парадзе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які парадзеў, стаў радзейшым. Дарога знікала з вачэй, не дайшоўшы да гасцінца, абапал якога стаялі, як старэнькія бабулькі, парадзелыя бярозы. Колас. Часта налятаў халодны, пранізлівы вецер, тады парадзелы лес шастаў шэрым голлем. Асіпенка. [Шыковіч] глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. Шамякін. // Які паменшаў па колькасці. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. // Які стаў менш густым, больш празрыстым. Парадзелы змрок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да парада, звязаны з парадам. Парадны строй. Парадны марш. // Прызначаны для парада, для ўрачыстых выпадкаў. Парадная форма. □ З рэчавага мяшка.. [Язэп] дастаў пару новенькіх пагонаў, якія яму выдалі ў шпіталі, не палявых, а парадных, а яркімі нашыўкамі. Асіпенка. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі. Колас. // Святочны. Парадны выгляд.
2. Галоўны (пра лесвіцу, уваход і пад.). Парадныя дзверы. □ [Кандрат] не пайшоў з чорнага ўваходу, каб не падумалі, што хаваючыся да Домны ходзіць, пастукаўся ў парадны. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.
2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.
3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.
2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паста́віцца 1, ‑ставіцца; зак.
Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.
паста́віцца 2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.
Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.
Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сець, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і сетка (у 1–3 і 6 знач.). Сець гатова ўжо ў рыбака І агледжаны леташні човен. Астрэйка. Смех гэткі маюць толькі дзеці Ды людзі з яснаю душой; І ён, як жа[ў]ранак той, Звінеў і ўжо кахання сеці Нячутна нішчыў. Багдановіч. Ён [свабодны голас] праз дратоў калючых сеці, Як сонца свет, пераліецца На шыр палёў, на край дарог... Танк. Дождж сеці светлыя развесіў, Разлінаваўшы далягляд. Прануза. [Брыль:] — Краіна пакрываецца сеццю электрастанцый і ўзнікаюць волаты-заводы, фабрыкі і цэлыя гарады. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́дыч, ‑ы, ж.
Разм.
1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.
2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смык, ‑а; мн. смыкі, ‑оў; м.
1. Драўляная палачка з напятым удоўж яе пучком конскіх валасоў, дотыкам якой да струн якога‑н. музычнага інструмента ўтвараюць адпаведныя гукі. Дайце скрыпку мне маю, Дайце мне мой смык! Я зайграю, запяю, Як жыве мужык. Купала. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас.
2. Уст. Прымітыўная барана. Не толькі на «лядах», але нярэдка і на стараворыўных глебах скарыстоўваўся першабытны смык — прылада, якую рабілі з яловых плашак. «Помнікі».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)