вы́бухнуць 1, ‑не; зак.

1. Узарвацца, разляцеўшыся на часткі. Вось адзін снарад выбухнуў зусім блізка. Васілёнак.

2. З сілай вырвацца адкуль‑н. Танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Чорны.

3. перан. Нечакана пачацца, раптоўна ўзнікнуць. Выбухнула забастоўка. Выбухнулі воплескі. □ Пажар той выбухнуў, як з грому, Хоць ён і меў свае прычыны. Колас. Жыў у тваёй маўклівасці прысуд. І, калі гнеў твой выбухнуў, раскуты, — Маё збавенне праз твае пакуты Прыйшло. Ды не пазбавіла пакут. Грачанікаў.

вы́бухнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да выбухаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асвяціўшыся, набыць залацісты колер, адценне. З-пад ног узняўся, затрапятаў на вачах жаўрук, засвяціўся раптам на чырвоных промнях сонца, азалаціўся Мыслівец. // Набыць жоўты, залацісты колер; пажоўкнуць. Надышла восень і парк азалаціўся.

2. перан. Нажыцца, разбагацець. Хто мае здольнасць, сілы, рукі І гаспадарскія навукі, Той азалоціцца, мужчынкі! Прыдбае хлеба і скацінкі І будзе жыць ён сабе панам І складваць грошы чыстаганам. Колас. [Ціток:] — Каб нам з вамі.. дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агле́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

1. Агляд каго‑, чаго‑н. з мэтай знаёмства. Агледзіны пінкавіцкіх мясцін мы, вядома, пачалі з будынка былой школы, у якой больш чым паўвека таму назад працаваў вялікі паэт. С. Александровіч. — А цяпер хадзем на агледзіны да той затокі. Можа там і арэхаў зусім няма, — пажартаваў ляснік. Дубоўка.

2. Бытавы абрад знаёмства жаніха і яго сваякоў з нявестай. Была турбота [у Ганны] пра тое, каб не спатыкнуцца ў чым-небудзь на агледзінах, усё зрабіць так, як трэба, не паказаць сябе недарэкаю.. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абабе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.

1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.

2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.

3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.

4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крамя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пругкі, цвёрды, сакавіты. Мерна, роўна шархала [піла], уядалася ў крамяную белую моц дрэва. Мележ. У разоры ўзвышаецца.. горка крамяных агуркоў, выбраных учора з град калгасніцамі. Пестрак. // Поўны здароўя, сілы (пра чалавека). Ляжала Ганна на ложку, песцячы ў мяккай цёплай пасцелі сваё маладое крамянае цела. Нікановіч.

2. перан. Свежы, ядраны. І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Грубаваты. Гэта быў ужо не той задзірысты франтавік Бесо Коркія, які мог сказаць сустрэчнай шыкарнай даме крамянае слоўца. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імяні́ны, ‑нін; адз. няма.

У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кандыда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Той, хто намечан для выбрання, назначэння або для прыёму куды‑н. Кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Залічыць у інстытут кандыдатам.

2. чаго. Малодшая вучоная ступень у дарэвалюцыйнай Расіі, якая прысвойвалася пасля заканчэння з адзнакай вышэйшай навучальнай установы. Кандыдат славеснасці.

•••

Кандыдат навук якіх — малодшая вучоная ступень у СССР, якая прысуджаецца на падставе абароны дысертацыі; асоба, якой прысуджана гэта ступень. Кандыдат філалагічных навук. Ступень кандыдата тэхнічных навук.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) — асоба, якая праходзіць устаноўлены статутам выпрабавальны тэрмін перад прыёмам у члены КПСС.

[Ад лац. candidatus — адзеты ў белае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Тое, што і запытанне (у 2 знач.). Паслаць запыт. □ — Галуза зрабіў запыт.., а праз тыдзень адтуль прыслалі выпіску: сапраўды, мне яшчэ не было шаснаццаці. Чыгрынаў.

2. Попыт, запатрабаванне. І сапраўды, тавары ў краме былі розныя, ад солі і газы да пудры і духоў, — усё, на што быў запыт. Галавач.

3. Пытанне, звернутае да каго‑н.; запытанне. Стук у дзверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі. Гартны. Хоць бы ў сне на запыт нечаканы Грэшнай праўды той не расказаць. Камейша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. што. Зрабіць, пабудаваць. Той госць, чужак, памог старому Зямлянку зладзіць у гары. Колас. // перан. Арганізаваць, зрабіць (банкет, вяселле і пад.). Яшчэ большы гонар займеў стары, калі сын на здзіўленне вяскоўцам з тутэйшай настаўніцай гладзіў вяселле. М. Стральцоў.

2. Справіцца, саўладаць з кім‑, чым‑н., даць рады каму‑н. — [Карней] баіцца, што Клаўдзя без яго з каровамі не зладзіць. Шамякін. Дождж прайшоў — І з сэрцам зладзіць цяжка: Птушкай рвецца ў чыстае раздолле! Гілевіч.

3. што. Зрабіць узгодненым, стройным. — А вы ўжо добра зладзілі свае галасы! — раптам кінуў Анатоль, узняўшы галаву. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)