ну́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго і без дап.

Разм. Гаворачы «ну», паганяць каня або падганяць скаціну. Ходзіць, нукае Араты. Танк. Пастухі выганялі ў поле гавяду. Трубілі ў бяроставыя трубы, гралі на жалейках, крычалі і нукалі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́гласць, ‑і, ж.

Даль, прастора, раздолле. Нарэшце выехалі з лесу ў чыстае поле. Разлегласць яго раскінулася зялёным дываном ярыны і азіміны. Сабаленка. На ратушы ўзвіваўся чырвоны сцяг, узняты Адасем Гушкам. Ён быў відзён здалёк, на ўсю разлегласць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узго́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ўзгоркамі, з вялікай колькасцю ўзгоркаў. Узгорысты востраў. Узгорысты рэльеф. □ Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Караткевіч. Хочацца вось так, дыхаючы на ўсе грудзі, ісці прасёлкавай дарогай, глядзець на лес, па ўзгорыстае шэрае поле. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Брэт ’пакаленне’ («у етум брэ́ці…»; Буз.). Магчыма, пераклад слова не зусім дакладны. Параўн. польск. bret, bryt ’тэрыторыя, прастора, зямля, поле, ніва’ (з ням. Breite ’шырыня’, Варш. сл., 1, 216; Брукнер, 43).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бульбяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да бульбы. Бульбяное поле. // Прыгатаваны з бульбы. Бульбяная каша. Бульбяны суп. □ [Аксіння] ўзяла .. малака, напякла наздраватых бульбяных аладак. Мележ.

2. у знач. наз. бульбяна́я, ‑ой. Кафэ, у меню якога пераважаюць стравы з бульбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акры́ць, акрыю, акрыеш, акрые; зак., каго-што.

1. Накрыць; ахінуць. Ніна падышла і, разгарнуўшы скрутак, акрыла плечы Амілі квяцістым шоўкам, пацалавала сяброўку. Алешка.

2. Пакрыць; ахінуць, агарнуць. Густа жыта маладое Поле ўсё акрыла, Лапушное, сакаўное — Проста глянуць міла. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хапіцца, ‑юцца; зак.

Разм. Нечакана і хутка з’явіцца адкуль‑н. Полымя выхапілася з-пад страхі. □ За лесам выхапілася поле, потым надышоў пералесак, вузенькая ручаіна. Мележ. Дзікія качкі выхапіліся аднекуль з-за лазнякоў і спалохана шуганулі ў неба. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радко́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з пасевам або пасадкай радкамі. Радковая сяўба, пасадка бульбы гнездавым спосабам зрабілі поле такім, як бы хто дбайнаю, умелаю рукой даў кожнаму каліўцу сваё месца. Броўка. Вясною значная частка зямлі была засеяна радковай сеялкай. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасо́ннік, ‑у, м.

Сасновы лес. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Мележ. Дарога спускаецца ў глыбокі і доўгі лог, туды, дзе пад старымі панурымі ялінамі гусціўся сасоннік і ядловец, дзе было асабліва цёмна і сцішна. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́ткасць, -і, ж.

1. Ступень інтэнсіўнасці, шпаркасці руху каго-, чаго-н. або распаўсюджання чаго-н.

Поле ачышчалася ад снегу з небывалай хуткасцю.

Высокая х. стральбы.

2. Ступень скорасці руху або вярчэння некаторых машын (аўтамабіля, станка і пад.), звязанае з парадкам узаемадзеяння дэталей каробкі перадач.

Уключыць х.

Ехаць на трэцяй хуткасці.

3. У механіцы: адносіны пройдзенага целам шляху да часу, за які гэты шлях пройдзены.

Раўнамерная х.

|| прым. ху́ткасны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Х. аўтобус.

Х. доступ у інтэрнэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)