адкры́ць, -ры́ю, -ры́еш, -ры́е; -ры́ты; зак., што.

1. Тое, што і адчыніць.

А. хату.

А. вокны.

2. Зрабіць даступным для чаго-н., раскрыць, распячатаць, адкаркаваць і пад.

А. кансервы.

А. бутэльку А. пісьмо.

3. Раскрыць, разамкнуць.

А. кніжку.

А. ноты.

А. вочы.

4. Зняць што-н. зверху, агаліць.

А. твар.

А. грудзі.

5. Увесці ў дзеянне, пусціць што-н.

А. газ.

А. ваду.

6. Выявіць, паведаміць адкрыта, не тоячыся, што-н.

А. праўду.

А. свае планы.

7. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго-н.

А. дарогу новаму.

8. Пачаць што-н., пакласці пачатак якім-н. дзеянням, дзейнасці.

А. сход.

А. рахунак.

А. тэатральны сезон.

А. агонь (пачаць страляць).

9. Устанавіць наяўнасць, існаванне чаго-н. у выніку даследавання.

А. залежы вугалю.

А.

Амерыку (перан.: сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома; іран.).

10. Заўважыць невядомыя да гэтага здольнасці, якасці.

А. у сабе талент.

|| незак. адкрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адкрыццё, -я́, н. і адкрыва́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

быль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.

2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абла́ва, ‑ы, ж.

Паляванне, пры якім месца, дзе знаходзіцца зверына, акружаецца, ачэпліваецца паляўнічымі і загоншчыкамі. Аблава на ваўкоў. □ Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву. Чарот. // Акружэнне якога‑н. месца з мэтай злавіць каго‑н. Акружылі мы прымежны гай, Пачалі на ворагаў аблаву. Панчанка. У часе блакады ў горадзе таксама былі праведзены масавыя аблавы і арышты. Няхай. // Пра асоб, якія робяць аблаву. Даўно аблавай прачасаць пара Аколіцы бароў, глухую гаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абсы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; зак.

1. Абваліцца, сыплючыся. [Корзун] напэўна не спяшаўся — сляды былі акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкі абсыпаліся не больш, чым у астатніх. Шыцік.

2. Пакрыцца, усеяцца мноствам чаго‑н. Зорамі абсыпалася начное неба. Чарнышэвіч. // перан. Разм. Займець многа дзяцей. А як падрос [Барыс] — дык і зусім у ярмо ўпрогся, дзецьмі абсыпаўся, галотай... Нікановіч.

3. Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). Лісце даўно абсыпалася з дрэў. Бядуля.

абсыпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да абсы́пацца.

2. Зал. да абсыпа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць лёгкага (у 1–5 знач.). Светлая абліцоўка надавала .. [дому] лёгкасць. Шахавец. Я ведаю вашу [пілотаў] паходку: Разлічаны крок і размах І лёгкасць у жэстах кароткіх, Якой не ўладае і птах. Глебка. Са здзіўляючай лёгкасцю Ірына магла спакойна круціцца цэлы вечар на танцульках, хоць заўтра трэба было ісці здаваць чарговы залік. Краўчанка.

2. Пра стан унутранай свабоды, радасці, спакою. Таццяна слухала маладога чалавека, і незвычайная лёгкасць апаноўвала яе. Васілёнак. Даўно не адчуваў Пракоп такой лёгкасці, такога спакою душы, як цяпер. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.

1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.

2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.

•••

Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Прыносіць шкоду ​1 (у 1 знач.), наносіць урон, страту. [Слаўка:] — Мы павінны прыстасавацца да новых умоў і як мага больш шкодзіць ворагу. Новікаў. Але на практыцы выходзіць, Што і цялятам часта шкодзіць Залішне многа малака. Крапіва. // Перашкаджаць, замінаць. Хацеў садоўнік што-небудзь зманіць, які-небудзь незвычайны камплімент чалавеку сказаць, — не выйшла. Слоў не знайшлося, і шкодзіла пачуццё няёмкасці, якога ён даўно не адчуваў. Лось.

•••

Не шкодзіць (не шкодзіла б) каму з інф. — патрэбна, неабходна; нядрэнна б зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Навесці зброю на якую‑н. цэль. Салдаты маланкай сіганулі ўбок і заляглі.., нацэліўшы вінтоўкі на дзверы. Лынькоў. Падбег фашыст,.. пацэліў сваю кароткую стрэльбу, і ўсе жанчыны пабеглі прэч. Маўр. // Накіраваць што‑н. на каго‑, што‑н. [Вавёрка] даўно заўважыла чалавека. Прыціхла, нацэліла свае вочкі-вішанькі і сочыць! Кандрусевіч.

2. перан.; каго-што. Даць пэўны напрамак, накіраваць да якой‑н. мэты. Нацэліць на дасягненне высокіх паказчыкаў у працы. □ Хлопцы разлажылі на стале карту. Куды нацэлілі сваю армію партызанскія генералы? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)