несало́дкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае салодкага смаку. Несалодкі тварог.
2. перан. Без радасці, невясёлы. Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык.. [на Вогненнай зямлі] мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры. Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паля́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Ляпаць некаторы час. Раман адышоўся на загон, падняў з зямлі брусок і паляпаў па касе. Пташнікаў. Нехта ціха пастукаў у шыбіну. Счакаў і паляпаў яшчэ. Грахоўскі. — Дык не падайце духам, — паляпаў на развітанне Рыгора па плячы Рымар. — Усё будзе добра. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папае́здзіць, ‑езджу, ‑ездзілі, ‑ездзіць; зак.
Разм. Ездзіць доўга, неаднаразова. [Юра:] — Ох, і люблю я на конях ездзіць! Я як гасціў гэтым летам у дзядзькі Міхася, — .. дык і папаездзіў! Васілевіч. Дарогу на Нясвіж Мікола ведаў добра: за тры гады вучобы ў семінарыі ён тут папахадзіў і папаездзіў. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зла́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм.
1. Патрапіць рабіць што‑н. узгоднена, стройна. Зладзіцца пець. Зладзіцца танцаваць.
2. Атрымацца, уладзіцца. — Ніна — дзяўчына добрая, .. — пахваліла Ганна. — І табе, Зоська, чалавек добры надарыўся, лепшага і я табе пажадаць не магла. Дык няхай бы ўсё яно зладзілася, як трэба. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каму-чаму.
Аднесціся са спачуваннем да каго‑, чаго‑н., выказаць спачуванне каму‑н. — Бедненькі хлопчык, — паспачувала мне цётка Стася. — Дык што ж ты цяпер рабіць будзеш? Сабаленка. — Кожны бядзе нашай паспачувае, кожны яе пачуе... Не можа быць, каб не пачуў... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паца́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Злёгку пасварыцца або пабіцца. [Галай:] — Я быў знайшоў .. [Прусавай] прытулак. Дык што ты думаеш, у першы дзень з гаспадаром пацапалася, на вуліцы мітынгаваць пачала. Асіпенка. [Аляксей:] — Гэта ж не тое, што я з кім пацапаўся, а потым пахадзілі-пахадзілі і зноў сябры. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашму́ляцца, ‑яецца; зак.
Разм. Тое, што і перацерціся (у 1 знач.). Як толькі дзядзька Адам стаў на жардзіну і пачаў на ўсю сілу падбіваць, дык ці то таму, што перашмулялася вяроўка, ці таму, што хлопцы нядбайна прывязалі жардзіну, яна пасунулася ўніз, і Адам паляцеў на зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Расчысціць, вызваліць, кідаючы ў бакі тое, чым што‑н. засыпана, загрувашчана. — Трэ было б.. сцежку да склепа пракідаць.. Замяло, дык цяпер ні прыступу. Калюга.
2. Кідаць некаторы час. Пракідаць лапатай зямлю цэлы дзень.
пракіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да пракі́даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. У выразе: каб прымеў — калі б мог. Цяпер жа гэты лес быў такі мілы і жаданы, што каб прымеў, то абняў бы яго і цалаваў. Колас. Малецкая ўсёй сваёй істотай ненавідзела такіх бацькоў, каб прымела, дык немаведама што ім зрабіла. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пусцяко́віна, ‑ы, ж.
1. Што‑н., не вартае ўвагі; дробязь. [Гарлахвацкі:] Можа, у вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка, ну самая такая пусцяковіна, якая магла паслужыць повадам для плётак. Крапіва.
2. Глупства, лухта. [Чмаруцька:] — Язык у мяне на якую пусцяковіну, дык ён, не раўнуючы, як той экспрэс колішні. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)