пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да настаўніка (у 1 знач.). Настаўніцкі калектыў. Настаўніцкія кадры. □ Цяпер у Лабановіча ўжо трохі ёсць настаўніцкая практыка. Колас. // Прызначаны для настаўніка. Настаўніцкая газета. □ Я сядзеў на першай парце, якраз насупраць настаўніцкага століка. Хведаровіч.

2. у знач. наз. наста́ўніцкая, ‑ай, ж. Пакой у школе, дзе збіраюцца настаўнікі. Настаўнікі разышліся па класах, .. і Святлана засталася ў настаўніцкай адна. Шахавец.

3. Павучальны. Выціраючы хустачкай пот з твару, [Качура] гаварыў ужо салідным настаўніцкім тонам, выстукваючы алоўкам па стале. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немата́, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.

1. Адсутнасць дару мовы.

2. перан. Нямая цішыня. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. Шыба раптам .. неяк трывожна закалацілася і.. як быццам парушыла немату вячэрняга спакою. Васілевіч. Мне ясным сонцам лёс наканаваны — Не ведаць змрочных лёхаў нематы. Барадулін.

3. перан. Бяспраўе, прыгнечанасць. З векавой нематы і адсталасці, Узнімаючы ленінскі сцяг, Мы прыйшлі да заможнае сталасці, Да вялікага сэнсу жыцця. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́прыяцель, ‑я, М ‑ю, м.

Чалавек, які непрыязна, варожа адносіцца да каго‑, чаго‑н. [Лабановіч:] — І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Колас. [Булай] лічыў, што ўсе недахопы, якія ёсць у рабоце цэха, — справа рук яго непрыяцеляў. Шыцік.

непрыя́цель, ‑я, М ‑ю, м.

Войскі ворага; праціўнік. Акопы непрыяцеля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. Лічачы, устанавіць колькасць, лік каго‑, чаго‑н. Налічыць пяць рублёў. □ Хворы ў лыжачку палічыў дваццаць кропель, валіў вадою, выпіў і паморшчыўся. Бядуля. Як толькі.. [Сяргей Карага] палічыў «дваццаць адзін», пачуўся другі стрэл, больш густы і моцны. Колас.

2. Лічачы, дабавіць лішнюю суму; пералічыць. Налічыць лішніх два рублі.

3. Вызначыць дабаўку да якой‑н. сумы; прылічыць звыш чаго‑н. Налічыць пяць рублёў пені. Налічыць працэнты на пазыку.

4. Залічыць на чый‑н. рахунак які‑н. від аплаты. Налічыць заработную плату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ўдзень 1, ‑дня, м.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы. Вецер з поўдня. □ Стаўшы тварам да сонца, ён лёгка вызначыў для сябе захад, поўнач і поўдзень. Якімовіч. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Колас.

2. Мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам.

по́ўдзень 2, ‑дня, м.

Сярэдзіна дня. Туравец вярнуўся ў штаб брыгады пасля поўдня. Мележ. // У астраноміі — момант, калі цэнтр Сонца праходзіць цераз мерыдыян дадзенай мясцовасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́гна, прысл.

З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́сціся 1, крадзецца; незак.

Зал. да красці (у 1 знач.).

кра́сціся 2, крадуся, крадзешся, крадзецца; пр. краўся, кралася; незак.

Употай прабірацца куды‑н., стараючыся быць незаўважаным. Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Колас. Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Шамякін. // Асцярожна падбірацца да здабычы (пра драпежнікаў). У малінніку піснула спалоханая птушка: мабыць, пачула, што па паркане, асцярожна перабіраючы лапамі, крадзецца кот. Навуменка. / у перан. ужыв. Мы выходзілі дружна насустрач пагрозе, Што патаемнымі сцежкамі кралася ў дом. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.

2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.

3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)