непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.

1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.

2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несціха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.

2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́нава, прысл.

1. Не так, як раней, іначай, па-новаму. Пасля зімы чалавек пазнае зямлю нанава. Пташнікаў. Трэба было папраўляць літаральна ўсё.. — іначай кажучы, пісаць аповесць нанава, зусім другой танальнасці. Скрыган.

2. Яшчэ раз; зноў, спачатку. Песня непасрэдна абуджае пачуцці, змушае быццам нанава перажываць радасць, крыўду, нянавісць. Шырма. Гендарсан ціхенька ўстаў, адзеўся, пайшоў у кухню, памыўся халоднай вадой і адчуў сябе так бадзёра, нібы нанава нарадзіўся на свет. Чарнышэвіч. І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава Максім Сцяпанавіч не мог. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.

Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.

Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы 1 (пасля галосных б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы 2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кацаве́йка ’кароткая кофта на ваце, футры або на падкладцы, кабат з рукавамі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кацаве́йка ’кароткая куртка, кофта’, укр. кацаве́йка, кацаба́йка, куцба́йка. Паводле Фасмера, 2, 212–213, запазычанне праз польск. kucbaja, kuczbaja (і, магчыма, формы, узятыя з укр., kacabajka, kacawejka) з ням. мовы. Параўн. ням. Kutzboi ’грубае сукно’ (якое мае далейшыя сувязі ў ням. лексіцы). Гл. яшчэ падрабязна ў Слаўскага, 2, 11–12. Да гэтай групы слоў адносіцца і бел. кучбай ’тканіна з шэрсці’ (Нас.). Шанскі (2, К, 103) мяркуе, што ўкр. кацаве́йка (якое было формай-пасрэднікам і для некаторых форм іншых моў) узнікла з кацабайка пад уплывам дзеяслова веять, развеваться, з якім, быццам па народнай этымалогіі, было звязана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галалёдзіца. Параўн. рус. гололе́дица, укр. гололе́диця (гэта слова не адзначана ў Шанскага, 1, Г, 120), славац. дыял. holoľadica, славен. gololedica. Можна меркаваць, што гэта ўтварэнне суфіксам *‑іса ад *gololedъ ’тс’ (агляд літ-ры гл. у Шанскага, там жа). Іначай, але, здаецца, не вельмі пераканаўча Гараеў (107) і Праабражэнскі (1, 141) звязваюць *gololedica з голоть (голодь) і далей з укр. ожеле́диця, ожеледь (якія быццам маюць і.-е. сувязі). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 431–432. Сюды ж і галалёд ’галалёдзіца’ (агляд форм і геаграфіі слоў галалёдзіца, галалёд гл. у Яшкіна, 45). Параўн. рус. гололед, славен. gololèd, далей польск. gołoledź. Слаўскі (1, 314) лічыць і *gololedъ і *gololedica праславянскімі фармацыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъ ’голы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кала́ндыш ’целяпень, непаваротлівы чалавек’ (івац., Нар. сл.). Фармальна як быццам бы няма пярэчанняў супраць таго, каб суаднесці з каланда́ (гл.), для якога можна рэканструяваць значэнне ’кашалёк, каліта’. Параўн. да семантыкі бел. дыял. капшук ’мяшочак (для тытуню і інш.)’ і ’жывёла, якая многа наядаецца’. Гэту версію, аднак, нельга лічыць задавальняючай (словы адзначаны ў розных гаворках, семантыка каланда не вельмі ясная, няма надзейных прыкладаў прапанаванай намі семантычнай мадэлі ’тоўсты кашалёк’ — ’целяпень’). Больш пэўна суаднесці каландыш і карантыш, мяркуючы мену плаўных і азванчэнне зычнага. Не выключана, што гэтыя змены — вынік пранікнення слова ў іншыя гаворкі, унутраная форма не асэнсоўваецца і таму пачынаюцца фармальныя змены. Аб далейшай этымалогіі гл. карантыш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)