пазмрачне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца змрочным, змрачнейшым. У полі адразу ўсё сціхла, нібы пазмрачнела, птушкі чародкамі і адна за адной падаліся ў лес. Кулакоўскі. Змянілася Зося. Прыгожы тварык як бы падпух, вочы пазмрачнелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памацне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Зрабіцца моцным, мацнейшым. Дождж пачынаў сціхаць, затое ўзняўся і гразіўся яшчэ больш, памацнець вецер. Караткевіч. [Маці:] — Колькі год у зямлянцы жылі, пакуль калгас памацнеў ды памог нам вось гэтую хатку паставіць. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахаладне́ць, ‑ее; зак.

Стаць халодным, халаднейшым. Падзьмуў халодны вецер; у Сырніцы стала свежа, здалося, што і пад нагамі пахаладнела вада. Пташнікаў. // безас. Зрабіцца халадней. [Сіўцоў:] — Глядзі ты, неба ў хмарах, пахаладнела, як бы снег не пайшоў... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгла́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Зрабіцца гладкім, роўным, без складак. Нівы разгладзіліся. Плацце разгладзілася. // Расправіцца, знікнуць (пра маршчыны, няроўнасці). Суровыя складкі на ілбе [партызанаў] разгладзіліся, і строгі былі яго самкнёныя губы і выгнутыя чорнымі дужкамі вусы на іх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зазеляне́ць, ‑ее; зак.

1. Пачаць зелянець; зрабіцца зялёным. На шырокім полі, дзе цімафееўка і канюшына зазелянелі, пасецца чарада кароў. Бялевіч. Берагі густа зазелянелі асакой і аерам. Якімовіч.

2. Паказацца, вылучыцца сваім зялёным колерам. Уперадзе зазелянеў дах школы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закасцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца цвёрдым, як костка; акамянець. Зямля закасцянела ад марозу.

2. перан. Тое, што і закаснець. — Нормы, яны, брат, харошая справа, калі не закасцянелі .. і не прыйшлі ў супярэчнасць з жыццём. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памажне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Зрабіцца мажным, мажнейшым. Шэйдак яшчэ пашырэў у плячах, памажнеў. Сабаленка. Зоя ішла з Дома культуры. На вострых скулах яе твару ўжо можна было заўважыць карычневыя плямінкі. Зоя памажнела, галаву трымала горда. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца старым, нікчэмным з выгляду. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў, Аглух, як палка, палысеў. Корбан. // Выжыць з розуму. — Мо ты, стары, сапсеў, што пачынаеш патакаць? — абурана кажа.. [бабка Вера]. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускаламу́ціцца, ‑муціцца; зак.

Стаць, зрабіцца каламутным; замуціцца (пра ваду, вадкасць). То дзьме «марапа» — вецер з поўдня, гонячы невысокія пеністыя хвалі, то раптам пачынае лютаваць шалёны «норд» і так расхвалюе мора, што яно ўскаламуціцца аж да дна. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зажаўце́ць, ‑ее; зак.

1. Пачаць жаўцець, зрабіцца жоўтым. Праз два гады, пад восень, адразу неяк зажаўцелі аж чатыры ліпы. Пальчэўскі.

2. Паказацца, вылучыцца сваім жоўтым колерам. Далей наблізіўся забалочаны луг, за якім раптам зажаўцелі пясчаныя зыбучыя гурбы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)