Глей ’глей; гразкая, гліністая глеба’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Лексема прасл. характару. Параўн. рус. глей, укр. глей, польск. glej (але Слаўскі, 1, 282, думае пра запазычанне польск. слова з усх.-слав. моў), чэш. glej ’клей, смала на дрэвах’ (гэта слова прыводзіць Трубачоў, Эт. сл., 6, 162, але g‑ указвае на запазычанне), серб.-харв. гле̑ј ’сорт гліны’. Трубачоў (там жа) лічыць, што гэта прасл. слова. Але Слаўскі (там жа) больш пераканаўча мяркуе, не прыводзячы матэрыялу з серб.-харв. мовы, што гэта толькі ўсх.-слав. лексема прасл. характару. Абодва даследчыкі бачаць сувязь слав. слова з іншымі і.-е. мовамі: с.-н.-ням. klei ’гліна’, грэч. γλία ’клей’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 310; Фасмер, 1, 411.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́ба́ць ’чыкільгаць, ісці’ (БРС, Нас.), ’павольна ісці’ (Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Жд. 2). Рус. ды́ба́ть, укр. ди́бати, польск. dybać ’падпільноўваць; падкрадвацца’, славац. dibať, серб.-харв. dibati ’хістацца, гайдацца’ і г. д. Прасл. *dybati (агляд форм і семантыкі ў Трубачова, Эт. сл., 5, 197–198). У аснове ляжыць тэарэтычная база *dъb‑ (< *dŭbo‑), якую параўноўваюць з герм. *tuppa‑ ’пучок валасоў, каса’; матывацыю гл. у Трубачова, там жа. Форма *dybati — ступень падаўжэння. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 557. Аддзеяслоўным прасл. утварэннем з’яўляецца *dyba (з рознымі значэннямі; агляд гл. у Трубачова, там жа, 197); сюды адносіцца і бел. ды́бы ’хадулі; доўгія ногі’, ды́ба ’прылада катавання’ (БРС), ’слуп у студні, на якім вісіць крук для выцягвання вядра з вадой’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Като́ры ’каторы’. Параўн. ст.-бел. который (у Скарыны). Рус. кото́рый, ст.-укр. которы(и), котры(и) ’тс’, укр. кото́рий, котри́й, ст.-слав. которъ, которыи, котерыи, балг. ко́трий, котри́, серб.-харв. koteri, kotori (дыял.), славен. koteri, славац. koterý, kolorý, kotrý, в.-луж. kotry, н.-луж. kótary. Прасл. *koterъ(jь), *kotorъ(jь). Слав. формы працягваюць утварэнні яшчэ і.-е. часу (і.-е. *ku̯o‑ter‑o‑, ад пытальнага займенніка *ku̯o (таго, што ў прасл. *kъjь ’які’) з суфіксам вышэйшай ступені ‑ter‑. Роднаснымі формамі лічацца літ. katràs ’які (з двух)’, kataràs, ст.-інд. kataras ’тс’, ст.-іран. katāra‑, ст.-грэч. πότερος, κότερος і інш. Гл. Фасмер, 2, 353–354; Трубачоў, Эт. сл., 11, 201–202.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашало́т ’буйное марское млекакормячае атрада кітоў’. Параўн. рус. кашало́т, укр. кашало́т. Можна меркаваць, што ў бел. мове слова з’явілася пад уплывам рус. мовы, дзе ў канцы XVIII ст. запазычана з франц. Упершыню зафіксавана ў 1788 г. з напісаннем кашелот (сучасная арфаграфія адзначаецца з 1816 г.). Франц. cachalot, у сваю чаргу, запазычана з ісп. мовы; ісп. cachalote паходзіць з парт. крыніцы. Гл. Шанскі, 2, К, 105. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што, напр., ням. Kaschelott паходзіць не прама з франц. формы, а з англ., якая ўзята з франц. (гл. Fremdwörterbuch, Leipzig, 1965, 338). Гэта спрэчная праблематыка, відаць, не мае яшчэ свайго канчатковага рашэння (новае выданне Wahrig G. Deutsches Wörterbuch. — Mosaik Verlag, 1980, англ. крыніцу нават не згадвае).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашнэ́ ’хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кашне́, укр. кашне́. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. cache‑nez ’тс’. Франц. слова ўзнікла складаннем, на базе элементаў cacher ’хаваць’ і nez ’нос’. У рус. мове слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. (першая фіксацыя ў 1859 г.). Цікава, што яшчэ Даль у сваім слоўніку прапанаваў пераклад гэтага запазычанага франц. слова як носопрятка. У сувязі са слаба даследаванай канкрэтнай гісторыяй слова кашнэ (як, дарэчы, і многіх іншых культурных слоў) можна ставіць пытанне і аб мовах-пасрэдніках, якія маглі ўплываць на вымаўленне запазычаных лексем. У даным выпадку адзначым, што вымаўленне франц. cachenez выключна як kašine: уласціва толькі ням.-аўстр. вымаўленню (гл. Fremdwörterbuch. Leipzig, 1965, S. 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Крэ́мень ’цвёрды мінерал, які выкарыстоўвалі для высякання агню’ (ТСБМ, Маш., Яруш.). Укр. кремінь, рус. кремень ’тс’, ст.-слав. кремы, кремене, балг. кремен, макед. кремен, серб.-харв. кре̏мен, славен. krémen ’тс’, польск. krzemień, чэш. křemen, славац. kremeň, в.-луж. křemjeń, н.-луж. kśeḿeń, палаб. kremin ’тс’. Прасл. kremy, kremene. У якасці адпаведніка ў балтыйскіх мовах толькі лат. kręms ’тс’. Да kremъ/kromъ (параўн. кашуб. křem ’крэмень’ і кром 1). Гл. кром 1. Калі зыходнай формай з’яўляецца kremъ, тады трэба пагадзіцца з тымі, хто тлумачыць марфалогію прасл. kremy, kremene як кантамінацыйную: kremъ пад уплывам kamy, kamene (крэмень — цвёрды камень) (Траўтман, 141; Атрэмбскі, LP, 1, 136–138). Параўн. яшчэ Тапароў, K–L, 176–177; Махэк, LF, 72. 75.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кула́га ’саладуха, ягады, звараныя з мукой, зацірка, кулеш’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Касп., Нік. Очерки, Арх. ГУ, Грыг., Чач., Вешт., Др.-Падб., Маш., Гарэц., Шн., Мат. АС, Янк. Мат., Мат. Маг., Нар. словатв., Бяльк., Сержп. Грам., КЭС, лаг., Яўс., Серб.). Укр. кулага, рус. кулага ’тс’. Параўн. кулеш (гл.). Унутраную форму слова кулага можна ўбачыць у такіх дзеясловах, як кулажыцца, кулажыць ’паказваць на дождж’ (Нас. Сб., Юрч.). Адсюль відаць, што першаснае значэнне было ’вадкая сумесь’. Словаўтваральна мадэль з суфіксам ‑ага. Першасны дзеяслоў, на жаль, надзейна не рэканструюецца, але серб.-харв. ку́ља ’мамалыга’ дае яшчэ адну падставу для выдзялення ў кулага суфікса ‑ага. Слаўскі (3, 347) бачыць рэлікты зыходнага дзеяслова ў kuliti, kuljati (гл. куляць 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раскава́ны ’вызвалены ад акоў’, ’вольны, нічым не абмежаваны’ (ТСБМ), раску́ты (Байк. і Некр.). Утворана з пераносным значэннем ад раскава́ць < кава́ць, што магло без прыстаўкі азначаць ’закоўваць у ланцугі’. Цікава, што ў гэтым значэнні вядома укр. кува́ти ’тс’, ст.-рус. ковати ’закоўваць у аковы’ (сустракаецца ў Наўгародскім летапісе 1228 г.), ст.-польск. kować ’закоўваць у ланцугі’. Можна меркаваць яшчэ пра больш раннюю семантыку каваць ’абіваць каваным металам’, напрыклад, ст.-рус. ковати ’тс’ (сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе 1175 г.) < прасл. *kovati ’біць’, параўн. каваны жалезам ’абіты жалезам’. Варыянт раску́ты, як ку́ты, куць ’каваць’ (Байк. і Некр.), імаверна, з польск. kuć ’каваць’, што з’яўляецца вынікам выраўновання дзеяслоўных асноў польск. дыял. kować > kuje > kuć. Гл. кава́ць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)