паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбуне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Абл. Расці не ў караняплод, а ў стаўбун (у 5 знач.). // перан. Марнець, ведучы бясплоднае жыццё. Нарэшце Тоня адкінуў усе жарты ўбок і ціха выгаварыў пра свае намеры. [Насця:] — Як жа я пайду за цябе. — Ты ж цяпер ужо «Дойла». Хочаш, каб мяне дойліхаю дражнілі? [Тоня:] — Як быццам ты без мянушкі! Разяда! Цябе ж усе і завуць так з-за тваіх .. духоў, якімі ты ўсім некалі хвалілася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, Разяда. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.
2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ста,
1. Прысл. да чысты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.
3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.
•••
Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; ‑мром, ‑мраце; пр. замёр, ‑мерла і ‑мёрла; зак.
1. Стаць нерухомым, перастаць рухацца. Камандзіры замерлі па камандзе «смірна», прыклалі рукі да пілотак. Якімовіч. Маятнік, хістануўшыся раз-другі, бліснуў і замёр зноў. Карпаў. // Сцішыцца, стаіцца. Мікола з Таняй схаваліся ў яме і замерлі. Новікаў. // Страціць на момант здольнасць рухацца, акамянець пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця. Замерці ад жаху. Замерці ад захаплення. □ Памятаю я, што ад гэтага жудаснага крыку я адразу ж замёр і ўсё маё цела раптам пахаладзела. Нікановіч. // Сціснуцца на момант, быццам спыніцца (пра сэрца), перарвацца (пра дыханне). Ад нечаканасці замерла сэрца, перахапіла дух. Гамолка.
2. перан. Спыніцца, перастаць дзейнічаць; заглухнуць. К восені 1915 г. прамысловае жыццё ў Мінску і іншых гарадах амаль поўнасцю замерла. «Весці». // Заціхнуць, замоўкнуць (пра гукі). Стук капытоў замёр у далечыні. □ Зноў замерлі ў небе маторы, быццам самалёт увайшоў у піке. Асіпенка.
3. (звычайна ў спалучэнні са словамі: «на вуснах», «на губах», «на языку» і пад.). Застацца нявыказаным (пра словы, гукі). Чаму замерлі словы на губах, Як заміраюць кроплі на лістах? Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руча́йка, ‑і, ДМ ‑айцы; Р мн. ‑аек; ж.
1. Верацяно з наматанымі на яго ніткамі. Маці ўздыхнула, наматала на ручайку апошнюю нітку і ўстала з-за прасніцы. Пестрак. Белы, з серабрыстым адлівам кужаль пад яе рукамі ўмомант наматваўся ніткай на ручайку. Паўлаў.
2. Абл. Жменя лёну (валакна). За паклонамі б’юць церніцы паклон, За ручайкаю ручайку — грызуць лён, А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег. Крапіва. Яе русыя валасы, заплеценыя ў слабую касу, адразу кідаліся ў вочы: былі, як ачэсаная ручайка льну. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́клы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытанцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Падскокваць, рабіць рухі нагамі, быццам танцуючы. [Паўлік] ходзіць па хаце і прытанцоўвае. Лужанін. Раздзеўшыся, [пасажыры] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. // Суправаджаць што‑н. танцамі, танцавальнымі рухамі. Ішоў Вацлаў Санкоўскі і, як ні ў чым не бывала, зухавата ўзяўшыся ў бокі, прытанцоўваў і спяваў польскія прыпеўкі. Пестрак. [Гардзіенка] па-заліхвацку весела і заўзята пачаў прытанцоўваць, узяўшыся ў бокі, то прысядаць, то выкідваць ногі ўперад. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытво́рства, ‑а, н.
1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.
2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.
1. Адсутнасць дару мовы.
2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.
3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)