прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.
1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.
2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.
[Ад лац. praetendere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што і без дап.
Выклікаць радасць, прыносіць радасць. Але ў той жа час Кузняцова радавала тое, што з такім чалавекам можна ісці любой дарогай, нават самай цяжкай... Пташнікаў. [Ад’езд] і радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Тым часам разведка збірала апошнія звесткі. Яны не радавалі. Дзенісевіч. // (у спалучэнні з назоўнікамі «вока», «слых», «сэрца» і пад.). Быць прыемным, даваць асалоду. За імі [праспектамі] ўзрунелыя густа палі Зялёнымі хвалямі радуюць вока. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разява́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑вакай (‑аю), ж.
Разм.
1. Той, хто бяздумна прыглядаецца да каго‑, чаго‑н. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў. На тратуарах спыняліся разявакі, праводзячы вачыма салдат. Гурскі.
2. Тое, што і разява. — Няхай не будзе разявакам і кладзе грошы так, каб не губляць, — даводзіў Толя. Пальчэўскі. Азіраюся назад, на свае сляды, і бачу на тым месцы, дзе круціўся, раздушаны грыб. А-я-яй, разявака... Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саладжа́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З прысмакам салодкага; саладкаваты. Саладжавы кісель. □ Вёска, наскрозь прапахлая саладжавым водарам жытнёвых снапоў, жыла рэдкімі галасамі, рыпеннем веснічак і колаў фурманак, нейкімі ўздыхамі і шапаценнем. Б. Стральцоў. Піва не ішло, нібы яно было нейкім гаркавым, ні то задужа саладжавым. Лынькоў.
2. перан. Празмерна ветлівы, да прыкрасці ласкавы. Не! Ты не той саладжавы сват, Што суліць да скону ціш ды лагоду. Барадулін. // Які вызначаецца фальшывай пяшчотнасцю. Паліне зрабілася непрыемна ад яго саладжавай усмешкі, яна заспяшалася і развіталася суха. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свісту́н, ‑а, м.
1. Той, хто свішча, любіць свістаць. Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. Сяркоў.
2. перан. Чалавек, які шмат гаворыць, а мала робіць, які несур’ёзна адносіцца да справы; балбатун. Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды І гэтай вудавай маруды, Во вуды любяць больш паны І, выбачайце, свістуны. Колас. Свет.. [Мані] зачыніўся, як прыехаў гэты свістун [Антось Бандура]. Васілевіч.
•••
Арэх-свістун гл. арэх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сець, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і сетка (у 1–3 і 6 знач.). Сець гатова ўжо ў рыбака І агледжаны леташні човен. Астрэйка. Смех гэткі маюць толькі дзеці Ды людзі з яснаю душой; І ён, як жа[ў]ранак той, Звінеў і ўжо кахання сеці Нячутна нішчыў. Багдановіч. Ён [свабодны голас] праз дратоў калючых сеці, Як сонца свет, пераліецца На шыр палёў, на край дарог... Танк. Дождж сеці светлыя развесіў, Разлінаваўшы далягляд. Прануза. [Брыль:] — Краіна пакрываецца сеццю электрастанцый і ўзнікаюць волаты-заводы, фабрыкі і цэлыя гарады. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак., што.
1. Выкарыстаць як ежу. — Лепей бы мы іх [яйцы] спажылі, — жалкавала Куліна. — Каб жа знаццё тое, нізавошта не пакінулі. Даніленка. [Пушкарэвіч:] — Забіць — забіў, але спажыць не ўдалося. Качка ўтапілася. Гурскі.
2. Зрасходаваць, выкарыстаць, ужыць для сябе. Ты многа спажыў з той скарбніцы дабра. Вярні І папоўні, што сам з яе браў. Чарнышэвіч. Свет вялікі, усюды месца чалавеку хапае. І людзі жылі-пажывалі, ніякага ліха не зналі. Што сваімі рукамі зрабіў, тое і спажыў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страло́к, ‑лка, м.
1. Той, хто ўмее страляць, хто страляе. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлопец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок, і пан трымаў яго сваім паляўнічым. Машара. Калі ж бывае вольны дзень, Дзе там спачын такой натуры. Хлапцоў на стрэльбішча вядзе [Аляксей], — Першы стралок і фізкультурнік. Чарот.
2. Ваеннаслужачы пяхотнага войска, узброены агнястрэльнай зброяй. Пачаў .. [Іван Якаўлеў] службу салдатам-стралком. «Беларусь». Галоўны з .. [дыверсантаў] быў асаджаны куляй выдатнага стралка радавога Бандарэнкі. Брыль. // Баец, які вядзе стрэльбу з танка або самалёта. Стралок-радыст.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́слы, ‑ая, ‑ае.
1. Выкладзены коратка, у нямногіх словах; лаканічны. [Дыспетчар] дакладна памятае, хто па якой машыне ездзіць, дасць сціслую характарыстыку кожнага. Шынклер. Вельмі сціслую і ў той жа час вельмі, глыбокую ацэнку зборніку «Безназоўнае» даў Я. Колас. Шкраба.
2. Кароткі ў часе. Вельмі сціслыя тэрміны ўводу ў дзеянне нафтаперапрацоўчага гіганта патрабавалі каменнай цярплівасці, нечуванай загартоўкі. Мыслівец.
3. Спорны, дробны, з невялікімі прамежкамі паміж словамі, літарамі (пра почырк, тэкст). Калі б можна было гэтыя графы, запоўненыя сціслым почыркам доктара, замяніць малюнкам перажытага! Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)