Катэгары́чны ’катэгарычны’ (ТСБМ, БРС). Рус. категорический, укр. категори́чний ’тс’. Крыніцай запазычання для бел. і ўкр. моў, відавочна, з’яўляецца рус. лексема, якая была вядома ў рус. мове з пачатку XVIII ст. (сустракаюцца формы категорически, прыслоўе — 1718 г., категоричный — 1714 г.). Паводле Фасмера, 2, 210, крыніцай рус. слова магло быць ням. kategorisch або франц. catégorique. Першакрыніцай з’яўляецца грэк. κατηγορία ’абвінавачванне’, ад якога ўзята (праз лац. categoria) ням. Kategorie, франц. categorie. У рус. мове катего́рия адзначаецца з 1722 г. Іншыя гісторыкі мяркуюць, што грэч. κατηγορία — тэрмін, прыдуманы і ўведзены Арыстоцелем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск. katedra. Апошняе ўзята з лац. cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч. καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац. katedra, укр. дыял. кате́дра, балг. кате́дра, серб.-харв. ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням. Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Найстры́ць ’навастрыць’, найстрыны ’навостраны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Паводле Карскага (1, 159), вытворнае ад істрыць (гл.): у гаворках, якія ведаюць на месцы о ненаціскнога ў пэўных складах ы, пачатковае о ненаціскное ў некаторых словах змяняецца ў і, паколькі ы ў пачатку слоў не сустракаецца: спяць, ігарод, ігурец, імбарь — усе прыклады з паўночнага Усходу Беларусу дзе і фактычна не на месцы o, а замяніла рэдукаваны галосны, які з’явіўся на яго месцы. Аднак фіксацыя найстрыць на захадзе ставіць пад сумненне такое тлумачэнне. Магчыма, тут уплыў форм тыпу войстры, гойстры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўчу́к ’каўчук, эластычнае рэчыва, якое здабываецца з млечнага соку некаторых трапічных раслін або штучным спосабам і выкарыстоўваецца для вырабу гумы’ (ТСБМ, БРС). Паводле Фасмера, 2, 211, запазычана з ням. Kautschuk або франц. caoutchouc. Шанскі (2, К, 100) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова ўзята з франц. на пачатку XIX ст. і ўпершыню фіксуецца ў слоўніку 1816 г. Франц. слова ўзята з мовы лацінаамерыканскіх індзейцаў. Паводле Фасмера, там жа, крыніцай з’яўляецца слова cahuchuc з індзейскай мовы майнас. Не абгрунтаваны пункт погляду аб запазычанні слова з англ. крыніцы. Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтэліге́нцыя. Крыніца: лац. intelligentia ’разуменне’. Значэнне ’грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай працай’ сфарміравалася раней, відаць, у польск. мове (першапачаткова inteligencja ’цямлівасць, кемнасць’), адкуль трапіла ў рус. у сярэдзіне XIX ст.; да гэтага часу рус. интеллиге́нция ўжывалася ў значэнні ’разумнасць, свядомасць, дзейнасць розуму’ (Вінаградаў, Этимология. 1964, 111–113; Шанскі, 2, I, 94). З рускай слова запазычана ў зах.-еўрап. мовы (Баравы, Путь слова, 330). У беларускай інтэлігенцыя ў пачатку XX ст. з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77). Паводле Шанскага (2, I, 94), интеллиге́нт — зваротнае ўтварэнне ад интеллигенция.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́савы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім удзельнічае вялікая колькасць людзей. Масавы рух за датэрміновае выкананне пяцігодкі. □ Сярод многіх палонных нараджаліся думкі і планы аб ўцёках, аб змаганні з нямецкай салдатнёй, аб .. масавым уцёку. Чорны. // Які закранае вялікую колькасць людзей, не з’яўляецца адзінкавым. Масавы гераізм. □ У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. Купала з вялікай пранікнёнасцю і глыбінёй наказаў масавае абеззямельванне сялянства. Івашын.

2. Прызначаны для шырокіх колаў насельніцтва. Тавары масавага ўжытку.

3. Які з’яўляецца прадстаўніком шырокіх мае. Кніга адрасавана масаваму чытачу.

4. Які выпускаецца ў вялікай колькасці. Масавы тыраж кнігі. Масавая вытворчасць тэлевізараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́ча 1, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. даць (у 8 знач.). Дача паказанняў. □ Густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Колас.

2. Порцыя, якая даецца на адзін прыём ці на пэўны перыяд. Дзве дачы аўса. Сутачная дача сена.

да́ча 2, ‑ы, ж.

Загарадны дом для летняга адпачынку гараджан. Пабудаваць дачу. Зняць дачу. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо некуды ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак.

да́ча 3, ‑ы, ж.

Частка лясніцтва, вылучаная ў самастойную гаспадарку; участак зямлі пад лесам. Лясная дача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карча́га 1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася. Гурскі.

карча́га 2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім. «Беларусь».

2. Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазы́ка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Грашовая аперацыя, якая заключаецца ў тым, што некаторая сума грошай бярэцца ў доўг на пэўных умовах звароту. Дзяржаўная ўнутраная пазыка. Узяць пазыку. Выплаціць пазыку.

2. Выдача ў доўг на пэўных умовах грошай, рэчаў і інш., а таксама грошы, рэчы і інш., узятыя ў доўг. Сярэднія сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць. «Весці». А што калі б Ладуцька для пачатку паспрабаваў узяць у дзяржавы грашовую пазыку? Краўчанка. Дзяржава дала насенную пазыку. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)