нашча́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.

2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.

3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).

2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія, звешаныя ўніз галіны (пра некаторыя дрэвы і кусты). Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад. Купала. Чучаны былі аддзелены ад Сёмкава Гарадка поплавам, праз які перакінута грэбля, абсаджаная плакучымі вербамі. Новікаў. // Які звісае ўніз, апушчаны ўніз (пра галіны такіх дрэў). Мне раптам уяўляецца, што ўсе гэтыя бярозы сталі ў паўабхвата таўшчынёю, голле на іх густое, плакучае... Кулакоўскі.

2. Уст. Тое, што і плаксівы. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракра́сціся 1, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.

Разм. Зрабіць значны крадзеж, растрату; папасціся ў сістэматычным, працяглым крадзяжы. Ермачэнка зусім пракраўся,.. неяк сухім выбраўся назад у Прагу, адкуль ён прыехаў некалі ў Мінск. Новікаў. Пракраўся кладаўшчык. І вось ён пад судом. Корбан.

пракра́сціся 2, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.

Ціха, непрыкметна прабрацца куды‑н. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да тых складаў і устанавіць міны. Краўчанка. Позняй раніцай Ціток па загуменні пракраўся ў сваё гумно. Лобан. // перан. Непрыкметна пранікнуць (пра пачуцці, думкі і пад.). Шчырае заспакаенне пракралася ў душу. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задры́паны, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задрыпаць.

2. у знач. прым. Заношаны; у брудным, неахайным адзенні. [У дзвярах], як у раме, з’явіўся мужчынка. У старых галёшах на босую нагу, у нейкіх задрыпаных штоніках. Брыль. [Тумашу] дык ужо грэх быць такім задрыпаным,.. мог бы.. апрануцца прыстойна. Новікаў.

3. у знач. прым. Непрыглядны, заняпалы, нікуды не варты. Вялізныя дамы, аблезлыя, задрыпаныя, глядзелі на вуліцу пабітымі вокнамі. Галавач. // Маламаёмасны, бедны. — Малайчына ты, пане Тодар! Уга! Зірні на гэту задрыпаную малінаўскую шляхту! Хто яны перад табою! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыплама́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі. Нашых дыпламатам трэба было прыкласці нямала сіл, энергіі і вытрымкі, каб паказаць міжнародныя падзеі ў іх сапраўдным святле. Новікаў. Сын працуе дыпламатам у адной заакіянскай краіне, дачка ў горадзе метэаролагам. Дуброўскі.

2. перан. Чалавек, які тонка і ўмела вядзе сябе з іншымі людзьмі для дасягнення якой‑н. мэты. Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. Колас. — Аднак дыплама-ат! — пакруціў галавой Жданковіч. Размова ажывілася, зрабілася больш простай і непасрэднай. Шамякін.

[Фр. diplomate.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі гарачы, здольны спальваць, паліць. Пякучыя прамяні сонца. Пякучае вуголле. □ Пякучы дробны пясок дыміў па палях. Бядуля. // Які выклікае адчуванне апёку, прычыняе востры нясцерпны боль. Пякучы мароз. □ Часта дзьмуў пякучы сівер. Паслядовіч. Мікола выпіў. Ром быў пякучы, аж захапіла дых. Новікаў. // перан. З’едлівы, калючы, востры. Пякучае слова. Пякучы язык.

2. перан. Які вельмі востра, балюча перажываецца; пакутлівы. Мінаў час. Залечваліся раны; гора, аддаляючыся, рабілася ўжо не такім пякучым. Шахавец. Задрыжала рука, у якой капітан трымаў пісьмо, заныла сэрца ад пякучай крыўды. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разлічыць.

2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

селядзе́ц, ‑дца, м.

1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.

2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.

•••

Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.

2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)