адлюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
1. Адкінуць у адваротным напрамку светлавыя прамені. Азёрная гладзь адлюстравала святло месяца.
2. Узнавіць, перадаць чый‑н. вобраз на сваёй люстранай паверхні. Сажалка адлюстравала пышныя кароны пахіленых вербаў, колеры неба. Галавач. Тады хмарка папрасіла сонейка: — Адлюструй мяне, калі ласка, на тым вунь загончыку ільну! Карпюк. // Адбіць, перадаць у вобразах ці паняццях аб’ектыўную рэальнасць (пра здольнасць чалавека пазнаваць навакольны свет).
3. Увасобіць у мастацкіх вобразах; абмаляваць, паказаць. Раскрываючы вобраз Гушкі, К. Чорны праўдзіва, глыбока і шматгранна адлюстраваў супярэчлівы і пакутны шлях беларускага сялянства ў рэвалюцыю. Луфераў. // Перадаць, ахарактарызаваць сутнасць, змест, унутраныя асаблівасці чаго‑н. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін.
4. Паказаць якім‑н. вонкавым выяўленнем. Яго твар адлюстраваў нястрымную радасць. Погляд дзяўчыны адлюстраваў парыў душы і хваляванне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)