упрасі́цца, упрашуся, упросішся, упросіцца; зак.

Разм. Настойліва просячы, дамагчыся чаго‑н. Ноч [хлопцы] .. не спалі ад страху. А раніцай упрасіліся на калгасную машыну і, прыехаўшы ў мястэчка, расказалі.. пра ўсё, што ўбачылі ў былым партызанскім лагеры... Нядзведскі. Па дарозе [сяржант] упрасіўся не паказваць яго ўрачам, а перавязаць самой [Марыі] і сказаць камандзіру роты, што служыць можа. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёмначы, прысл.

Разм. Цёмнай парой; зацемна. [Юрка] выйшаў з дому цёмначы, яшчэ над лесам стаяла ноч. Чарнышэвіч. — А звычайна калі ён [Мішэль] прыходзіў? — Як вячэрняя паверка канчаецца. Каб паспець і ў мяне пабыць, і яшчэ цёмначы назад, у лагер вярнуцца... Сачанка. // У цемнаце. — Завод вунь там, зусім блізка ад шашы. — Цёмначы не заўважыў, — сумеўшыся, апраўдваўся хлапец. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.

1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.

2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.

3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.

4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́лах, ‑у, м.

1. Тое, што і спалох. На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. Сполах... Крыкі... Страляніна... Стогны... Бядуля.

2. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Паўночнае ззянне; водбліск паўночнага ззяння. Сполахі ў небе стаўляюць шатры Пад громы лядовых удараў. Колас.

3. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Успышкі маланкі; зарніца; водбліскі зары. Зарава.. калыхала ўсё болей і болей, пераліваючыся залацістымі сполахамі ў касматых клубах навальнічных хмар. Лынькоў. Гэта была пара самага моцнага сну, калі ноч збіраецца ў дарогу ад ледзь прыкметных яшчэ сполахаў зары. Галавач. // Успышкі агню, святла. Нягледзячы на моцны мароз, людзі працавалі на рыштаваннях, успыхвалі блакітныя сполахі электразваркі. Стаховіч. І калі тузалі жоўтыя сполахі выбухаў, бы большала. Карпаў. Усю ноч над горадам трапяталі сполахі велізарнага зарава. Пятніцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ствараць грукат. Ноч над зямлёй плыла. Грукала навальніца. Калачынскі. Зямлю скаваў мароз, і боты грукаюць на ўсё наваколле. Шамякін. // Шумна, з сілай біць, удараць. Як у бубен, у памост Грукаюць падковы. Бялевіч.

2. Тое, што і грукацца (у 1 знач.). Калі каму трэба было чаго, дык ён грукаў у брамку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора. Шамякін. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». // Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.

•••

Воднае пола гл. пола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выклю́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца выключэннем з агульных правіл, са звычайных нормаў.

2. Асаблівы, незвычайны; рэдкі. Справа мае выключнае значэнне. □ Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. Шамякін. // Разм. Вельмі добры. Выключнае ўражанне. □ — Выключная юшка! — не ўстрымаўся Сярго, каб не пахваліць ежу. Гурскі.

3. Які з’яўляецца асаблівасцю толькі лапай асобы, калектыву ці рэчы. Выключная заслуга вучонага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Калядная пара; калядная ноч. Ражок хусткі ўвачавідкі рудзее, бы гэта яна, Наста, тупае не за возам па грэблі, а дома ля чалесніка ў калядніцу. Пташнікаў. Тое, чаго такароўцы пужаліся болей ста год падрад — ад дзядоў да ўнукаў і праўнукаў — насунулася раптам на іх, як воўк на дарозе ў калядніцу на адзінокага падарожніка. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарні́ца 1, ‑ы, ж.

Светлавая ўспышка на небе, без грому — водбліск далёкай навальніцы. Ноч стаяла трывожная, з зарніцамі і далёкімі грымотамі. Карпаў. Бывае часам, калі пасля доўгіх тыдняў духаты і спёкі загараюцца на далёкім вячэрнім небасхіле палахліва-мітуслівыя зарніцы. Паслядовіч.

зарні́ца 2, ‑ы, ж.

Пустазелле або дэкаратыўная травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі ці фіялетавымі кветкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да зоркі (у 1 знач.), зорак. Зорная астраномія. □ Над цёмным дахам усё паварочвала свой зорны коўш Вялікая Мядзведзіца. Чыгрынаў.

2. Пакрыты, усеяны зоркамі; з мноствам зорак. Ноч цёмная, зорная, ціхая. Дамашэвіч.

3. Які ідзе з розных месц да аднаго пункта. Зорны прабег. Зорны паход.

•••

Зорны год гл. год.

Зорны дождж гл. дождж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)