праця́глы, ‑ая, ‑ае.

Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працягну́цца, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягнуцца ў якім‑н. напрамку. Дзверцы адчыніліся, працягнуліся дзве пары рук. Ваданосаў.

2. Расцягнуцца, размясціцца на вялікую адлегласць; выцягнуцца. Новы прамысловы раён горада працягнуўся доўгім белым ланцугом уздоўж Амура. Грахоўскі. Праз паўгадзіны .. [Андрэй] быў ужо каля роднай вёскі, электрычныя агні якой працягнуліся ад ракі аж да лесу. Скрыпка.

3. Прадоўжыцца. Даклад працягнуўся дзве гадзіны. Падарожжа працягнецца два месяцы. □ — Калі дождж працягнецца, нам не хопіць паліва, — заўважыў Тайдо. Маўр. Вайна ж доўга не працягнецца, хутка нашы разаб’юць фашыстаў, бацька вернецца. Жычка.

4. Павольна прайсці (пра час). Увесь той дзень працягнуўся, як пакута. Чорны.

5. Прайсці праз вузкую адтуліну; прасунуцца. Нітка працягнулася ў іголку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Сціснуўшы, націснуўшы, змяць, расплюшчыць. [Алесь], не аглядаючыся, пасунуўся ад нас, неяк усё націскаючы на правую нагу, нібы пад яе трапляла што і ён мусіць яго раздушыць, прыціснуць. Адамчык. Але вось бяда — як яго [вужынае яйка] несці, каб не раздушыць. Ваданосаў. // Націснуўшы, задушыць (пра насякомых). [Ціхан] ляпнуў сябе далоняй па шчацэ і раздушыў пчалу. Дуброўскі.

2. Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, душачы, забіць або скалечыць. Людзі, якія бачылі нашу сустрэчу, аж кінуліся да нас. Можа, баяліся, што я раздушу старую ў абдымках. Сабаленка. / у безас. ужыв. — Ну, аднаго чалавека засыпала зусім, але нічога, адкапалі мяккі пясок. Другому паламала рэбры, раздушыла грудзі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.

2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.

3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.

•••

І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.

2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.

•••

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

1. што. Спярэсціць палосамі што‑н., парэзаць на палосы. Спаласаваць матэрыял. □ На захадзе над лесам вострыя чырвоныя пісягі спаласавалі небакрай — там зайшло сонца. Пташнікаў. // перан. Перасячы што‑н. у розных кірунках; пакінуць след у выглядзе палос. Двор удоўж і ўпоперак спаласавалі сляды лыж і санак. Хомчанка. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі. Ваданосаў.

2. каго. Пабіць моцна (пугай, бізуном), пакінуўшы на целе рубцы, шрамы, палосы. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. Лынькоў. [Рыгор:] А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяло́, а́; мн. сёлы (з ліч. 2, 3, 4 сялы́), сёл; н.

1. Вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр для навакольных паселішчаў; у дарэвалюцыйнай Расіі — паселішча з царквой. Саўгас — вялікае сяло — патанаў у зеляніне. Асіпенка. Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў.

2. Любы населены пункт негарадскога тыпу. Наўпрост ідзе дарога Праз гарады і сёлы. Аўрамчык. Звіняць, як срэбра, песні Па сёлах, гарадах. Колас. // зб. Жыхары такога паселішча. Прачнулася сяло таксама раней звычайнага. Васілевіч. Глядзела і не бачыла, Як збеглася сяло. Святое гора матчына Усім душу пякло. Панчанка.

•••

Ні к сялу ні к гораду — зусім недарэчы, неўпапад, не да месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тост, ‑у, М ‑сце, м.

Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.

[Англ. tost.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)