га́ньба, ‑ы, ж.
1. Бясслаўнае становішча, якое выклікае крайняе асуджэнне, пагарду. — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Бядуля. Лепш са славаю памерці, Як жыць у ганьбе пад ярмом. Глебка. // Пра дзеянні, учынкі, якія выклікаюць пагарду, асуджэнне. Лічылася ганьбай, калі хто выдасць паліцыі зборшчыка. Машара. // Тое, што знеслаўляе, прыніжае чыю‑н. годнасць. — П’янства — гэта ганьба, і з ім мы змагацца будзем, — спакойна прамовіў Дзімін. Карпаў.
2. Загана, недахоп. Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапс[а]рдак. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарля́к, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і горла (у 1 знач.). Стораж Піліп урачыста выцягнуў з-за пазухі пляшку гарэлкі. — Можа, і ў твой гарляк, Піліпе, перападзе кропля, — сказаў ён, ні да кога не зварачаючыся. Колас.
2. Частка шчытападобнага храстка, якая выдаецца ўперад; кадык. На зморшчанай, хударлявай шыі х[одыра]м хадзіў востры, нібы яловы сучок, гарляк. Бядуля.
3. Тое, што і горла (у 2 знач.). [Кірыла] агледзеў прыладдзе, паспрабаваў пакруціць за корбу, падзівіўся, як праз гарлякі белаю цягучаю гумаю вылівалася малако. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.
1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).
2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гле́ба, ‑ы, ж.
1. Верхні пласт зямлі, на якім вырастае расліннасць. // Такі пласт з пункту гледжання яго саставу, уласцівасцей і пад. Падзолістая глеба. Урадлівая глеба. Лёгкія глебы.
2. перан. Апора, аснова. Самакрытыка — тая здаровая глеба, на якой гадуецца і выхоўваецца новы чалавек. Колас.
•••
Засаленне глебы гл. засаленне.
Адчуць глебу пад нагамі гл. адчуць.
Выбіць глебу з-пад чыіх ног гл. выбіць.
Зандзіраваць глебу гл. зандзіраваць.
Расчысціць глебу для чаго гл. расчысціць.
Стаяць на цвёрдай глебе гл. стаяць.
Траціць глебу пад нагамі гл. траціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адле́гласць, ‑і, ж.
1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.
2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.
•••
Трымаць на адлегласці гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Мераючы, аддзяліць або адзначыць пэўную колькасць чаго‑н. Адмераць тры літры малака. □ Участак, які адмерала Вера, запісалі на яе імя. Галавач. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. // Разм. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць. Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды. Колас. // Разм. Лічачы, панесці каму‑н. пэўную колькасць удараў бізуном, шомпалам і пад. Дарэмна.. [Лявон] ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.
1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.
2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.
3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
арда́, ‑ы, ДМ ‑дзе; мн. орды, ‑аў; ж.
1. Назва дзяржаўных утварэнняў, якія вылучыліся пасля драблення мангольскай дзяржавы Чынгісхана, а таксама стаўка, месцазнаходжанне яе правіцеляў. Залатая арда. Крымская арда. Астраханская арда. // Назва саюзаў вандроўных плямёнаў.
2. Мангола-татарскае войска, якое ўварвалася ў межы старажытнай Русі. // Пра полчышчы азвярэлых варожых войск. Фашысцкія орды. □ Паўстань, народ, злучы ўсе сілы Супроць тэўтонскае арды, Супроць пачвары тупарылай, Што нішчыць сёлы, гарады! Колас.
3. перан. Шумны і неарганізаваны натоўп, зборышча. Наляцелі скурадзёры — Паны чорнаю ардой. Танк.
[Ад цюрк. ordu — палатка хана.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
астудзі́ць, астуджу, астудзіш, астудзіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць халодным або халаднейшым. Астудзіць ваду. □ А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні. Асіпенка. Паліць гарачае сонца, І вецер яго не астудзіць. Танк.
2. перан. Разм. Стрымаць, суцішыць сілу, палкасць якога‑н. пачуцця, жадання і пад. От што значыць час: ён можа астудзіць, патушыць самы вялікі пажар пачуццяў. Сабаленка. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Колас. Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)