кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курга́н, а́ і ‑а; мн. курганы́, ‑о́ў і курга́ны, ‑аў; м.

Высокі старадаўні магільны насып. Скіфскі курган. □ Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі. — Удзірванелы курган векавечны. Купала. Каля вёскі Ствольная ўзвышаецца сярод поля даволі вялікая група старадаўніх курганоў. В. Вольскі. // Горка, узгорак. Шкода светлай ручаінкі У берагах пясчаных, Што, як срэбра, мкне-бруіцца Паміж гор, курганаў. Колас.

•••

Курган Славы — конусападобны земляны насып з мемарыяльнымі архітэктурнымі надбудовамі для ўвекавечвання подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.

2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм.

1. Вырвацца, зайсці далёка наперад (у час атакі, наступлення і пад.). [Зімін:] Не вытрымалі, халеры, пяткі паказалі! Пагнаў.. [немцаў] Марасян, але боязна, каб не зарваўся. Губарэвіч. // перан. Зайсці далёка ў чым‑н., перайсці ўсякія межы. — Мала што я магу сказаць! Хіба ты ўсё павінен слухаць? Ты ж павінен паправіць мяне, калі я дзе зарваўся! Лобан.

2. Абарвацца ўнутры чаго‑н. (пра нітку). Нітка зарвалася ў клубку.

3. Раптоўна спыніцца, абарвацца. Мар’яна нібы атупела, Зарваліся голас і слёзы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

Разм.

1. Захапіць што‑н. сабе; уварваць. Уваходзіць госць неспадзяваны.. Той самы Богут, што без жалю Гатоў зарваць чужы кусок І высмактаць з цябе ўвесь сок. Колас.

2. Абарваць так, што нельга знайсці канца (пра нітку). Зарваць нітку ў матку.

3. Раптоўна спыніць, перарваць. Калі стануць каровы на стойла, дык адразу і малако зарвуць. Чарнышэвіч. / безас. Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Пташнікаў.

•••

Каб табе зарвала — ужываецца як праклён таму, хто моцна крычыць, гучна гаворыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́яц, зайца, м.

1. Невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом. Заяц-бяляк. Заяц-русак. □ Па густым зарасніку, як вецер, праімчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Якімовіч. // Футра гэтага звярка. // Мяса зайца як ежа; заячына.

2. Разм. Пра безбілетнага пасажыра. З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет.. шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх там называлі. Колас.

•••

Забіць двух зайцаў гл. забіць.

Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Вяртанне адкуль‑н. назад, на ранейшае месца. Зварот на радзіму. □ Я толькі магу адно сказаць, што па звароце ў Мінск.. — мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку. Купала.

2. Просьба, заклік, выступленне, звернутыя, накіраваныя да каго‑, чаго‑н. Зварот партыі да народа. □ У кішэні ў .. [Бінке] ляжала лістоўка са зваротам рускага камандавання да нямецкіх салдат. Шамякін.

3. Група слоў, якія ўтвараюць пэўнае адзінства; слоўны выраз. І калі ўдаецца .. [ксяндзу Пацяйкоўскаму] які-небудзь надзвычай трапны сказ, зварот, ён паўтарае яго ўголас. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.

2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяры́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да звера (у 1 знач.). Звярыныя сляды. Звярыны рык. □ А воўк, як бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам. Колас. // Такі, як у звера, уласцівы зверу. Твар яго быў жудасны: скрыўлены, зубы сціснутыя, у вачах — нейкія звярыныя іскры. Шамякін.

2. перан. Жорсткі, бязлітасны. Звярыная сутнасць фашызму. □ — Я добра ведаю, што да той пары, пакуль ты вырасцеш, не будзе на свеце звярынай улады багатых і ты шчасліва і спакойна пражывеш свой век. Самуйлёнак. // Надзвычай моцны. Звярыны страх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гасці́нец 1, ‑нца, м.

Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.

гасці́нец 2, ‑нца, м.

Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)