забыццё, ‑я, н.

1. Страта ўспамінаў аб кім‑, чым‑н. Героям няма забыцця. □ Дні адплывалі ў забыццё, Міналі зімы, леты. Прынеслі іншае жыццё У край глухі Саветы. Смагаровіч.

2. Стан непрытомнасці, трызнення. Малая стогне і ўсхліпвае. І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах. Брыль.

3. Стан дрымоты; паўсон. Зноў наплывала забыццё, і самі павольна сплю[шчв]аліся вочы. Галавач.

4. Стан глыбокай задуменнасці, адлучанасці ад усяго навакольнага. [Пятро Мікалаевіч] доўга сядзеў у забыцці на калодцы, да болю сціскаючы рукамі галаву. Данілевіч. Ад вулічнага спакою прыйшло лёгкае забыццё. Вінцусь не адганяў гэтага забыцця, нават рад быў яму. Галавач.

5. Стан моцнага душэўнага ўзрушэння, калі чалавек перастае кантраляваць свае дзеянні. [Аляксей] ляжаў у шалёным забыцці і са злосцю думаў, што трымае сябе вельмі брыдка. Карпаў. [Лявон Жалейка] быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. Гурскі.

•••

Аддаць забыццю гл. аддаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́шча, ‑ы, ж.

1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.

2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.

3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.

4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Адкінуць у адваротным напрамку светлавыя прамені. Азёрная гладзь адлюстравала святло месяца.

2. Узнавіць, перадаць чый‑н. вобраз на сваёй люстранай паверхні. Сажалка адлюстравала пышныя кароны пахіленых вербаў, колеры неба. Галавач. Тады хмарка папрасіла сонейка: — Адлюструй мяне, калі ласка, на тым вунь загончыку ільну! Карпюк. // Адбіць, перадаць у вобразах ці паняццях аб’ектыўную рэальнасць (пра здольнасць чалавека пазнаваць навакольны свет).

3. Увасобіць у мастацкіх вобразах; абмаляваць, паказаць. Раскрываючы вобраз Гушкі, К. Чорны праўдзіва, глыбока і шматгранна адлюстраваў супярэчлівы і пакутны шлях беларускага сялянства ў рэвалюцыю. Луфераў. // Перадаць, ахарактарызаваць сутнасць, змест, унутраныя асаблівасці чаго‑н. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін.

4. Паказаць якім‑н. вонкавым выяўленнем. Яго твар адлюстраваў нястрымную радасць. Погляд дзяўчыны адлюстраваў парыў душы і хваляванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.

1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.

2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.

3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.

4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.

2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.

3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.

4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.

2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.

3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.

4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́сіць, мушу, мусіш, мусіць; незак.

1. Падлягаць прымусу, быць прыняволеным да чаго‑н., не маючы магчымасці зрабіць інакш. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супроць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарм[ір]авання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Колас.

2. Быць абавязаным зрабіць што‑н. Таварышы падтрымалі свайго старэйшага, і Прохар мусіў падпарадкавацца. Новікаў. [Лакота:] — Па-баявому, па-ваеннаму так.. Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі. Назаўжды цябе забыць я мушу — Ты ж, прашу, забудзь мяне навек. Непачаловіч.

3. у форме інф., у знач. пабочн. Мабыць, напэўна, відаць; магчыма. На свеце, мусіць, нічога няма мацнейшага за прывычку. Баранавых. Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў. Васілёк замаўчаў.. Мусіць, думаць пачаў, Чаго вецер шуміць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паварочваць — павярнуць (у 1, 3–6 знач.) і паварочвацца (у 1 знач.) — павярнуцца (у 1, 2 знач.). // Поза, у якой знаходзіцца цела або частка цела. [На фотакартках] са сцяны, у розных паваротах, паглядалі прыгожыя маладыя твары. Ракітны. // Пераход ад адной пары года да другой. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. Месца, дзе дарога, рака, вуліца і пад. паварочвае, адхіляецца ўбок. Выйсці з-за павароту. □ Праз колькі хвілін параход схаваўся за паваротам ракі. Краўчанка. Машына рванулася ўперад і знікла за паваротам. Чарнышэвіч.

3. перан. Поўная змена ў развіцці, у становішчы, у ходзе чаго‑н. Паварот у жыцці. Паварот падзей. Паварот размовы. □ Варвара і разгубілася і абрадавалася адначасова ад такога нечаканага павароту справы. Васілевіч.

•••

Ад варот паварот — катэгарычная адмова на чыю‑н. просьбу, зварот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.

1. Намачыць, змачыць злёгку, трохі. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Шамякін. // Зрабіць зусім мокрым; вымачыць. Сагнуўшы ногі, [Андрэй] пачуў, што мокрыя калені: памачыў у расу, калі ішоў ля жыта. Пташнікаў. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі памачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Лынькоў.

2. Разм. Прыгубіць. Галя памачыла губы і адставіла [шклянку]. — Што гэта вы — і за сябе не хочаце выпіць? Сабаленка. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Чарнышэвіч.

3. Апусціць ручку з пяром у чарніла, чарніліцу. Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарні[лі]цы пяро і выразна .. вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу. Колас.

4. і без дап. Мачыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)