сэцэ́сія, ‑і, ж.

1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.

2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.

[Лац. secessio — пакідаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́злівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыва адчуваць, успрымаць што‑н. [Вера:] — Які ты ўразлівы, ужо і крыўдуе. А баба што — не чалавек? Машара. Вася заўжды ўразлівы, насцярожаны. Яго натуру ўдала падкрэслівае і вонкавы выгляд: непаслухмяна ўзварушаны чуб, кірпаты нос, доўгая шыя на завостраных плечыках, вялікія адтапыраныя вушы, якія ўдзень свецяцца наскрозь. Карамазаў. // Такі, якога лёгка вывесці з раўнавагі. Уразлівае сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхо́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца на ўсходзе, ідзе з усходу. Усходнія вобласці. Усходні вецер. □ Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Домікі ўсходняй ускраіны горада стаяць над самым Дняпром. Брыль.

2. Які мае адносіны да Усходу. Усходняя архітэктура. Усходняя культура. □ [Свіліс:] — Шкада, кальяна ў мяне няма пачаставаць вас па ўсходняму звычаю. Машара.

•••

Усходнія крэсы гл. крэсы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хару́гва, ‑ы, ж.

1. Уст. Баявы сцяг войска. А вецер калыша харугвы палкоў ды чэша барады маскоўскіх паслаў. Вялюгін.

2. Царкоўны сцяг. часцей палотнішча на доўгім дрэўку з вобразамі святых, якое носяць у час рэлігійных свят. Цэлы сінкліт папоў, панаехаўшых сюды нагадавое свята з навакольных парафій, уваходзіў у царкву, за імі.. неслі абразы і харугвы. Машара.

[Ад манг. аронга — знак, сцяг.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Утвараць глухія адрывістыя гукі (пра рухавік, гадзіннік, сякеру і пад.). Недзе працавіта чохкаў рухавічок і з посвістам скуголіла цыркулярка. Сабаленка. Над акенцамі білетнай касы бойка чохкалі просценькія з прычэпленай гайкай-падвескай ходзікі і паказвалі ні многа ні мала — дзевяць. Ракітны. Шоргалі звонкія пілы, гахалі і чохкалі сякеры, цвыркалі скоблі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

-то, часціца вылучальная.

Ужываецца ў сказах пры вылучэнні, падкрэсліванні слова, да якога адносіцца. [Жданаў:] — Так-то яно так, але трэба нешта і нам рабіць. Гурскі. Брат-то ты мой, але еш хлеб свой. Машара. [Астап:] — А не дай жа ты ліха, зусім забыўся. Дзяўчына здарожылася, дзяўчына калі-то мела ў роце, а тут зубы загаварваю, даруй мне старому... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак.

1. чаго. Варачы, нагатаваць у патрэбнай колькасці; згатаваць. Дзе бушавала смерць з пажарам, Разложым ціхі аганёк, Абутак высушым, наварым Салдацкай кашы кацялок. Глебка.

2. чаго. Наплавіць у нейкай колькасці. Наварыць сталі.

3. што. Павялічыць (які‑н. металічны прадмет), прыварыўшы кавалак металу. У кузню заходзіла шмат сялян з навакольных вёсак — хто каня падкаваць, хто парог наварыць. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паддо́пытны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад следствам. Паддопытныя арыштанты. / у знач. наз. паддо́пытны, ‑ага, м.; паддо́пытная, ‑ай, ж. Маёр прывык чуць розныя паказанні, але прызнанне Далінкі было такое нечаканае для следства, што Мядзведзеў не вытрымаў і здзіўлена паглядзеў на паддопытнага. Асіпенка. [Камароўскі:] — Раю пану змяніць тон размовы са мной. Я не панскі паддопытны. Машара. // Які прызначаны для тых, што знаходзяцца пад следствам. Паддопытнае аддзяленне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́хвасцень, ‑сня, м.

Разм. пагард. Той, хто ліслівасцю, услужлівасцю хоча заваяваць чыю‑н. прыхільнасць; падхалім, угоднік. Фашысцкія прыхвасні. □ — Вы, таварышы, едзеце на хлебанарыхтоўкі. Гэта ўсё роўна, што вы едзеце на фронт. Дык будзьце ж там пільнымі, змабілізаванымі, каб кулакі і іх прыхвасні не ашукалі вас. Сабаленка. Зацвярджаўся нейкі панскі прыхвасцень грамадскім солтысам або яшчэ якой шышкай,.. — таксама склікалі людзей на сход. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)