скрыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам. Скрыпучыя дзверы. Скрыпучы снег. □ Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата. Брыль. Аднойчы раніцою Яўмен Шчырык павёз зяця на скрыпучай фурманцы да чыгуначнай станцыі. Пянкрат. // Рэзкі, падобны на скрып (пра голас, гукі). Скрыпучы голас. Скрыпучы смех. □ З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. За душу браў скрыпучы крык драча ў алешніку на рэчцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадні́зу, прысл.

Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссячы, ссекчы.

2. у знач. прым. Высечаны; адсечаны. Землеўласнікі сталі збіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коней, цягалі іх па судах за ссечаны лес. Колас. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.

3. у знач. прым. Пасечаны, з выбоінамі. Яе думай, што забыў лучыну І нізкі ссечаны парог. Бураўкін.

4. у знач. прым. Здробнены секачом. Ссечаныя буракі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стулі́ць, стулю, стуліш, стуліць; зак., што.

1. Шчыльна сціснуць, заплюшчыць (пра губы, вочы і пад.). — Папала мне з-за цябе, таварыш Сучок, — сказаў Журавінка і губы стуліў. Лобан. Сінічкін стуліў вочы, нібы хочучы падрамаць, і тут перад вачыма раскінулася пясчанае поле, а на ім — лён, неабдымныя прасторы лёну, а пасля — бульба, кармавая морква, буракі. Пестрак.

2. Звесці, злучыць разам. Сафрон стуліў гармонік, ён раўнуў усімі галасамі апошні раз і сціх! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

талкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Разм.

1. Гутарыць, гаварыць. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Колас. Я неўзаметку зноў стаў талкаваць пра туман, пра вясну, схіліў гутарку на дзяўчат. Пташнікаў.

2. Растлумачваць што‑н. [Марцін Трайны:] — Што .. [Руневіч] не бачыць, што вы за чалавек? Ды ўжо ж і мы з Сяргеем яму не раз талкавалі. Звальняцца хоча. Брыль. Разумнаму шмат талкаваць не трэба. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.

2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапе́за, ‑ы, ж.

1. Агульны стол для яды ў манастыры, а таксама прыём яды (абед, вячэра) за такім сталом і сама яда. // Уст. Наогул стол для яды, а таксама прыём яды і сама яда. З домам зліваўся шырокі, крыты ганак са скругленымі слупамі. Улева ад яго ішла веранда. Тут у цёплыя дні вясны і лета спраўляў свае трапезы бацька Уладзімер. Колас.

2. Тое, што і трапезная (гл. трапезны ў 2 знач.).

[Ад грэч. trapeza — стол.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа служыць прыкладам для іншых; дасканалы, паказальны. Узорны парадак. Узорная школа. □ — Дзякуй, дачка, за ўзорную службу, — па-бацькоўску павіншаваў .. [Кацю] генерал. Алешка. Куды ні зірні: на кухню, дзе рыхтуецца корм жывёле, у кароўнік, у цялятнік — усюды ўзорная чыстата і парадак. «Беларусь».

2. Разм. Тое, што і узорысты. Жалеза з узорным ліццём Абнесла тут ліпы і клёны. Калачынскі. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́з, прысл.

1. У той жа момант, імгненна; раптам. Машына фыркнула пакрыўджана клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася. Быкаў. Андрэй змоўчаў, бо сварка магла разгарэцца ўраз. Чарнышэвіч.

2. За адзін прыём, адразу. Люся зірнула ў вочы Гарбачову, нібы хацела ўраз разгадаць, што задумаў гэты чалавек. Шашкоў. Зрэдку, калі вецер ураз замятаў чалавечыя сляды, атрад хадзіў у далёкія, цёплыя вёскі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)