Ныць ’тупа балець; надакучліва гаварыць, скардзіцца; марнець, чахнуць’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нудзіцца, знемагаць’ (Нас., Яруш., Гарэц., Пятк. 2), ’усмажвацца (пра грыбы)’, укр. ни́ти, рус. ныть, польск. дыял. nuć, чэш. nýti, славац. nuť. Чаргуецца з чэш. unaviti ’умарыць’, гл. навец, параўн. *baviti: *byti, на падставе чаго рэканструюецца прасл. *nyti ’знемагаць, нудзіцца’, *naviti ’стамляць’ (узыходзіць да і.-е. гнязда *nau‑/*nəu‑/*nū‑), параўн. літ. nõvyti ’мучыць, марыць, прыгнятаць’, лат. nāvêt, nāvît ’стаміць’, ст.-прус. nowis ’пень’, гоц. naus ’нябошчык’, ст.-ісл. nár ’тс’ і пад (Фасмер, 3, 92; Бязлай, 2, 216; Варбат, Этимология–1973, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карце́ць ’карцець, хацецца’ (Нас., Касп., Бяльк., Шат.), ’трывожыць, непакоіць’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Юрч., Янк. 1), ’згараць ад нецярплівасці штосьці зрабіць’ (Гарэц.), укр. кортить кого ’карціць зрабіць што-небудзь, падмывае зрабіць што-небудзь’, рус. кортеть ’карцець, адчуваць боль’. Апошняе значэнне можа быць крытэрыем для рэканструкцыі семантыкі праславянскага слова. Да яго добра пасуе серб.-харв. кр̀тити ’мучыць’, параўн. семантыку ў выразе тыпу «пакутлівае жаданне» або «знемагаць, чакаючы што-небудзь». Балтыйскія паралелі да прасл. kъrtiti (параўн. яшчэ балг. къртя ’ламаць, біць’, рус.-ц.-слав. чрьсти ’рубіць’): літ. kir̃sti ’рубіць’, лат. cirst (Слаўскі, 2, 71–72). Гл. таксама кароткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́р ’вузкі загон, узараны ўроскідку, пры другім поўным загоне’, ’частка загона, узараная асобна’ (Сцяшк., Сцяц., Лекс. Палесся, 51, 54 з картай). У блізкіх значэннях зафіксавана на ўсходнім Палессі атора, аторка (Лекс. Палесся, 54), аторак, аторыч (Выг. дыс.). Утворана, магчыма, як аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова *атараць з коранем *or‑ і прэфіксам *ot‑, Лекс. Палесся, 54; параўн. адор, адорак ’вузкая градка бульбы’ (Шчарб.), якія маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах. Параўн., аднак, літ. atarà, ãtaras ’канец нівы, папярочная баразна’, лат. atara ’тс’, atar̂t ’паварочваць плуг’, што робіць магчымым таксама запазычанне з балтыйскай на гродзенска-палескім арэале.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўто́рак ’другі дзень тыдня’ (БРС, Нас., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц., Серб., Грыг.), уторак, ваўторак (Рам.), гаўторак (Сцяшк.), аўторнік (Нас.), параўн. укр. вівторок, рус. вторник, дыял. авторок, авторник, польск. wtorek, славац. utorok, чэш. úterek, úterý, славен. vtórək, серб.-харв. у́торак, у̀то̄рнӣк, макед. вторник, балг. вто́рник, ст.-слав. въторьникъ, въторъкъ. Ад vъtor ’другі’, параўн. дру́гадзень ’аўторак’ (Гарэц.), апошняе, магчыма, калька з літ. antrãdienis, лат. otrdiena ’тс’; прыстаўному а‑ можа папярэднічаць пратэза в або г, параўн. Карскі, 1, 261; форма ўторак, відаць, у выніку адпадзення прыстаўнога а, характэрнай з’явы ў паўночна-ўсходніх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑ ’карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣ ’карычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матлашы́ць, мотлошы́ты ’рваць на шматкі, прыводзіць у бязладны стан’, ’біць, дубасіць, нішчыць’ (ТСБМ, Клім.), ’махаць рукамі’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Укр. мотлоши́ти ’тс’, рус., кур. мо́тлах ’анучы, акраўкі, дробныя кавалкі чаго-небудзь’, польск. motłoszyć ’трэсці, тармасіць, драць, рваць, ціснуць’, чэш. matlati ’мяшаць’, ’ціснуць, блытаць, збіваць з толку’, matlanina, matloch ’сумесь’, ’нясмачная каша’, мар. matlocha ’мямля’, motrchati ’збіваць з толку, прыводзіць у бязлад’. Да прасл. matati ’хлусіць’, якое з’яўляецца інтэнсівам на ‑t‑ ад асновы *mā‑ (параўн. мані́ць, ма́ра), роднасным да якога будзе лат. ap‑māt ’махаць’ (Махэк₂, 354). Да мата́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маторны ’шпаркі, жвавы, спрытны, поўны радасці жыцця’ (Федар. 6; гом., Рам. 8; Мал., Ян.; браг., Шатал.), ’вялікі, доўгі, высокі, бялізны, цяжкі’ (Нас.), чэш. motorný ’жвавы, спраўны, спрытны’, nemotorný ’няўклюдны, непаваротлівы’, ’няспрытны, няспраўны’, славац. nemotorný ’тс’. Ст.-чэш. nemotorný ’непрыемны (пра гук)’, а суч. чэш. мае яшчэ значэнне ’бясформенны, цяжкі на выгляд (воз, бочка, нізкая вежа)’, якое можна аб’яднаць са значэннем ’непаваротлівы, няспрытны’. Найбліжэйшымі адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. matarúoti ’махаць бічом, круціць хвастом’, г. зн. ’рабіць частыя рухі’ (Махэк₂, 375), а таксама, магчыма, літ. mèsti ’кідаць’, matãras ’верацяно’, mastýti ’абшываць’, лат. matara ’гібкі дубец’ (Фасмер, 2, 664).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Машата́, машка́, мошка́, машката́, машкара́, машкіра́ ’мошкі’, ’безліч лятучых камароў, матылькоў, мошак’ (ТСБМ, Касп., Мядзв., Яруш., Нас., Сл. ПЗБ, ТС), ’шмат гарэзлівых дзяцей’ (Нас.), машкарэча, машке́ча ’машкара’ (Мат. Гом.), машкарня́, мошкорэ́ча ’тс’ (навагр., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мошка, рус. мо́шка, мошкара, ст.-рус. мъшица, польск. mszyca, н.-луж. psyca ’тс’, чэш. mšice ’тля’. Прасл. mъši. І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muso, лат. muša, mũsa, літ. musià, musė̃ ’муха’, ст.-грэч. μυῑα, лац. musca, ст.-сакс. muggia, ст.-в.-ням. mucka ’камар’, алб. mizë ’тс’ (Траўтман, 191; Фасмер, 2, 667).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́за1 ’мыса, морда жывёлы (каня, каровы, авечкі)’ (Мал., Дразд., Кліх, Булг.; навагр., Жыв. сл.; Шат., Сл. ПЗБ), ’мордачка малой жывёлы’ (Сцяшк.), ’твар’ (лях., Сл. ПЗБ). Да мыса (гл.).

Мы́за2 ’сядзіба, хутар у Прыбалтыцы’, ’дача’, ’мястэчка’, ’маёнтак, вёска аднаго пана’ (ТСБМ; бых., маг., Яшк.). Яшчэ ст.-рус. мы́за ’сядзіба, хутар’ (XVI ст.). Узыходзіць да эст. mõiz, водск. mõiza ’маёнтак, двор, сядзіба’, ці ліўск. moiz ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 23). У бел. мове праз рус. мы́за ’тс’ або лат. muīža — апошняе з ліўск. або эст. моў. Сюды ж мы́знік ’уладальнік, арандатар сядзібы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)