Арце́ль. З рус. артель, дыял. артиль < цюрк. Неверагодна думка Равінскага–Корта, а потым Фасмера, 1, 89, пра італьянскую крыніцу рускага слова. Слова артельный засведчана ў помніках сярэдзіны XVII ст. (Порахава, Лексика Сиб. летописей, 163, аднак даціроўка Порахавай з XVI ст. не падмацавана). Няяснай застаецца цюркская крыніца слова. Малаверагодна думка Міклашыча, Türk. El., 2, 137, які звязваў слова з цюрк. ортак ’агульны’, орталык ’таварыства’ і іншымі аднакаранёвымі. Дзмітрыеў, а за ім Трубачоў бачаць крыніцу ў тат.-башк. артил ’рэзерв’ (Дзмітрыеў, Строй, 563; Трубачоў, Дополн., 1, 89). Трэба ўлічыць яшчэ і магчымасць сувязі рус. артель з цюрк. дзеяслоўным коранем ерт‑, ӓрт‑ ’весці за сабой’ (Радлаў, Опыт, 1, 790), пашыраным станавым суфіксам ‑іл: артіл ’быць вядзеннем’, ці ’тыя, хто за кімсь ідзе, світа, суправаджаючыя’. З рускай запазычана слова артель у іншыя славянскія мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бас 1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас 2.
Бас 2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пераво́д 1 ’соламя — падоўжная бэлька, якая кладзецца на сохі; доўгае тонкае бервяно, на якое кладуць прымітыўныя кроквы — крукі’ (б.-каш., ЛА, 4; Касп.), ’бэлька ў столі’ (паўн.-усх., Бломкв.), ’бервяно ў апошнім вянку зруба над бэлькамі’ (Мат. Маг.), піряводзіна, пераводзіна, пераводзень ’вага ў студні з жураўлём’ (сен., рэч., ДАБМ, камент., 809), ’верхняя перакладзіна ў ткацкім варштаце, якая змацоўвае яго’ (Касп.). Стараж.-рус. прѣводъ, превод ’скляпенне’, перевод (1230 г.), ст.-рус. переводина (1696 г.) ’перавод’, рус. паўн. перево́д, перево́дина, перево́день, перево́док ’бэлька — апора падлогі ці столі; перавод’. Да пера- і ве́сці (гл.), хаця матывацыя наймення застаецца няяснай. Параўн. тлумачэнне лексемы переводина — бэлька ў крытым двары, “якую можна пераводзіць, перакідваць” — ? (СРНГ, 26, 53).
Пераво́д 2 ’знішчэнне, ’смерць’, пераво́дная ’знішчальная сіла’ (Нас.). Да пераве́сці (гл.). Параўн. рус. бранск., арл. перевести́ ’пахаваць каго-небудзь са звонам’, ярасл. ’пашкодзіць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
аддзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Вылучыць з агульнай адзінай масы што‑н. або адасобіць тое, што знаходзіцца ў злучэнні з чым‑н. Аддзяліць бялок ад жаўтка. □ [Клаўдзя:] — Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статка. Шамякін. // Адасобіць, раз’яднаць. Аддзяліць царкву ад дзяржавы.
2. Вылучыць, пазнаць. Аддзяліць істотнае ад выпадковага, галоўнае ад другараднага. Аддзяліць праўду ад хлусні.
3. Раздзяліўшы, засланіўшы, адмежаваць. Новы напор ветру густой заслонай пылу аддзяліў.. [Берднікава] ад групы людзей. Мікуліч.
4. Выдзеліць каму‑н. долю з агульнай гаспадаркі і даць магчымасць весці самастойную гаспадарку. [Данілка:] Дык.. [Сымона і Зоську] аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць. Купала. [Мікіту Лазуну] не дае спакою грамадскі выган, дзе ён хацеў бы паставіць другую хату, каб аддзяліць жанатага сына. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. павёў, ‑вяла, ‑ло; заг. павядзі; зак.
1. каго-што і без дап. Утварыць або пачаць утвараць дзеянне суадносна з дзеясловам «весці» (у 1–6 знач.). Павесці дзіця за руку. Павесці хворага да доктара. Павесці трактар па полі. Павесці батальён на прарыў. Павесці сход далей. Павесці смыком па струнах. Павесці канал праз пустыню. Павесці барацьбу з недахопамі. □ След.. павёў па загуменню, а далей цераз поле ў лес. Крапіва.
2. безас. Разм. Пахіліць, пацягнуць. Варта толькі няправільна ступіць, і тады цябе павязе і павядзе ўбок. Шахавец. [Шафёр:] — Павяло мяне некуды, потым штуршком быццам апусціла ў вельмі глыбокую яму. Кулакоўскі.
3. чым. Зрабіць рух. Навесці рукою. Правесці плячыма. Павесці вушамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.
2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самадзе́йнасць, ‑і, ж.
1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.
2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́ства, ‑а, н.
Гіст.
1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.
2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлефо́н, ‑а, м.
1. Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку. Бяганская.
2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон. Краўчанка. // Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас. Барадулін.
•••
Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.
Абарваць тэлефон гл. абарваць.
Вісець на тэлефоне гл. вісець.
Сядзець на тэлефоне гл. сядзець.
[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)