаком кранаўся зямлі. Кірэйчык. Ярка-бронзавае сонца тырчала на спічаку яліны. Лобан.
2. Вузкая высокая надбудова пірамідальнай або канічнай формы на будынку; шпіль. Як толькі на аэрадроме прызямліўся самалёт і я ўбачыў спічак старой каплічкі, .. у мяне тарганулася сэрца. Скрыган.
3. Тое, што і спіца (у 3 знач.). Узняўся з лаўкі гаспадар, утыркнуў спічак у высокую лапцеву пяту і стаў. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справу́нкі, ‑аў; адз. справунак, ‑нка, м.
Разм.
1. Заняткі, справы. [Жонкі] пойдуць па сваіх хатніх справунках, а едучы дахаты, будуць пытацца ў сваіх мужоў, пра што ж гаварылі ў райкоме. Пестрак. У Слуцку, на рыначнай плошчы, зрабіўшы ўсе справункі, сядзеў Кірыла на сваім возе і перакусваў, збіраючыся дадому. Скрыган.
2. Рэч, якую хто‑н. каму‑н. справіў, купіў; абноўка. Старым, маўляў, ніякіх справункаў не трэба, няхай яны, маладыя, лепш пра сябе ды пра сваіх дзяцей дбаюць. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удзя́чнасць, ‑і, ж.
Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́рус, ‑а, м.
1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.
2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.
3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.
4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наво́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.
2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́лкі, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Не паспелі мы апамятацца, як тут жа падбеглі нейкія людзі, пачалі націскаць нам рукі, вітаць з прыездам, і нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган. // Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Палкі агітатар. Палкі змагар за нацыянальнае вызваленне.
2. Вельмі страсны, гарачы. Палкі пацалунак. Палкі позірк. □ Плывуць на памяць успаміны, Усё перажытае ўстае, Як вобраз любае дзяўчыны, Як палкі бляск яе вачэй. Гурло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Няправільнасць у дзеяннях, учынках, выказваннях, думках і г. д. Памылка ў разліках. □ [Прыборны:] — Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... Шамякін. Першая.. [Сцёпкава] памылка была ў тым, што з таго часу, як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас.
2. Няправільнае напісанне слова. Словы, на якіх мы маглі зрабіць памылку, .. [настаўніца] падкрэслівала тонам або працяжным вымаўленнем. Скрыган.
•••
Памылка друку — памылка ў тэксце, дапушчаная ў час набору, друкавання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́нава, прысл.
1. Не так, як раней, іначай, па-новаму. Пасля зімы чалавек пазнае зямлю нанава. Пташнікаў. Трэба было папраўляць літаральна ўсё.. — іначай кажучы, пісаць аповесць нанава, зусім другой танальнасці. Скрыган.
2. Яшчэ раз; зноў, спачатку. Песня непасрэдна абуджае пачуцці, змушае быццам нанава перажываць радасць, крыўду, нянавісць. Шырма. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет. Чарнышэвіч. І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава Максім Сцяпанавіч не мог. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)