міну́та, ‑ы, ДМ ‑нуце, ж.
1. Адзінка часу, роўная шасцідзесятай частцы гадзіны, якая складаецца з 60 секунд. Гадзіннік паказваў без дзесяці мінут дзевяць. Васілёнак. Стрэлка гадзінніка адлічыла сорак мінут. Алешка. // Які‑н. кароткі прамежак часу. Мінута радасці. □ Мужчыны зараз па сняданні Пайшлі ў гумно на спачыванне — Аддаць мінуту для дрымоты. Колас.
2. Спец. Адзінка вымярэння вугла і дугі, роўная 1/60 градуса, якая абазначаецца на пісьме значком ′. Кожны градус дзеляць на шэсцьдзесят мінут (60′), а кожную мінуту на шэсцьдзесят секунд (60″).
[Ад лац. minutus — паменшаны, малы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неціка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выклікае цікавасці. Нецікавы кінафільм. □ — А ўсё ж нецікавая нам работа выпала, — праз нейкі час скардзіўся.. [Міхась], касавурачыся на Васіля. Якімовіч.
2. Разм. Непрыгожы. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль.
3. Разм. Не зусім добры; пасрэдны. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... Гартны. [Бабка] проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няво́ля, ‑і, ж.
1. Адсутнасць незалежнасць свабоды; падпарадкаванне. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Цяпер.. Пракоп з радасцю пайшоў бы ў няволю да Кіры, гатовы служыць і ахвяраваць сабою, не патрабуючы ўзамен нічога. Карпаў. // Палон, рабства. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.
2. Патрэба, неабходнасць. І так у клопаце, у рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Колас. Ахвота горш няволі. Прымаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падазрэ́нне, ‑я, н.
1. Меркаванне аб несумленнасці чыіх‑н. паводзін і намераў. Лабановіч часцей заўважаў нейкія таемныя цені пад вокнамі свае кватэры. Пачаў прыглядацца. Ясна, што ён быў на падазрэнні, і за ім сачылі. Колас. [Банадзюк:] — Арыштавалі мяне па падазрэнню ў заражэнні коней сапам... Пестрак.
2. Здагадка, дапушчэнне. — Можа [Ліза] закахалася? — выказала аднойчы сваё падазрэнне маленькая вяртлявая Таня. Арабей. // Меркаванне аб магчымасці якога‑н. захворвання. Падазрэнне на шкарлятыну. □ Іван Аляксеевіч нават пачуў, як .. [асістэнт] сказаў, што ёсць падазрэнне на наяўнасць у правым воку глаўкомнай вадкасці. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.
2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.
•••
Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.
2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапляце́нне, ‑я, н.
1. Тое, што пераплецена, сплецена між сабой. Перапляценне правадоў. Перапляценне дарог. □ Ледзь улоўная вібрацыя сцен ракеты — і адразу знікла густое перапляценне жалезабетонных канструкцый ракетадрома. Гамолка. // перан. Непарыўнае злучэнне чаго‑н. неаднароднага; што‑н. вельмі складанае, заблытанае. Перапляценне ў творы лірычнага і трагічнага. Перапляценне падзей. □ У гэтай галаве і ў маладым сэрцы мітусіўся заблытаны клубок мысляў і пачуццяў. У іх перапляценні выразней вылучаліся дзве процілеглыя плыні. Колас.
2. Спосаб размяшчэння нітак у тканінах, трыкатажы. Палатнянае перапляценне. Гладкае перапляценне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпява́ла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. Той, хто спявае, падпяваючы каму‑, чаму‑н. Вольга Сцяпанаўна зацвіла, як ружа. Яна падышла да запявалы і падпявалы і пацалавалася з імі, астатнім нізка пакланілася. Колас.
2. перан. Разм. Той, хто падтрымлівае каго‑н. з карыслівых меркаванняў. — Ах ты, падпявала мамін! — сказаў Зыбін, беручы на руку сына. Мележ. — Слухай ты, кулацкая падпявала, на Салаўкі захацела, контра? — Вера гаварыла праз зубы, ціха, але пагрозліва. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)