расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.

2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.

3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.

4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раць, ‑і, ж.

Уст., паэт.

1. Войска, ваенны атрад. За справу святую свабоды і чэсці Ідзе незлічоная, дужая раць. Броўка. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці, Свабоду, мір, як іх ганцы, Прыносяць кожнай хаце. Колас. // перан.; каго-чаго ці якая. Разм. Пра вялікі натоўп, пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Пра што .. [Кастусь] напісаў бы? Ну, вядома, пра лясных жаваранкаў.. Пра Нёман і квяцістыя лугі, калі на іх выходзіць раць дужых касцоў. С. Александровіч. Жанчыны пятай брыгады, убачыўшы гэтую раць [калгасніц], ад здзіўлення анямелі. Дуброўскі.

2. Бітва, вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул. Рокат матора, .. рэзкі шум барабана зліліся ў суцэльны гул. Хадкевіч. Недалёка бліснула маланка, і праз лязгат гусеніц данёсся рокат грому. Мележ. Мора бушавала, яго рокат аглушыў юнака, ахапіў усю істоту. Жычка. // Густое, прыглушанае гучанне галасоў. Гудзе сход, як цёмная пушча пад напорам буры. Асобных слоў не чуваць, адзін густы рокат поўніць школьную залу. Колас. // Меладычныя, пералівістыя гукі. Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.

1. Паставіць подпіс для пацвярджэння, пасведчання чаго‑н. Шафёр працягнуў Веньяміну дарожны ліст. — Падпішыце. Мне на базу трэба. Навуменка. // Прыняць якія‑н. абавязацельствы, умовы і пад., змацоўваючы іх подпісам (подпісамі). Падпісаць дагавор. □ Вярнуўшыся з Прыстанькі з усімі асцярогамі, настаўнікі разышліся хто куды, з тым, аднак, каб вечарам сабрацца ў школе для абмеркавання пастановы і падпісаць яе. Колас.

2. Зрабіць які‑н. надпіс, паметку на чым‑н. Падпісаць сшытак.

3. Уключыць у лік падпісчыкаў. Падпісаць на газеты і часопісы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.

2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.

•••

Нямая карта гл. карта.

Нямое кіно гл. кіно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.

2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Зрабіць некалькі рухаў; пашавяліцца. Усе трое сядзелі хвіліну нерухома, баючыся дыхнуць, не тое што паварушыцца. Шашкоў. Старшыня рэўкома папярэдзіў: без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Грахоўскі.

2. перан. Заняцца чым‑н., праявіць актыўнасць у чым‑н. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць .. [Савіча] ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Шамякін. Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуці́на, ‑ы, ж.

1. Сетка з тонкіх нітак або асобная тонкая нітка, утвораная з клейкага рэчыва, якое выдзяляецца павуком. Павуціна плялася ад бэлькі да бэлькі. Бядуля. У кляновых лісцях віснуць павуціны. Куляшоў.

2. перан. Тое, што падобна на такую сетку, нагадвае яе. Павуціна правадоў. Павуціна маршчын. □ Так жа хацелася б змахнуць з таго акенца жалезную павуціну крат, .. разлупіць наросхрыст сцены вагона. Брыль.

3. перан. Тое, што падпарадкоўвае сабе, аблытвае каго‑н. Павуціна хлусні. Павуціна забабонаў. □ У іх фантазіі дзяцінай, Затканай страху павуцінай, Ўстаюць начныя страхі, здані. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.

2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́мітка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Доўгі вузкі кусок кужэльнага палатна, звычайна з каймой або вышыўкай. Здавалася,.. што іконы ў залачоных рамах, ахінутыя белымі льнянымі наміткамі і ручнікамі, вось-вось не вытрымаюць хістання цяжкага, гарачага духу хаты і ўпадуць. Паўлаў. / у перан. ужыв. Лёгкай наміткай слаўся па балоце шызы туман. Шчарбатаў. Поле было заслана наміткай сіняватай смугі, а лес за ім стаяў сіні-сіні. Навуменка.

2. Даўні галаўны ўбор замужніх жанчын. На яе галаве красуецца намітка з вышытымі канцамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)