скна́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Надзвычай скупы чалавек. [Патржанецкі:] — А Сорка яго, выбачайце, такая скнара... Над кожным кавалкам дрыжыць. Чарнышэвіч. [Грышка:] — Нельга быць такім скнарам, як твой бацька. Ён табе шкадуе кавалка хлеба, а не тое, што каму-небудзь. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снатво́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае сон. Снатворны сродак. □ Адразу пасля абеду Сямён Львовіч прыняў снатворны парашок, запіў яго кампотам і заснуў. Гарбук. // перан. Вельмі нудны. Снатворная п’еса.

2. у знач. наз. снатво́рнае, ‑ага, н. Лякарства, якое выклікае сон. Вось вы мне жадаеце, доктар, спакою, Снатворнае мне прапануеце. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́пуха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Абл.

1. Вусце печы і пад. Сопуха печы. □ Ціхон узяў клешчамі даўгаваты прэнт жалеза і сунуў яго ў сопуху горна. Сабаленка.

2. Сажа. Лахматыя камякі дыму кружацца між небам і зямлёю. Вось-вось — лезе сопуха ў ноздры, у рот, труціць чадам. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сос 1, выкл.

Міжнародны радыёсігнал аб бедстве суднаў ці самалётаў.

[SOS — бесперапыннае паўтарэнне трох кароткіх і трох доўгіх сігналаў па азбуцы Морзе, пераасэнсаванае ў англійскі выраз Save Our Souls — ратуйце нашы душы.]

сос 2, ‑у, м.

Разм. Нікацінавая смала, якая застаецца пасля курэння ў цыбуку люлькі. — Гэта, брат, не так лёгка, — выступіў стары Сёмка, краснабай і заядлы курэц. Ён так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаі́чна, прысл.

Як стоік (у 2 знач.), як уласціва стоіку; стойка, мужна. І тым не менш, непакорлівы дух дзядзькі, яго паэтычная душа, закаханая ва ўсё прыгожае, стаічна вытрымлівалі нягоды і выпрабаванні лёсу. Майхровіч. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́йшына, ‑ы, м.

1. Гіст. Кіраўнік радавой абшчыны, які выбіраецца са старэйшых і самых паважаных яе членаў.

2. Самы вопытны, спрактыкаваны, паважаны член якога‑н. калектыву. Мы ўсе любілі яго [Якуба Коласа]. Маладзейшыя літаратары, мы часта раўнавалі свайго старэйшыну да людзей, якіх ён лічыў сябрамі. Брыль.

•••

Савет старэйшыя гл. савет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сузіра́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сузіраць.

2. Паглыбленасць у свой унутраны духоўны свет.

3. У філасофіі — пачатковая ступень пазнання, пачуццёвая форма адлюстравання рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Ад жывога сузірання да абстрактнага мыслення і ад яго да практыкі — такі дыялектычны шлях пазнання ісціны, пазнання аб’ектыўнай рэальнасці. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумбу́рны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены яснасці, паслядоўнасці, парадку; блытаны, хаатычны. Помню, я сказаў, што Дастаеўскі здаецца мне вельмі панурым пісьменнікам, што людзі ў яго хваравітыя, і настрой у творах нездаровы, і стыль нейкі сумбурны — нібы сядзеў і пісаў, пісаў, не вельмі абдумваючы раней. Мележ. // Поўны мітусні, сумятні. Сумбурны дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.

Разм. Тое, што і сум. Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая неадольная сумота і нават крыўдна рабілася за сваё становішча. Кулакоўскі. Марына слухае ў сумоце, А ў думках ёй карціць адно. Колас. Нудныя дні насталі для яго [Ігнася]. Сумота. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схематызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Падаць (падаваць)3 апісаць (апісваць), паказаць (паказваць) што‑н. у схематычным адцягнена-спрошчаным выглядзе, у агульных рысах. Скажуць: мы схематызуем вобраз, мы адрываем інтымнае жыццё чалавека ад яго грамадскай сутнасці. Думаем, што такія закіды не маюць пад сабой ніякай падставы. Бярозкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)