Клёваць1 ’жыць, дыхаць’: «Якей зь яго жыціль, чуць клёвыіць» (Юрч. Фраз. 2, З нар. сл.). Да клёваць2 (гл.). Развіццё значэнняў: ’біцца (пра сэрца)’ > ’дыхаць’. Існуе версія аб балтыйскім паходжанні разглядаемай лексемы. Але словы, якія разглядаюцца як магчымая крыніца для беларускай групы лексікі, далёкія семантычна і фанетычна і марфалагічна неадпаведныя: літ. kliáutis ’давяраць’, kliáuti ’зачапляць’ (параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 67).

Клёваць2 ’тоўкаць, торкаць, пульсаваць’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Да кляваць (гл.). Параўн. укр. клювати ’пульсаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Курду́пель ’чалавек малога росту’ (Мат. Гом., З нар. сл., КЭС, лаг., Нар. лекс., ТС, Касп., Сцяшк. Сл.). Укр. курдупель ’тс’, польск. kurdupel ’тс’ хутчэй за ўсё запазычаны з беларускай або ўкраінскай мовы. Бел. курдупель ад курдупы (гл.). Складанае слова рэканструюецца як kъrno‑dupъ (параўн. kъrno‑nosъ ’курносы’). Падрабязна гл. Лабко, Бел.-польск. ізал., 72–73 з картай на с. 71. Гіпотэза аб балтыйскім паходжанні неверагодная. Літ. kurdùpelis само запазычана з бел. курдупель (параўн. Лаўчутэ. Балтизмы, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаба́н1 ’самая вялікая кефаль, Mugil cephalus’ (ТСБМ), рус. лобан ’тс’ < лоб ’галава’, перм. лобан ’рыба язь’, укр. лобань ’з вялікім ілбом’. З рус., відавочна, паходзіць і польск. łoban ’кефаль’. Параўн. славац. lebeň(a) ’галава’ (экспр.), аналагічнае беларускай лексеме паводле ўтварэння.

Лаба́н2 ’карова без рагоў’ (Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; віл., Сл. паўн.-зах.). Адпрыметнікавае ўтварэнне з дырыватам ‑ан, з экспрэсіяй зніжанасці (Сцяцко, Афікс. наз., 94; Ляшчынская, Весці АН БССР, 1972, 1, 87). Да лоб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadaćgadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывуспольск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асе́ліца ’наваколле; луг, поле, гароды каля вёскі’, осэлиця ’выкапаны на мяжы дзірван’ (пруж., Выг. дыс.), асёлак ’тс’ (Шат.). Польск. дыял. osielica ’луг каля сядзібы’, з беларускай. Карскі (1, 334) адзначае оселица ў помніку 1532, Булахаў, Працы IM, 7, 141, оселичный — у Мінскіх актах 1582–1590. Чачот справядліва лічыў слова беларускім ідыяматычным. Карскі (2–3, 33) выдзяляў марфемы о‑сел‑и‑ца. Шлях утварэння прэфіксальна-суфіксальны ад кораня сел‑ (гл. сяло), тая ж мадэль, што аколіца: ’месца каля (о‑) сялібы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Русьць, рюсьсць ’раўці, плакаць’ (Бяльк.), рюсть ’голасна плакаць’ (Растарг.), рюсь ’тс’ (віц., Мат.), параўн. укр. гуц. рю́сти ’рычаць, крычаць ад болю’, стараж.-рус. рюти ’раўці’, славен. rjúti, чэш. řúti, польск. rzuć ’тс’, ст.-слав. рюти. Першаснае прасл. *rʼuti, *rovǫ яшчэ ў праславянскую эпоху трансфармавалася ў *reuti, *revǫ, гл. раўці (Сной₂, 625; ESJSt, 13, 771, 785 з літ-рай). Гл. таксама Карскі, 1, 182; 2–3, 58 (звяртае ўвагу на паралельныя формы раве́ць, раўсці́, раўці́, рюсь у беларускай мове).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыгава́нка ’гафрыраваная спадніца’ (Сцяшк. Сл.). Верагодней за ўсё, лексема ўзнікла на беларускай дыялектнай глебе пад уплывам польск. ryga ’трафарэт’, ’лінія, рад’, rygować ’прышываць падкладку, вату’, якія разам з чэш. rýha ’жалабок, выемка, бароздка’, rýhovati ’рабіць жалабкі, бароздкі’ лічацца запазычаннямі са ст.-в.-ням. rihe ’рад’, ’лінія’, ’рыска’, ням. Reihe ’рад’, ’шарэнга’ (Махэк₂, 526). Балг. риги ’рыскі’, ’лініі на тканіне’ і серб.-харв. рига ’лінія’ запазычаны з іт. riga ’лінія, рад’ (БЕР, 6, 248; Скок, 3, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́лы ‘драўляныя слупкі падлогі’ (Бел. нар. жыллё, 37), сту́лле ‘штандары’ (Мат. Гом.), сту́льцы ‘брускі’ (Нік. Очерки). Рус. арханг. стул ‘паля ў фундаменце свірнаў, клецяў’, якое Тэрнквіст (цыт. па Фасмер, 3, 788) разглядае як запазычанне з ст.-швед. stol ‘стаяк’. У беларускай, магчыма, запазычанне з рускай, але яго шлях пранікнення вызначыць цяжка. Параўн. таксама сту́лак ‘табурэтка’ (Гіл.), сту́лок ‘крэсла’ (ТС), сту́лец ‘крэселка’ (Нас.), якія, аднак, нельга разглядаць асобна ад сто́лак ‘зэдлік’ (Сцяшк.), сто́лак ‘табурэт’, сто́лец ‘крэсла’ (Нас.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

О́кліна ’глыбокае месца на балоце’ (Сл. Брэс.). Параўн. рус. смал. о́клины ’багна на месцы былых азёр’ (Мат. СОС). Перыферыйны характар гэтага слова для асноўнай беларускай тэрыторыі сведчыць аб яго старажытнасці: о́кліна < *о́кніна (во́кніна) у выніку дысіміляцыі н‑н > л‑н. У сваю чаргу *о́кніна (во́кніна) утворана ад акно, як зы́біна ад зыб (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 42, дзе зыбіна — аддзеяслоўнае ўтварэнне). Гл. акно́2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах і азёрах’ і вокнішча ’акно ў балоце’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус. асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч. ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)