нае́зд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наязджаць (гл. наехаць у 1 знач.). Наезд машыны на чалавека.

2. Прыезд каго‑н. куды‑н. на нейкі час. З сваіх нядоўгіх наездаў у родную вёску я ведаў, што суседзі-гусараўцы жывуць самі сабе, ні багата і ні бедна. Ракітны. // у знач. прысл. нае́здам, нае́здамі. Прыязджаючы зрэдку і ненадоўга. Гаспадаркай.. [пан] цікавіўся мала, жыў у Мінску і бываў у маёнтках толькі наездам. С. Александровіч.

3. Раптоўны набег, напад вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Кандрат Вус, зачуўшы наезд польскай конніцы, .. кінуўся на задворкі, каб драпануць адтуль у лес. Колас. Не задаволіліся карнікі адным наездам, дзён праз два паведаліся яшчэ раз. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пульсава́ць, ‑суе; незак.

1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.

2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяке́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы пеклу, такі, як у пекле. І вось пачалося змаганне Дабра і прадвечнага зла, Світальнай зары і змяркання, Пякельнай начы і святла. Танк.

2. Разм. Вельмі цяжкі, нясцерпны; пакутлівы. Пасля двух пякельных баявых дзён рота лейтэнанта Клямта была адведзена з пярэдняга краю. Мележ. У душы маёй заўсёды быў нейкі пякельны разлад. Купала.

3. Разм. Незвычайны па ступені праяўлення; страшэнны. Пякельная спёка. Пякельны боль. □ Усё цела паліў пякельны агонь, трашчала ад болю галава, ліўся густы пот. Дуброўскі.

4. Разм. Жорсткі, бесчалавечны. Нямала людзей з маёй вёскі не вярнулася з вайны, нямала дзяцей і дарослых загінула ў часы пякельнага рэжыму фашысцкай акупацыі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радня́, ‑і, ж.

1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уня́ць, уйму, уймеш, уйме; уймём, уймяце; пр. уняў, уняла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Угаварыць або прымусіць каго‑н. супакоіцца, перастаць хвалявацца, крычаць, плакаць і пад. — Аўдоцця... — хоча перапыніць яе крык сам Анішчык, але дзе табе ўняць бабу, калі яна захацела пакрычаць. Мурашка. Нейкі час цяжкавата было аднавіць парадак, уняць гаваркіх. Кавалёў.

2. Суняць, супакоіць (пачуцці, боль і пад.). Я не супакойваў жанчыну, — я ведаў, што боль матчынага сэрца нельга ўняць нічым. Сачанка. Хлопец не можа ўняць дрыжыкаў. Навуменка. Уласнаю персонай Вяртаўся ён з раёна І смагі аніяк не мог уняць. Вітка. // Спыніць (кроў, слёзы). Спярша .. [тэлефаніст] прыклаў два пальцы к параненаму месцу, каб уняць кроў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.

2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. У якім няма ніякага парадку, ладу; хаатычны. Да моста рынуўся бязладны натоўп пехацінцаў, іх да парэнчаў прыціскалі коннікі. Грахоўскі. Збіраў [Блешчык] думкі, якія разляталіся бязладныя роем. Лынькоў.

2. У якім няма пэўнай сістэмы, паслядоўнасці, рытму. Наколькі можна было зразумець яе [дырэктрысы] бязладны ад хвалявання расказ, Томі быў адвезены дахаты яшчэ раніцай нейкай жанчынай. Лынькоў. Паволі прыходзілі ў .. парадак дагэтуль неасэнсаваныя, бязладныя думкі. Пестрак. Няйначай, як у іх тут была вялікая бязладная гамонка Ці нейкі невядомы рытуал, кожны рабіў што хацеў. Скрыган.

3. Пазбаўлены пэўнай арганізаванасці, планамернасці. У зале пасяджэнняў Камітэта, які займаўся справамі каланіяльных краін, падапечных і залежных тэрыторый, панавала тая бязладная атмасфера, калі кожны быў заняты сваімі справамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.

2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.

3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Стукам, ударамі перадаць што‑н. Адступаць мелодыю. Адступаць тэлеграму. // Разм. Надрукаваць на машынцы. Адстукаць старонку тэксту. // Прабіць, адлічыць (пра час). Адстукаў гадзіннік Дванаццаць гадзін, Год новы страсае Сняжок на парозе. Хведаровіч.

2. Прапрацаваць нейкі час (малатком, сякерай, тэлеграфным ключом і пад.). Пайшоў наш хлопец да местачковага шаўца Янкеля.. стукаць малатком, ладзячы атопкі. Адстукае ён там патрэбныя гадзіны і зноў ходзіць па мястэчку. Шахавец. [Мірон Сцяпанавіч Бельскі] тры гады на тэлеграфе адстукаў. Ракітны. // Разм. Перастаць стукаць, спыніць стук.

3. перан. Разм. Адбыць прызначаны тэрмін (зняволення, службы). — Судзіўся? — гледзячы ва ўпор; запытаўся.. [Рыбакоў] у паддопытнага.. — Судзіўся, грамадзянін начальнік. — За што? — Самі ведаеце, самагонку гнаў, тры гады, як піць даць, адстукаў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)